Мінскія адрасы Ніла Гілевіча

Naviny.by вырашылі прайсціся па мінскіх адрасах Ніла Гілевіча, а нашым правадніком стаў родны брат паэта.

Народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу сёння споўнілася б 85 гадоў. Прайшло паўгода з дня смерці, але ўсё яшчэ нязвыкла казаць пра яго ў мінулым часе.

Фота almanah-dzmuhavec.narod.ru

Naviny.by вырашылі прайсціся па мінскіх адрасах Ніла Гілевіча, а нашым правадніком стаў пісьменнік, журналіст і перакладчык Мікалай Гіль, родны брат паэта.

 

У 1947 годзе Ніл Гілевіч паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Крупскай. Тады яно размяшчалася ў будынку на вуліцы Захарава, 59. На апошнім курсе студэнт працаваў у адной з мінскіх школ.

“Не толькі ў школе падпрацоўваў, кожнае лета ездзіў важатым у піянерскі лагер “Будаўнік”, які быў недалёка ад вёскі Ваўковічы”, — распавёў Мікалай Сымонавіч.

 

Атрымаўшы чырвоны дыплом па заканчэнні вучылішча, Ніл Гілевіч паступіў у БДУ. І вось яго наступны сталічны адрас: вул Свярдлова, 34 — і дагэтуль інтэрнат № 1 БДУ. Толькі цяпер ён кватэрнага тыпу, а тады ўсё было вельмі сціпла.

Мне так пашанцавала, што калі сам паступіў у БДУ, то першыя два гады вучобы жыў у адным пакоі з братам, — падзяліўся Мікалай Гіль.

 

У 1957 годзе Ніла Гілевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. У той час гэта быў статус! У тым жа годзе 13 ліпеня Ніна Кавалёва і Ніл Гілевіч спалучаліся шлюбам.

“Разам са студэнтамі ў той дзень я ад'язджаў на Цаліну збіраць ураджай. Вясельнае застолле было ў доме мамы Ніны Іванаўны, яны жілі на Чкалава. Толькі стаўшы членам СПБ, брат атрымаў сваё жыллё — гэта быў пакойчык 9 метраў ў кватэры на агульнай кухні ў доме на рагу праспекта, акно выходзіла на будынак МУС”, — падзяліўся Мікалай Сымонавіч.

 

Наступны адрас сям'і Гілевічаў — вул. Кузьмы Чорнага, 12. Гэта была невялікая двухпакаёвая асобная кватэра.

 

У 1969 годзе Гілевічы атрымалі прасторную трохпакаёвую кватэру ў знакамітым “доме пісьменнікаў” на Карла Марса, 36. Кватэра, трэба сказаць, з гісторыяй. Раней у ёй жыла сям'я Івана Мележа, потым — Івана Навуменкі.

 

У будынку па пр. Незалежнасці, 77 з 50-х гадоў мінулага стагоддзя размяшчаліся рэдакцыі рэспубліканскіх газет і часопісаў. Тут з 1958 па 1963 гады Ніл Гілевіч працаваў літаратурным кансультантам газэты “Звязда”. У гэтым жа будынку знаходзілася рэдакцыя часопіса “Вожык”, з якой супрацоўнічаў паэт. Пад “шапкай” часопіса ў 1988 годзе была выдадзена паэма “Сказ пра Лысаю гару” Ведзьмака Лысагорскага. Шмат пазней Ніл Гілевіч прызнаўся, што ён — аўтар гэтай шырокавядомай паэмы.

 

Будынак на Чырвонаармескай, 6, дзе некалі месціўся філфак БДУ

Філфак БДУ — месца вучобы і шматгадовай працы Гілевічаў. Абодва яны абаранілі кандыдацкія дысертацыі, толькі Ніл Гілевіч меў пасаду прафесара, а Ніна Гілевіч — дацэнта. А для студэнтаў яны былі любімымі выкладчыкамі.

 

У 1980-1989 гады Ніл Сымонавіч быў першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР. Пісьменніцкі штаб размяшчаўся ў Доме літаратара на Фрунзе, 5. Якія спрэчкі там часам кіпелі!

“Помню, як пасля аднаго пленума праўлення Саюза пісьменнікаў, на якім я выступіў з дакладам (было гэта ў 1988-м, у вельмі напружаны час перабудовы), прыйшоўшы дадому, я не змог утаіць ад Ніны Іванаўны пахмурнага настрою”, — радкі з аповесці Ніла Гілевіча “Добры анел беларускасці”.

 

Ніл Гілевіч быў членам прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Асабліва ярка заявіў пра сябе ў палітыцы з пачатку перабудовы. Ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета XI і XII склікання (1985-1995 гг.) і ўзначальваў камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны ў 1990-1995 гг.

 

Офіс ТБМ на вул. Румянцава

Усе пасады для Ніла Сымонавіча былі сродкам захавання і папулярызацыі беларускай мовы, нашай гісторыі і культуры, развіцця нацыянальнай самасвядомасці людзей. Яго нават абвінавачвалі ў стварэнні Таварыства беларускай мовы. Як жа! Гілевіч далучыў да стварэння ТБМ не толькі Саюз пісьменнікаў, але і профільныя міністэрствы, навуковыя ўстановы. Але гэта геніяльны ход: прыцягнуць “цяжкавагавікоў” для стварэння ТБМ.

У тыя гады Таварыства было вельмі магутнай арганізацыяй. Зараджалася хваля цікавасці да роднай мовы, ведаць яе стала калі не модна, дык прэстыжна. Але і колькі ўсяго рабілася для папулярызацыі мовы, для вяртання беларусам нацыянальнай самасвядомасці. А якія чытанні ладзіў Ніл Сымонавіч з калегамі ў скверы Янкі Купалы! Нават не памятаю, якія абставіны маглі б прымусіць прапусціць імпрэзу.

І апошні менскі адрас Ніла Гілевіча — Кальварыйскія могілкі. У дзень нараджэння да яго прыйдзе шмат людзей, але і ў іншыя дні “да Гілевіча” знаходзяць дарогу тыя, хто верыць, што “і усё ж мы дойдзем, дойдзем мы ды Беларусі”.

 

P.S. Вечар, прысвечаны 85-годдзю Ніла Гілевіча, абудзецца 4 кастрычніка ў музеі Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а). У ім возьмуць удзел калегі, сябры, родныя і блізкія паэта. Пачатак у 18:30, уваход вольны.

 

Фота Сяргея Балая

  


  • Yanus Malets
    клёвый материал!
  • клёвый материал!
  • клёвый материал!
  • клёвый материал!