Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Хрысціянская адукацыя па-беларуску

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Беларусь — краіна-настаўніца.

Беларусы з Бібліяй у руках стагоддзямі вучылі ўсю Усходнюю Еўропу — на царкоўнаславянскай, лаціне, польскай, грэцкай, старабеларускай. Кірыла Тураўскі, Іван Федаровіч, Сімяон Полацкі, Пятро Магіла, Мялет Сматрыцкі настаўлялі народы, быццам класы. Беларускае выкладанне Святога Пісьма, беларускую азбуку, граматыку, лексіку, юрыспрудэнцыю, этыку, літаратуру і музыку ў вялізнай гуманітарнай школе засвойваў цэлы славянскі свет. Вобраз вучыцеля ў самой Беларусі стаў хрэстаматыйным — а навучаныя нацыі, як і належыць, настаўнікаў хутка забылі.

Увесь сэнс унікальнага беларускага настаўніцтва заключаўся ў апостальскім, душпастырскім выкладанні. Сутнасна хрысціянская, талерантная, з моцным дарам самазабыўнага служэння, Беларусь зрабілася нацыяй-прапаведніцай — бо настаўніцтва куды больш катэгорыя духу, чым розуму.

Беларусь пачала выкладаць рана — у Полацку Еўфрасінні, Тураве Кірылы, Смаленску Кліма й Аўрамія, галоўных цэнтрах сярэднявечнай хрысціянскай асветы. У той самы час, калі заходнееўрапейскі каталіцызм змагаўся з альбігойцамі, засноўваў інквізіцыю і абвяшчаў крыжовыя паходы, а бізантыйскае праваслаўе заглыблялася ў крывавыя міжусобіцы за догмы ды пасады — беларускае хрысціянства ператваралася ў місіянерскую кафедру евангельскага вучэння ў самым цэнтры Еўропы.

Увесь Новы Запавет нашай гісторыі — час апостальства. Пачынаючы з XVI ст., духоўна сталая Беларусь вучыла суседнія народы ў іхнім юнацтве: расейцаў, палякаў, украінцаў, жмудзінаў, малдаванаў. За апошнія паўтысячы гадоў Беларусь давала хрысціянскія ўрокі і немцам, і палякам, і французам, і яўрэям. Біблія Скарыны, 1517 г., «Катэхізіс» Буднага 1562 г., Берасцейскі шэдэўр Радзівіла 1563 г., «Буквар» Федаровіча 1574 г., «Лексіс» Лаўрэна Зізанія 1596 г., «Алгарытм, або навука лічбы» Яна Карчана 1602 г., «Граматыка Славянская» Мялета Сматрыцкага 1619 г., «Дыдаскалія» Сільвестра Косава 1637 г. — галоўныя міжнародныя падручнікі тае эпохі.

Адзін толькі Ілля Капіевіч, навучэнец знакамітай Слуцкай кальвінскай гімназіі, падрыхтаваў і выдаў для Расіі блізу двух дзясяткаў кнігаў навучальнага і асветніцкага характару: па граматыцы, арыфметыцы, астраноміі, гісторыі, а яшчэ першую ў Маскоўшчыне мапу зорнага неба, а яшчэ шэраг слоўнікаў, а яшчэ распрацаваў грамадзянскі шрыфт, якім карыстаецца цяпер увесь кірылічны свет! Сімяон Полацкі вучыў расейскіх цароў, а ягоны «Псалтыр рыфматворны» разам з «Граматыкай» Сматрыцкага называў брамай сваёй вучонасці Міхайла Ламаносаў.

Наш Іван Ужэвіч у 1643 г. выдаў сваю «Граматыку» у Парыжы — на замову кардынала Рышэлье для ўпарадкавання тагачаснай французскай мовы на прыкладзе старабеларускай.

Тадышняя беларуская адукацыя — гэта Віленскі Універсітэт, найстарэйшы і найбуйнейшы на Ўсходзе Еўропы, у якім адным напрыканцы XVIII ст. вучылася столькі ж студэнтаў, колькі ва ўсіх ВНУ Расійскай імперыі, разам узятых; захапляючая канкурэнцыя брацкіх праваслаўных, кальвінісцкіх школаў, вуніяцкіх, піярскіх, езуіцкіх калегіюмаў.

Закон Божы — ў аснове ўсіх ведаў. Дэталі кшталтавалі ісціну ў міжканфесійным спаборніцтве і літаратурнай палеміцы. Перад гэтым настаўніцтвам, быццам студэнты з уваходам прафесара, павінная ўстаць з-за партаў уся сярэднявечная Еўропа! Адукацыя, аплодненая духоўнасцю, нараджала ў Беларусі настаўніцкія феномены сусветнага значэння: Полацкую езуіцкую Акадэмію, дзе выкладалі свяцілы Еўропы і Амерыкі; юдэйскія іешывы ў Валожыне, Міры, Слуцку, прадмет асаблівага шанавання любога прававернага яўрэя на планеце Зямля, канспірацыйныя таварыствы філаматаў ды філарэтаў у Віленскім Універсітэце, якія далі нацыянальных герояў адразу некалькім краінам.

Беларусь магла навучыць нават мядзведзя: згадайце знакамітую Смаргонскую акадэмію.

А ўсё таму, што Беларусь мяняла душы народаў не столькі ведамі, колькі верай і любоўю.

Настаўнікі з Беларусі засноўвалі цэлыя культурныя школы ў суседзяў і пакідалі па сабе пляяды бліскучых вучняў: Міцкевіч і Дастаеўскі ў літаратуры, Глінка і Манюшка ў музыцы, Шагал і Малевіч у мастацтве. Гены нацыянальнага настаўніцтва прывялі доктара філасофіі, матэматыка і пісьменніцу беларуску Соф'ю Кавалеўскую да пасады першай у свеце жанчыны-прафесара — у Стакгольмскім Універсітэце, у 1884 г.

Акупацыі апошніх стагоддзяў вынішчалі беларускую духоўнасць і беларускую эліту — і адначасова забівалі беларускае настаўніцтва. Як толькі беларуская адукацыя губляла хрысціянскую соль, рабілася чужамоўнай і свецкай — яна ніякавела, і атрымлівала «двойкі» ад тых жа Польшчы, Францыі, Расеі.

Савецкае настаўніцтва, у сваёй масе атэізаванае, запалоханае й прыніжанае — «бюджэтнікі»! — проста не праходзіла  жыццяў вялікіх нацыянальных вучыцеляў. Толькі нямногія разумелі галоўную аксіёму: маральны аўтарытэт не можа быць бязбожным. Разумнае, добрае, вечнае творыць не перадача інфармацыі, а менавіта настаўленне душы.

Адсюль — і настаўніцкія фальсіфікацыі на выбарах, і якасць сучаснага выхавання.

Беларускаму настаўніцтву трэба зноў адчыніць Біблію ў Евангеллі паводле Мацвея, 28 раздзел, вершы 19-20: «Дык ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам...»

Так сказаў Настаўнік.

Бо верыць у Бога, любіць і вучыць — вось яна, простая, як само Евангелле, метадалогія класічнага беларускага настаўніцтва.

 

 

З кнігі «Люблю Беларусь»

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 


  • Акупацыі апошніх стагоддзяў вынішчалі беларускую духоўнасць і беларускую эліту — і адначасова забівалі беларускае настаўніцтва. Як толькі беларуская адукацыя губляла хрысціянскую соль, рабілася чужамоўнай і свецкай — яна ніякавела, і атрымлівала «двойкі» ад тых жа Польшчы, Францыі, Расеі. ==== ==== Павел, я прочёл. Но вы маленькой вилкой копаетесь в огромном чане белорусского винегрета.