Для беларускіх дзетак выдалі кніжку-сувенір

Выданне казкі “Дуб і крумкач” аздоблена выцінанкай.

Напярэдадні Новага года шмат людзей набывалі падарункі ў кніжных крамах. Заўважыла, што ёсць з чаго выбіраць і для дзяцей, у тым ліку на роднай мове.

“Скажыце, ці ёсць у вас кніжка з вышыванкай, казка дзіцячая”,— пыталася жанчына ў прадаўца, але тая толькі разводзіла рукамі. На дапамогу прыйшла старэйшая калега і запыталася ў пакупніцы: “Можа, кніжка з выцінанкай?” Высветлілася, што менавіта так — шукаюць кніжку-сувенір “Дуб і крумкач”.

Яшчэ раней я ўбачыла гэту прыгожую кніжку ў аўтара Алены Стэльмах і, карыстаючыся знаёмствам, атрымала яе ў падарунак з аўтографам для дзіцяці сваёй сяброўкі.

Пакуль ехала дадому, прачытала казку “Дуб і крумкач”. Мне яна спадабалася. Найперш, прыгожым беларускім словам. Ну і цікавая вокладка, створаная вядомым мастаком Уладзімірам Лукашыкам, які адмыслова шукаў такі літаратурны твор, каб яго можна было аздобіць у стылі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Потым яшчэ дзве кніжкі набыла для знаёмых дзетак — Насты і Веранікі. І вось цяпер, у краме зразумела, што пра кніжку пайшла пагалоска, стала цікава даведацца, ці спадабалася яна дзецям.

Шасцігадовая Наста з’ехала з бацькамі на адпачынак. А яе 76-цігадовая прабабка сказала, што асабіста ёй кніжка не надта спадабалася.

“Пісьменнік павінен не ставіць пытанні, а адказваць на іх, тлумачыць дзецям, што добра, а што дрэнна, — катэгарычна заявіла жанчына. — А тут няма ніякага рэзюмэ — думай, што хочаш. Адно добра: малая зацікавілася выцінанкай і мы з ёй да ад’езду нарабілі сняжынак — дзяўчына павінна быць гаспадыняй, умець з нічога ўпрыгожыць жытло”.

Сямігадовай Вераніцы кніжка спадабалася, дзяўчынка таксама разам з мамай асвоіла тэхніку выцінанкі. Цікава, што Вераніка — малодшае дзіця ў сям’і, яе старэйшаму брату — 27 гадоў, сястры — 18. Маці дзяўчынкі кажа, што “Дуб і крумкач” — добрая сучасная казка.

“Тое, што было дзівам для сына, сярэднюю дачку ўжо не ўражвала, — кажа жанчына. — Гэты інфармацыйны ціск, пад якім мы жывем, адбіваецца і на дзецях: цяперашняе сямігадовае дзіця — гэта як старэйшы ў год 12. Пры тым, што хлопец быў выдатнікам, займаўся ў гуртках і спартыўнай секцыі, шмат чытаў — у нас і па сёння культ кнігі ў доме. Я лічу, што пісьменніца добра ведае, які інтэлектуальны узровень у сучасных дзяцей, і яе твор яму адпавядае”.

Сапраўды, каму як ні Алене Стэльмах ведаць запатрабаванні сучасных дзяцей, бо і ў яе сям’і падобная сітуацыя: старэйшай дачцы Вікторыі 29 гадоў, а малодшай Маргарыце — 12. У пісьменніцы тры ўнучкі: трэцякласніца Эмілія, першакласніца Маша і Надзейка, якой яшчэ і годзік не споўніўся.

Фота з асабістага архіва Алены Стэльмах

Самую цікавую рэцензію на казку “Дуб і крумкач” выдаў васьмігадовы Андрэйка: “Крумкач упікае дуб, што той усё жыццё на адным месцы жыве, не бачыў свету. Ведаеце, я хацеў бы быць Дубам, але з крыламі Крумкача. Я хачу вандраваць з бацькамі, а потым вяртацца дадому”.

 

Выціна́нка (абласныя назвы выразанка, выстрыганка) — ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы. Від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У беларускай культуры найбольш пашыраныя аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. У Беларусі ХІХ —першай палове ХХ ст. выцінанкі ўжываліся для афармлення жылля, выкарыстоўваліся як частка аздаблення інтэр’ера на святы.