Уладзімір Някляеў: канфлікт вакол Курапат наўмысна створаны ўладай

Другі тыдзень цягнецца процістаянне ў Курапатах паміж актывістамі, якія пратэстуюць супраць узвядзення побач з месцам масавых сталінскіх рэпрэсій новага офіснага цэнтру, і будаўнікамі, за спінамі якіх фактычна стаяць гарадскія ўлады.

Зараз будаўніцтва прыпыненае, і з афіцыйнага боку ёсць шэраг сігналаў пра гатоўнасць да дыялогу з абаронцамі Курапат. Ці ня ёсць гэта проста тактыкай улады па змяншэнню пратэстных настрояў? Каб “выпусціць пару”, а потым, калі грамадская актыўнасць спадзе, давесці будаўнічыя планы да завяршэння?

— Ва ўлады нявыкрутка, — лічыць Уладзімір Някляеў, знакаміты беларускі паэт, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, адзін з лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Ён — у ліку нямногіх апазіцыйных лідэраў, якія штодня наведваюць лагер абаронцаў Курапат. Лукашэнка вярнуўся з Сочы, з «гонкі за Пуціным» без ніякага прызу. Цяпер надзея выключна на «прыз» Міжнароднага валютнага фонду. Надзея хісткая, таму прымяніць сілу, рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў любой пратэстнай акцыі — дзеянне на злом галавы. Прычым, сваёй. Вось прычына і больш-менш чалавечых паводзінаў сілавых структур падчас апошніх пратэстных акцый, і дзіўных, амаль ліберальных матываў у дзяржаўных СМІ.

Але ўсё гэта скіраванае не на кардынальнае выпраўленне сітуацыі, не на сапраўды дэмакратычныя змены ў краіне, а выключна на самавыратаванне рэжыму, які патрапіў у эканамічную багну і спрабуе ўсялякімі хітрыкамі сам сябе выцягнуць за валасы. 

— Старшыня Мінгарвыканкаму Шорац прапанаваў правесці «круглы стол» па праблеме Курапатаў з удзелам іх абаронцаў. Вы пайшлі б на такія перамовы?

— Не. Я — не абаронца Курапатаў. Абаронцы Курапатаў — Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, Уладзь Яроменак, Алесь Кіркевіч, Вольга Нікалайчык ды іншыя хлопцы і дзяўчаты, якія днём і ўночы мерзнуць на скразным ветры і дажджы, адстойваючы тое, што для іх святое. Я ж — проста чалавек, які іх падтрымлівае ў гэтым.

Зрэшты, калі Шорац патэлефануе Дашкевічу і запросіць яго да «круглага стала», з ім я прыду. Але ж такога не будзе. І не таму, што, маўляў, зашмат гонару. Проста на такое ў нашых чыноўнікаў кішка тонкая.

— А чаму іншыя палітыкі не падтрымліваюць абаронцаў Курапатаў гэтак актыўна, як вы? Губарэвіч, Вештард, Караткевіч, Калякін, Мілінкевіч?.. Чаму побач з вамі там няма, як звычайна, вашага паплечніка Міколы Статкевіча?

— За усіх не адкажу. Што ж да Статкевіча, пра якога мяне часта пытаюць, дык найпрасцей было б адказаць: бо яго няма гэтымі днямі ў Мінску. Што праўда. Але справа больш складаная.

Калі прайшла інфармацыя пра чарговую забудову ў Курапатах, калі там з'явіліся першыя абаронцы і стала зразумела, што вакол Курапатаў ствараецца новы канфлікт, мы з ім абмеркавалі гэтую сітуацыю. Адна з высноў была такой: канфлікт наўмысна створаны ўладай, каб пратэстнай хваляй «Курапаты» хоць неяк збіць пратэстную, значна большую і небяспечную для рэжыму хвалю «дармаеды».

Падобнае, між іншым, было ў 2001 годзе — літаральна праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў, пратэстная хваля пасля якіх узнялася даволі высока. І разлілася якраз па Курапатах.

Зусім магчыма, што рэжым вырашыў скарыстацца тым жа прыёмам. Надта ж аператыўна былі падрыхтаваныя (падробленыя) для забудоўшчка неабходныя паперы: «Капай!» Статкевіч перакананы ў гэтым цалкам, я — не. А калі б і быў перакананы, дык пасля таго, як сталі на лапіку курапацкай зямлі яе абаронцы, проста нельга не стаць побач з імі.

Мо гэта праблема лідэрства? Маўляў, вось я, прызнаны лідар вулічных акцый, а тут іншы…

— Праблема лідарства была, ёсць і будзе. Пад бульдозер кладзецца адзін чалавек, а да «круглага стала» з Шорцам ідзе іншы. Але ў дадзеным выпадку прычына тая, пра якую я сказаў. Больш істотная.