Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Хрысціянства і дэмакратыя без незалежнасці

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Пасля аб’яднання ВКЛ з Польскай каронай у Рэч Паспалітую напрыканцы ХVІ стагоддзя канструкцыя хрысціянскіх асноваў і шляхецкай дэмакратыі ў Беларусі пачала разбурацца — разам з незалежнасцю.

З аднаго боку, польская каралеўская ўлада імкнулася да абсалютызму і ўніфікацыі, а найбольш моцная рэлігійная канфесія ў аб’яднанай дзяржаве — Касцёл — да падаўлення і падпарадкавання іншых хрысціянскіх веравызнанняў. Знакам гэтага часу было давядзенне да абсурду прынцыпу “ліберум вета” шляхтай ды магнатамі, што руйнавала увесь дзяржаўны механізм і вяло да анархіі. Пачаўся рост рэлігійнай нецярпімасці — і ўмяшанне суседніх дзяржаваў у канфесійнае змаганне ўнутры Рэчы Паспалітай.

Баланс міжканфесійнага хрысціянскага трыадзінства, з такой цяжкасцю дасягнуты ў ВКЛ 14-16 стст, і выпрацаваная стагоддзямі традыцыя раўнавагі заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў ды мясцовага самакіравання быў моцна парушаны — і гэта спрычынілася да заняпаду ўсёй дзяржавы: Рэч Паспалітая не вытрымала выпрабаванняў сацыяльнымі забурэннямі і войнамі.

Разам з тым, да дасягненняў хрысціянства у спалучэнні з палітычнай думкай эпохі РП належаць і сама ідэя “рэспублікі абодвух народаў”, і выкарыстанне знакамітага Статуту ў якасці асноўнага закону аўтаномнага ВКЛ, і дзейнасць каталіцкіх ордэнаў, праваслаўных брацтваў і пратэстанцкіх школаў — не адно ў сферы рэлігіі, але і ў сацыяльнай, культурнай, гаспадарчай, і ўплыў беларускай хрысціянскай дэмакратычнай традыцыі на Польшчу ды Расію, і дасягненне самай паспяховай за 1000 гадоў расколу рэлігійнай вуніі, і грандыёзная кніжная палеміка 17 стагоддзя вакол ідэі хрысціянскага адзінства і хрысціянскай дзяржавы.

Мікалай Радзівіл Чорны, Мікалай Радзівіл Руды, Леў Сапега, Астафей Валовіч, Жыгімонт Аўгуст, Ян Караль Хадкевіч. Канстанцін Астрожскі — галоўныя палітычныя лідэры беларускага Залатога веку імкнуліся спалучыць хрысціянства і дэмакратыю.

Акупацыя Беларусі Расійскай імперыяй напрыканцы ХVIIIстагоддзя прадвызначыла знішчэнне рэшткаў беларускай дзяржаўнасці і агульны ўпадак шматканфесійнага хрысціянства. Вунія была выкараненая, рыма-каталіцтва абмежаванае, пратэстанцтва зведзена да жмені суполак пад адпаведным наглядам, а замест жывога беларускага праваслаўя з дэмакратычнымі брацкімі традыцыямі насаджаная маскоўская артадоксія з усімі яе характэрнымі рысамі.

Менавіта таму беларуская нацыянальна-вызвольная барацьба XIX стагоддзя — і ў форме паўстанняў, і ў выглядзе культурніцкага адраджэння — вялася з пазіцыяў хрысціянскай веры і народаўладдзя. Постаці Кастуся Каліноўскага, рыма-каталікоў Францішка Багушэвіча й Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, вуніята (а затым і праваслаўнага) прафесара Міхаіла Баброўскага альбо менскага лютараніна доктара Вільгельма Гіндэнбургa — найбольш яскравае сведчанне хрысціянскага і дэмакратычнага характару беларускіх абуджэнняў апошніх 250 гадоў. Выхадцы з Беларусі — Адам Міцкевіч, Юзаф Крашэўскі, Хведар Дастаеўскі, Генрык Сянкевіч і іншыя — імкнуліся змяніць і польскае грамадства, і расійскую дзяржаву праз моцны хрысціянскі зарад і ўвагу да патрэбаў народа.

Адным з яскравых сведчанняў глыбіннай беларускай хрысціянскай дэмакратыі стаў знакаміты Антыалкагольны рух 1846-59 гадоў, пачаты ў беларускіх паветах, па цэрквах і касцёлах. За некалькі год ён ахапіў 32 губерніі Расійскай імперыі і прывёў як да масавага працверазення простага люду, так і да хвалі самакіравання — стварэння таварыстваў, гаспадарчых каапэратываў, школаў.

Напрыканцы 19 ст. імперыя ўжо ўспрымала беларускія землі як неад’емную частку — нездарма нават назва “Беларусь” была забароненая, і замест яе выкарыстоўвалася паняцце “Северо-Западный край”. Але сілы веры і свабоды тлелі ў тоўшчы народа. Наступны, ХХ век адразу ў некалькіх тэктанічных разломах раптоўна ўскрыў гэтае полымя — і зноў вывеў на гістарычную арэну Беларусь хрысціянскую і дэмакратычную.

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 


  • Неужели такой сильный напряг с публицистами, что взялись книгу Северинца репостить?
  • Оппозиционер- новая хорошо оплачиваемая профессия.