«Праз такіх людзей на зямлю прыходзіць Бог». Свята паэзіі памяці Анатоля Сыса

Традыцыйныя паэтычныя чытанні праводзяцца ў двары дома, дзе нарадзіўся і рос літаратар.

20 мая ў вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён) у дванаццаты раз прайшло свята паэзіі памяці Анатоля Сыса. Мерапрыемства адбылося з ініцыятывы Саюза беларускіх пісьменнікаў і родных паэта. У Гарошкаў прыехалі літаратары і аматары паэзіі, сябры і родныя Сыса з Мінска, Гомеля, Рэчыцы і Светлагорска.

Традыцыйныя паэтычныя чытанні праводзяцца ў двары дома, дзе нарадзіўся і рос літаратар, з 2006 года. Анатоль Сыс пайшоў з жыцця 4 мая 2005 года.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч заўважыў, што прыемна бачыць кожны раз новых людзей, гэта значыць, што свята паэзіі жыве, як і памяць пра геніяльнага паэта. Ён пазнаёміўся з Сысам ужо ў дарослым узросце, пасля заканчэння ўніверсітэта, на вечарыне ў Гомелі, дзе сабраліся прыхільнікі беларушчыны. Анатоль Сыс стаяў ля вытокаў заснавання «Талакі», якая і па сёння дзейнічае ў Гомелі і гуртуе маладых людзей, неабыякавых да культуры, мовы, гісторыі роднага краю.

Старшыня СБП падкрэсліў, што ўсе вершы Сыса былі лепшымі, выбранымі і слабых вершаў у паэта не было.

«Здаецца, многія яшчэ не могуць зразумець, што такіх сыноў, як Сыс, зямля рэчыцкая яшчэ, можа, не мела, і трэба захоўваць памяць пра яго, каб як мага больш людзей магло далучыцца да яго творчасці. Гэты час, гэты лад не назаўжды, як пісаў паэт, і таму прыйдуць лепшыя часы, і гэта свята будзе адзначацца на высокім дзяржаўным узроўні», — заўважыў Пятровіч.

Барыс Пятровіч (злева)

СБП мае намер з цягам часу выдаць кнігу ўспамінаў пра Анатоля Сыса і змяніць фармат правядзення свята паэзіі ў Гарошкаве. На думку Пятровіча, на мерапрыемстве павінна гучаць больш вершаў, а ў хаце паэта трэба адкрыць музей.

«Арганізацыя і рэгістрацыя музея — складаная справа, і тут без дапамогі дзяржавы не абысціся. Сёння дзяржава неахвотна робіць крокі насустрач грамадскім ініцыятывам, але не трэба спыняцца і рабіць усё магчымае, каб музей тут быў», — лічыць пісьменнік.

на магіле Анатоля Сыса

Першы раз на радзіме Сыса і на свяце быў паэт Алесь Ліпай. Ён узгадаў, як сустракаўся з Анатолем незадоўга да яго гібелі, і як шмат размаўлялі, у тым ліку і пра смерць, чыталі вершы. Ліпай прачытаў верш, які чытаў 12 гадоў таму пры апошняй сустрэчы з Сысам.

Алесь Ліпай

«У Анатоля былі свае адносіны з Богам, праз такіх таленавітых людзей, такога таленавітага паэта, як ён, на зямлю прыходзіць Бог», — лічыць паэт. Ён прачытаў свае вершы, прысвечаныя смерці, жыццю, Богу і Беларусі.

Успамінамі пра адзіную сустрэчу з паэтам падзяліўся літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч. Сыс для пакалення сённяшніх 30-гадовых быў легендай, і маладыя паэты лічылі за гонар сустрэцца з ім, але той напрыканцы жыцця не так часта бываў у Мінску.

«Ён памёр, і пахаванне якраз супала з 9 мая, калі ў Мінску быў моцны дождж, залева, па горадзе хадзілі адзінокія ветэраны, з калонак гучала «Этот день победы порохом пропах», а мы аплаквалі нашу паразу, смерць Сыса. Гэта вельмі важны паэт для усёй беларускай літаратуры, ён будзе чытацца, і яго энергія, укладзеная ў вершы, нікуды не падзелася, яна штораз выпраменьваецца, калі чытаеш яго кнігі», — выказаўся крытык.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры ГДУ імя Ф.Скарыны Іван Штэйнер параіў арганізатарам свята шукаць новыя формы, прыцягваць больш людзей.

Іван Штэйнер

«Анатоль крочыў ад рэальнага жыцця ў свет легендаў і міфаў, нам патрэбна збіраць гэтыя міфы і, магчыма, ствараць новыя, каб узняць постаць Сыса да высокага ўзроўню. Варта шукаць новыя формы, выбіцца са звычайнай каляіны, і па-новаму зрабіць свята», — лічыць прафесар.

Яго калега Анжэла Мельнікава нагадала словы філосафа Валянціна Акудовіча пра тое, што Сыс быў і ёсць самым пасіянарным і энергаёмістым беларускім паэтам, і па энергіі паэтычнага радку яму саступяць і Купала, і Багдановіч. Выкладчыца падзялілася, што Сыс сярод студэнтаў філфака — любімы паэт і зараз.

Анжэла Мельнікава

Алесь Камоцкі

На свяце, апроч вершаў і ўспамінаў, прагучалі песні ў выкананні Алеся Камоцкага і Зміцера Захарэвіча.