Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Гняздо ксяндзоў-беларусаў

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Да пачатку рэвалюцыйных падзеяў 1917 года і ў колішняй сталіцы ВКЛ, занятай немцамі Вільні, і ў старажытнай Гародні, і ў Беластоку, і ў губернскім прыфрантавым Менску, і ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Мікалая ІІ, тлелі агмяні беларускага хрысьціянскага руху — найперш каля касцёлаў і ў асяроддзі свядомай інтэлігенцыі.

“Беларускі нацыянальны каталіцкі рух пачаўся ў дзвюх вучэльнях: у Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вучылася і беларуская моладзь (часцей за ўсё сялянскага паходжання). У гэтых вучэльнях утварыліся беларускія гурткі. У 1911 г. рэктар Віленскай семінарыі афіцыйна прызнаў існаваньне беларускага гуртка і дазволіў яму мець беларускую бібліятэчку. У Каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу беларускі гурток стварыўся ў 1912 г., а ў 1914 г. ужо налічваў 70 сяброў і меў вялікую бібліятэку, у тым ліку каталіцкія кнігі і часопісы. Дзейнасць гуртка была актыўнай дзякуючы падтрымцы прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы”, — піша прафесар Анатоль Грыцкевіч у працы “Пачаткі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”.

Ядро масавай нацыянальнай хрысціянска-дэмакратычнай партыі на момант гістарычных зрушэнняў склалася усё-такі не на рассечанай фронтам, спустошанай і скрываўленай беларускай зямлі, а ў сталіцы імперыі і калысцы рэвалюцыі — Санкт-Пецярбургу, у 1914-м перайменаваным у Петраград.

Прычынаў было некалькі. Найперш, любая грамадcкая (а пагатоў беларуская) дзейнасць па абодва бакі ад лініі фронту успрымалася і расейскімі, і нямецкімі вайсковымі й тылавымі структурамі з падазрэннем — і найчасцей жорстка падаўлялася.

Па-другое, менавіта Петраград быў сэрцам агромністай дзяржаўнай машыны і перавалачнай базай вайны: велізарныя масы жаўнераў і афіцэраў, інжынераў, рабочых, гандляроў, чыноўнікаў, а таксама уцекачоў штодня віравалі на ягоных вакзалах, вуліцах ды установах.

Па-трэцяе, паколькі сталіца імперыі ўжо 200 гадоў высмоктвала інтэлектуальныя, творчыя, навуковыя сілы з ускраінаў — менавіта там гуртаваліся самыя здольныя, амбітныя, актыўныя асобы. І нарэшце — без цара, занятага ў Стаўцы, якраз Петраград з 1915 года ператвараўся ў эпіцэнтр апазіцыйнага, дэмакратычнага, а затым і рэвалюцыйнага руху.

Сапраўдным “гняздом” БХД стаўся беларускі гурток Пецярбургскай духоўнай акадэміі, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя навучаліся на ксяндзоў найбольш адораныя хлопцы з Беларусі.

Заснаваў гэты гурток у 1912 годзе Люцыян Хвецька. Паводле сведчання навучэнца акадэміі ксяндза Адама Станкевіча, менавіта ён пачаў сталыя сустрэчы і заклаў асновы арганізацыі, у якую напачатку увайшлі сямёра: “…Л.Хвецька, А.Цікота, П.Пякарскі, С.Шырокі, Францук, І.Жаўняровіч, В.Гадлеўскі”. У 1913-м гурток быў зарэгістраваны афіцыйна, кіраўніком стаў П.Пякарскі, сакратаром — В.Гадлеўскі, з 1916 году сакратарства пераняў Адам Станкевіч.

Гэты гурток усталяваў сувязі са студэнтамі-беларусамі Пецярбургскага універсітэту і пачаў ладзіць супольныя сходы на кафедры ксяндза Францішка Будзькі.

Апекуном і душой гэтай беларускай паводле формы і хрысціянскай паводле зместу супольнасці стаў прафэсар Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. Ураджэнец Полаччыны, навуковец энцыклапедычнага розуму, даследчык беларускай даўніны, рэдактар першага зборніку вершаў Янкі Купалы, Эпімах-Шыпіла быў адначасна глыбокім вернікам. Вольна размаўляў на лаціне, ведаў і выкладаў старажытнагрэцкую — і лічыў, што Беларусі найперш патрэбныя  пасвечаныя і адукаваныя духоўныя правадыры.

З ягонай ініцыятывы беларусы Петраграда заснавалі легендарнае выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якое пачало выдаваць масавымі накладамі надзённую беларускую літаратуру, і стварылі дабрачыннае Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Пры гуртку была закладзеная беларуская бібліятэка (фундавала Магдалена Радзівіл), створаны хор, працавалі гістарычная і літаратурная секцыі, выходзіў часопіс “Светач”.

У гэтым гуртку мы ўпершыню знаёмімся з будучымі лідэрамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і агулам усяго беларускага руху міжваеннага часу — айцом Фабіянам Абрантовічам, будучым рэктарам Каталіцкай духоўнай семінарыі, ксяндзамі Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Францішкам Будзькам, Аляксандрам Астрамовічам (Андрэем Зязюлям), заснавальнікам “Крыніцы” Люцыянам Хвецькам, будучым генералам ордэну марыянаў Андрэем Цікотам, будучым грэка-каталіцкім біскупам, пакутнікам Антонам Неманцэвічам, гераічнымі святарамі Міхалам Пятроўскім, Віктарам Шутовічам і многімі іншымі.

Апошні пункт статуту гуртка сцісла фармуляваў дэвіз будучай беларускай хрысціянскай дэмакратыі: “Буду ісці з воклічам у вуснах: “З Богам для народу!”.

Божы провід своечасова падрыхтаваў “новыя мяхі для новага віна”. Бо неўзабаве грымнула Лютаўская рэвалюцыя, расейскае самадзяржаўе рухнула, і ў віры падзеяў згуртаваная апостальская каманда святароў-беларусаў з Пецярбургскай акадэміі дзейнічала зладжана, арганізавана і ў адным духу.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 


  • Это всё за гроши и не какой тут политики.