Уладзімір Падгол. ПАМІЖ РАДКОЎ. Дзьве навіны: горшая і яшчэ больш…

Уладзімір ПАДГОЛ

Уладзімір ПАДГОЛ

Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю агенцтву ТАСС расказаў пра свае погляды на будучае развіццё Саюзнай дзяржавы:

«Занадта аптымістычным, калі шчыра, сёння быць падстаў няма. Занадта аптымістычным. Але ж працэс пайшоў. І спыніць яго будзе практычна немагчыма. Нікому. Пасля нас — мяне, Пуціна — прыйдуць жа іншыя людзі. І я думаю, што не дай бог нам пасля сябе пакінуць тэндэнцыю да пагаршэння. Калі мы пакінем тэндэнцыю да паляпшэння, прыйдуць на гэтай хвалі новыя людзі, якія, можа быць, змогуць зрабіць шэраг крокаў, якія нас аб'яднаюць і з'яднаюць».

З гэтага выказвання можна зрабіць некалькі высноваў.

Па-першае, Лукашэнка да скону ці да канца свайго прэзідэнства не збіраецца завяршыць пабудову Саюзнай дзяржавы Расія-Беларусь.

Па-другое, Лукашэнка бачыць у перспектыве стварэнне Саюзнай дзяржавы Расія-Беларусь і, адпаведна, ліквідацыю незалежнасці і суверенітэту Беларусі. Бо ў іхнай дамове ў Саюзнай дзяржаве мусіць быць адзіная тэрыторыя, адзіныя кіраўнічыя ворганы, бюджэт, валюта, заканадаўства… Усё гэта пярэчыць Канстытуцыі Беларусі.

Лукашэнку ўжо сёння можна вінаваціць, а можа і судзіць, за парушэнне Канстытуцыі.

Але ж ніхто з лідараў апазыцыі ні ў Беларусі, ні замяжой ні слова ні паўслова не сказаў пра антыканстытуцыйнасць Вышэйшай дзяржрады Саюзнай дзяржавы, якая прайшла некалькі дзён таму. Маўчаць і дысыдэнты. Калі так будзе працягвацца, тады незалежнасць Беларусі сканае пад заклікі “Жыве Беларусь!”.

Вось і міністр МЗС Макей на з’ездзе перад беларусамі свету шакаваў лічбаю:

«…тое, што больш за 70 адсоткаў падтрымліваюць існаванне самастойнай незалежнай дзяржавы, хочуць жыць у самастойнай незалежнай дзяржаве — гэта многае значыць».

А што насамрэч гэта азначае? Уяўляеце плён працы за 23 гады кіраўніка незалежнай дзяржавы — 70% апытаных за незалежнасць. Гэта можа азначаць, што напрыканцы кіравання дыктатара перад утварэннем Саюзнай дзяржавы за незалежнасць будзе толькі пару адсоткаў?!

Дарэчы, калі Макей казаў пра тое, што нас (беларусаў) яднае, ён назваў «тое, што з’яўляецца нябачнай, але вельмі трывалай повяззю. Гэта любоў да Беларусі, да яе культуры, традыцый, духоўнай спадчыны». Мець незалежную дзяржаву для міністра МЗС не чыннік яднання?

Адзінае, на што можна спадзявацца ў гэтых варунках, гэта на распад Расіі і адпаведна апошняй дыктатуры ў Еўропе. Тады Беларусь не сканае.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.