Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Беларусізацыя і масавы рух

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Вайна сканчвалася, большасць беларусаў вярталася дахаты. 25 лютага 1918 года Менск занялі немцы.

Напачатку ў Менску хрысціянская дэмакратыя мела польска-беларускі характар, і, нягледзячы на тое, што палякі складалі ў ёй меншасць, называлі яе Польскай хадэцыяй.

5 верасня 1918 года на ініцыятыву ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які служыў вікарыем у Катэдры, менскія хадэкі пастанавілі арганізаваць самастойную ХДЗ. Магчыма, гэта было адной з прычынаў, дзеля якіх касцёльная ўлада ўжо 8 верасня перавяла Гадлеўскага ў Нясвіж, але праз некалькі тыдняў у Менск прыбыў Фабіян Абрантовіч, прызначаны рэктарам Менскай каталіцкай духоўнай семінарыі, і пераняў кіраўніцтва хадэцыяй.

На той момант у Менску існавала тры вялікія суполкі ХДЗБ : Кафедральная, якая аб’ядноўвала 500 чалавек, і яшчэ дзве (праўдападобна, Чырвонага касцёла і Таварыства міласэрнасці), у кожнай з якіх налічвалася да 80 актывістаў (“Крыніца” 1918, №3).

Улетку 1917 года, падчас аб’езду той часткі Віленскай дыяцэзіі, якая заставалася ў складзе Расеі, на ўсход ад лініі фронту, біскуп Эдвард Роп дазволіў казаць у касцёлах беларускія казанні – і заахвоціў стварэнне хрысціянска-дэмакратычных  гурткоў  пры парафіях. Відавочна, БХДЗ у вачох біскупа было працягам ягонай справы ў Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Беларускія ж ксяндзы, якія і дамагаліся дазволу, неадкладна пачалі працу.

Першай суполкай БХДЗ у глыбінцы быў гурток у Дзісне, закладзены ўлетку 1917 года ксяндзом Вінцэнтам Ташкуном. Тады ж ксёндз Адам Станкевіч заснаваў гурток у Друі: сустрэчы адбываліся штонядзелі і штосвята ў кляштарных мурах. Неўзабаве ў выніку працы Станкевіча ўзніклі гурткі ў Іказні (сучасны Браслаўскі раён) і Барадзенічах (Мёрскі раён), якія вёў ксёндз Віктар Шутовіч.  Нарэшце, вялікі асяродак БХД склаўся ў Шаркаўшчыне пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Пятроўскага.

 6-7 жніўня 1918 года ў Германавічах тагачаснага Дзісненскага павету (сёння Шаркаўшчынскі раён) прайшоў з’езд дэканальнага касцёльнага кліру, дзе была прынятая пастанова спрыяць дзейнасці Хрысціянскай дэмакратыі і развіваць у краі беларускае школьніцтва.

Такім чынам, усходняя Віленшчына, з воссю дарогі з Вільні на Полацк, сталася сапраўдным хрыбтом  хрысціянскай дэмакратыі, прычым у народнай тоўшчы, на вёсцы. Якраз адсюль БХДЗ пачала пашырацца на ўсход, захад і поўдзень.

У 1919 годзе БХДЗ пашырыла свой уплыў на Ашмяншчыну, дзе пачаў плённа працаваць пробашч у Барунах  Міхаіл Пятроўскі. На Гарадзеншчыне ў 1919-20 гадах разгарнуў хадэцкі рух Язэп Германовіч (Ваўкавыскі павет). На Берасцейшчыне (Шарашова і Вялікае сяло Пружанскага павету) ідэі БХД распаўсюджваў ксёндз Францішак Рамэйка. У ваколіцах Вільні плённа працавалі Ян Пазняк, дзед Зянона Пазняка (Лаварышкі) і Казімір Фалькевіч (Тургелі), на Полаччыне і Віцебшчыне (Ушачы, Ула, Бешанковічы)  - ксёндз Язэп Барадзюля.

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

 

Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения».