У віцебскім касцёле Хрысту пакланяюцца Абама і Пуцін

Незвычайныя малюнкі ўпрыгожваюць залю касцёла святога Антонія ў Віцебску.

Тот самы касцёл. Фото «Народныя навіны Віцебска», Барбара Церашкова.

Касцёл святога Антонія ў Віцебску, дзе за савецкім часам быў Дом культуры глуханямых, зараз усё больш набывае рысы сакральнага месца. Тут працягваецца рэканструкцыя, з «нулявых» будынак прадвызначаны на культурна-рэлігійны цэнтр, у залі на другім паверсе праводзіцца святая імша.

Пра гісторыю святыні і яе незвычайнае ўнутранае ўпрыгожванне Naviny.by пагутарылі з пробашчам касцёла Вячаславам Барком.

Калі былі скончаныя «брудныя» працы і падышлі да этапу ўнутранага ўпрыгожання, то была прынятая канцэпцыя так распісаць залю, каб адлюстраваць ва ўсім барацьбу, якая адбываецца паміж цемрай і святлом, паміж сіламі дабра і зла ў гэтым свеце. За працу ўзяўся мастак Уладзімір Кандрусевіч.

Ажыццявіць канцэпцыю былі пакліканы шэры і белы колер, якія гэтую барацьбу падкрэсліваюць. Шэры — гэта пасрэднасць, «банальнасць зла», гэта цемра. Але хоць ва ўпрыгожванні галоўныя адценні — шэрыя, то калі заходзіш у святыню, першае, што кідаецца ў вочы — гэта перадусім канечне святло, якое прабіваецца скрозь шэрасць на столі, зробленай у 3D, адбіваецца ад цёмнай падлогі і такіх жа лавачак.

Узор кіруецца на алтар, ад якога святло ідзе да чалавека, на Хрыста Ўваскрослага — гэта цэнтральны персанаж гісторыі.

«Цемра не ёсць у стане схаваць святло. Якая б не была вялікая цемра ў гэтым свеце, святло ўсё-такі мацнейшае. Тут белы колер рэзка выбіваецца — і пасля бачым Хрыста, як святло, — апісвае цэнтральны алтарны роспіс пробашч. — Тут адмыслова перамешана ўсё: гісторыя, сучаснасць, людзі ў моднай вопратцы, анёл з бас-гітарай...»

«Злева бачым персанажы з гісторыі збаўлення — Марыю, Святога Юзафа, бачым вучняў Хрыста. Яны не здзіўленыя, што Хрыстос прыходзіць, бо былі ўвесь час у чаканні гэтага. З правага боку бачым людзей, якіх Хрыстос застаў знянацку, некаторыя спрабуюць уцячы ад святла, бо іх жыццё — гэта цемра, яны не могуць святла ўспрыняць. А дзяўчына на роспісе — яна некуды ішла, бегла, мела свой рытм жыцця, але святло, якое прыходзіць у гэты свет, вырывае яе з гэтага жыццёвага кантэксту. Яна ўжо затрымалася, зараз ёсць толькі гэты момант, толькі яна і Хрыстос».

Таксама на роспісе — жаўнеры, якія спяць. Яны сімвалізуюць рымскіх жаўнераў, якія вартавалі магілу, дзе зараз таберакулум, але вопратка ў іх сучасная.

Анёлы з левага боку ў традыцыйнай трактоўцы і ўспрыняцці — з крыламі і гэтак далей, а справа — анёлы з музычнымі інструментамі і нават бас-гітарай.

«Некаторых гэта здзіўляе – ну, ладна анёлы са скрыпкай, ці тамтамам, але як гэта — бас-гітара? Я кажу, што я там не быў, не ведаю, але не можа быць, каб у Валадарстве Божым не гучала музыка для кожнага чалавека. Для Бога няма нічога немагчымага. Але тым не менш, калі нейкі аўтарытэт скажа, што няма там бас-гітары, і ён там быў — то я папраўлю», — смяецца Вячаслаў Барок.

На бакавым роспісе адлюстравана гісторыя хрысціянства на Беларусі і на віцебскай зямлі. Тут — фрэска з падзеямі хрышчэння гэтых зямель Торвальдам-Вандроўнікам, які прыбыў з гэтай місіяй у Полацк.

Унізе — роспіс, што прыгадвае пра святога біскупа Юзафата Кунцэвіча, які аддаў сваё жыццё за адзінства царквы і пацярпеў ад нянавісці людской.

Насупраць — фрэска з падзеямі, калі манахі-бернардынцы былі выгнаныя з Віцебску. Яны заснавалі тут кляштар, збудавалі яго спачатку драўляным, потым — цагляным. І вось «рускі салдат» выганяе манахаў.

«Справа ў тым, што ў дзевятнаццатым стагоддзі кляштар бернардынцаў быў зачынены. Гэта была цэлая хваля па закрыцці каталіцкіх манастыроў на нашай зямлі, у тыя часы зачынілі каля дзвесце іх. Таму што рускі цар паслаў сваіх салдатаў, каб адпомсіць за вызваленчае паўстанне, акурат у няміласць трапілі манастыры, таму што яны трымалі адукацыйныя асяродкі, школы, бібліятэкі... Зачыняючы манастыры, наносіўся ўдар не толькі па рэлігійным жыцці, а таксама па жыцці адукацыйным. З такой жа нагоды быў зачынены і Віленскі ўніверсітэт — каб адпомсіць людзям, якім захацелася свабоды і самарэалізацыі», — патлумачыў святар.

Той касцёл святога Антонія быў у цэнтры горада, каля Ратушы. Зараз ёсць ідэя адрадзіць святыню на гістарычным месцы. І аб гэтым — прарочы роспіс. Сучасны Віцебск, сённяшняя вуліца Леніна (раней Саборная плошча) — і там ужо стаіць плот, ёсць нейкі трактар, рыецца катлаван, а на пашпарце аб'екта пазначана, што тут будзе касцёл. Пад плотам будоўлі сядзіць святы Антоній з Езусам.

Цэнтральны роспіс у гэтай каплічцы нагадвае падзею Божага Аб'яўлення. Прыгадваюцца падзеі, калі пакланіцца Хрысту прыйшлі тры мудрацы з Усходу. Згодна з ўсёй канцэпцыяй святыні, тут падкрэсліваецца, што Хрыстос — гэта не толькі гісторыя, але і сучаснасць. На роспісе — Марыя і Юзаф, а за імі замест традыцыйных вала і авечак размешчаны трактар «Беларус».

З аднаго боку Езусу пакланяюцца «свабодныя ад рэчаў людзі» — бяздомныя, з другога — персанажы, якія лічаць сябе «моцнымі гэтага свету».

«Ці мудрацы яны — гэта пытанне, але прыходзяць нейкія кіраўнікі, якія, можа быць, валадараць у гэтым свеце. Але яны прыходзяць з адной мэтай — каб убачыць у Езусе сапраўднага Месію і Збаўцу, бо Ён есць валадаром гэтага свету. Сімвалічна — тры персоны, тры нейкія адарваныя асобы, якія пакланяюцца. А яшчэ дзве асобы стаяць як прадстаўнікі ўлады — ці паліцэйскі, ці міліцыянер і прадстаўнік улады царкоўнай. Кожная ўлада павінна прызнаць, што ёсць адзіная ўлада ў гэтым свеце — улада Божая», — разважае Вячаслаў Барок.

Пра знешняе падабенства асобаў да Пуціна, Абамы і Далай-Ламы ён кажа, што «мастацтва выконвае сваю функцыю».

«Калі чалавек глядзіць на гэты роспіс — ён не застаецца абыякавым, ён пытаецца, цікавіцца, шукае нейкіх алегорый ці алюзій. І гэта добра, што мы развіваем сваю фантазію, гледзячы на гэты роспіс — хто б гэта мог быць? Усе гэта могуць быць. І таксама тыя, каго мы бачым. Але тут проста знешняе падабенства. Ну, так вось выглядаюць кіраўнікі гэтага свету, а як іх прозвішчы і імёны? Сёння мы іх прозвішчы памятаем, а заўтра не будзем памятаць пра іх. Яны сёння ёсць — а заўтра няма. У адрозненне ад Хрыста», — дадаў святар.

Адметныя ў касцёле і стацыі Крыжовага Шляху. Яны выкананыя з матэрыялаў, якія спрачаюцца паміж сабой — старая іржавая бляха і шляхетнае золата.

«І бачым, які рэзананс гэта ўзбуджае. Такія матэрыялы выкарыстаныя, каб надаць напружання падзеям Крыжовага Шляху. Стацыі размешчаны так, што ідуць угару, да Кальварыі, і там Хрыстос займае вышэйшае месца», — падвёў вынік экскурсіі Вячаслаў Барок.

Дарэчы, у касцёле не забыліся на безбар'ерны асяродак. Тут ёсць пандус і ліфт-пад'ёмнік, які спросціць жыццё людзям з абмежаванымі магчымасцямі і маладым бацькам з вазкамі.