Зміцер Ямпольскі. МЫ. За што рэальна гатовы забіць беларус?

Зміцер ЯМПОЛЬСКІ

Зміцер ЯМПОЛЬСКІ

Нарадзіўся ў Менску. Журналіст вольных думак, вольных пачуццяў.

Павінна ж быць нешта, што ўшчэнт разбурае нашу талерантнасць і крычыць: “Хапай ужо сякеру, дурань!” Вядома, не заўсёды тое добра і робіць нас лепш, але спіс мае быць. Зашпіліце рамні: пачынаем топ-6 сітуацый, калі мы патэнцыйна здольныя не на сапраўднае, але ментальнае, ўяўнае забойства.

 

За праявы фашызму

Што б не казалі, але частка нашага калектыўнага несвядомага — гэта Другая сусветная вайна. Дапамаглі тут і гісторыкі, і ідэалогія Лукашэнкі, і ўсе мы. Бо ўсё ж такі, як мінімум, пра кожнага чацвёртага ўсе памятуюць. Адсюль і вынікаючыя варожыя зносіны з фашызмам ды іх прадстаўнікамі. Яшчэ ў дзяцінстве бачыў у Менску надта больш антыфашыстаў, чым скінхэдаў. Прычым першыя натуральна палявалі на апошніх. Зараз жа скіноў сустрэць даволі цяжка, тым больш што за свастыку можна займець і праблемы з міліцыяй.

Вайну, як асклепак гістарычнай памяці, анічым з сябе не выцягнуць, а вось ахвяры яе ёсць і сёння. Некалькі месяцаў таму ў бойкі каля начнога клуба Санкт-Пецярбурга загінуў хлопец з Магілёва... Беларус быў толькі са сваёй дзяўчынай і меў смеласць сказаць кампаніі нашых усходніх суседзяў, каб тыя не зігавалі — не віталі адзін адного, як калісьці салдаты бравага вермахту. Не стрываў. Праз рану ад ляза аднаго з ультраправых расейскіх актывістаў беларус неўзабаве памёр у шпіталі.

 

За смецце

Иллюстрация astrolibra.com

Звернемся ўжо да сучаснай Германіі. Чулі, што беларусаў называюць “усходнімі немцамі”? Праўды тут можа з кілішак і будзе. Спытайце турыста пра Беларусь, і ў тым ліку пачуеце: “Там чыста!”. Некаторыя кажуць, што такога амаль нідзе не бачылі. За апошнія гады мы самі да таго так прызвычаіліся, што калі нейкі доўбня не патрапіць недакуркам у сметніцу — шчыра забіць яго гатова самая лядашчая бабулька. :)

Знаёмыя ўкраінцы з Івана-Франкоўска, што часам наведваюць Беларусь, з адказнасцю сцвярджаюць, што нашыя мытнікі здольныя развярнуць проста з-за бруднай машыны.

Так ці не, але чысціня вуліц — сёння адна з нашых галоўных асаблівасцяў, і тут кожны беларус ганарліва адчувае сябе абаронцам культуры. :) Але ўсё ж такі да тых самых немцаў, якія рупліва сартуюць усё свае смецце, а калі лянуюцца, дык атрымліваюць вялізарныя штрафы, нам яшчэ вельмі далёка. :)

 

За гомасэксуалізм

Фото kpax.livejournal.com

Сорамна, але што маем. Вось дзе дакладна бурыцца хісткі міф пра цярпімасць, як саламяная хатка.

Нават такія вядомыя апазіцыянеры, як Павал Севярынец, не грэбуюць трапіць у скандал па гэтаму скільзкаму пытанню. Паважаны ў пэўных колах палітык нядаўна выгнаў жанчыну па партыі за талерантнасць да геяў у сацыальных сетках. Той рэдкі пункт гледжаньня, ў якім дзікунскія пазіцыі кіраўніка дзяржавы і часткі яго апанентаў цалкам супадаюць. Што даказвае, беларусы — адна з самых кансерватыўных нацыяў на еўрапейскай прасторы. Бы жыхары туманнай Англіі, дзе геяў прымусова лячылі радыяцыяй і іншымі цікавымі сродкамі да канчатку 50-х гадоў.

Але яны змяніліся. А вось мы — калісьці апошнія паганцы Еўропы — сёння гэтаксама застаемся для яе непаразумелымі. Ахоўнікі старажытных сармацкіх звычаяў. :)

Жарты пра гомасэксуалістаў і абразы дазваляюць сабе ўсе — ад прэзідента і апазіцыі да простых жыхароў форумаў. З-за гэткіх абразаў некалькі год таму пасля доўгіх пакут загінуў Міхал Пішчэўскі. Ад нечаканага удару кулаком хлопец страціў 20 адсоткаў мозга пасля хвіліннай сваркі з гомафобам. Прынамсі, па першай версіі следства.

Парады геяў традыцыйна разганяюцца ў Менску больш жорстка, чым некаторыя палітычныя акцыі. Прычым пра лёс затрымыных асабліва не клапоцяцца — ані мясцовыя СМІ, ані грамадзянская супольнасць. І як нас пасля ўсяго гэтага, прабачце, называць?

 

За Бацьку і “Белоруссию”

Аўтар “А.Р.Ч.” Андрэй Раманавіч Чыкаціла / фота з архіву аўтара

Вось толькі не кажыце, што калі сустракаеце расейца ці ўкраінца, і ён раптам пачынае расказваць, які малайчынка ў нас прэзідэнт, які ў краіне парадак, хараство і “ляпата”, вам шчыра не хочацца забіць таго балбатуна...

“Не-не, — дыпламатычна кажа суразмоўца, калі вы яму пярэчыце. —Вядома ж, дыктатар і самадур, палітзняволеныя і гаротны беларускі народ, Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе, але ж па-іншаму з нашым братам цяжка, па-іншаму, можа, нават і нельга...” Матка Боска Вострабрамска!

Эпагей і так складанай размовы настае, калі замежнік увесь час блытаецца і, нягледзячы на вашыя заўвагі, з зайздроснай упартасцю называе Беларусь — “Белоруссией”.

Памятайце, спадарства, што ментальнае забойства — гэта забойства і не ўратуе вас не патрапіць у наш спіс. :)

Напрыклад, за сваю гісторыю Аляксандр Лукашэнка не пералічыць колькі разоў пагражаў самым розным людзям. Маўляў, “адкруціць галаву”, “ператрахае”, “адправіць на загатоўку корма”, што дакладна робіць яго гуру ментальнага забойства ў краіне. :) Тым больш, ці былі здзейснены ягоныя пагрозы, застаецца таямніцай.

Знакамітае “Злачынства і пакараньне” дакладна напісаў свой чалавек з шляхецкімі беларускімі каранямі. Род Хведара Міхайлавіча паходзіць з вёскі Дастоева ў Берасцейскай вобласці. Вось як!

 

За жывёлінку

Правільны беларус за сваё жыццё павінен пабудаваць дом, забіць маскаля і забіць сінічку... “Але сінічачку за што?!”— агулам зараўлі дзесяць глотак, калі пачуў гэты анекдот у адной кампаніі. Гістарычны,але ж сёння зусім ня паліткарэктны жарт добра паказвае нашае стаўленне да прыроднага свету.

Даўно не бачыў такога шчырага яднання суайчыннікаў ў інтэрнэце, калі ў Беларусі вырашылі наладзіць кілбаснае прадпрыемства з мясу бабра. Самая папулярная думка на форумах была — пусціць на кілбасу арганізатараў сумнеўнага праэкту. Тысячы людзей падпісалі петыцыю за абарону баброў.

Некалькі месяцаў таму, нягледзячы на ўсе пытанні — кілбасу ўсё ж такі зрабілі. Але ж тое не змяняе, што агульны клопат да праблем братоў меньшых у беларусаў на даволі высокім узроўні. Нажаль, заканадаўства тое не адлюстроўвае, як на прыкладзе з жорсткім абыходжаннем з жывёламі — артыкулы дзе занадта мяккія і кепска працуюць.

 

За безбілетны праезд

Адзіны выпадак, калі абодва бакі з жудаснай асалодай гатовыя на шматкі засекчы адзін аднаго. Але звычайна ўсё абыходзіцца малай крывёю і кур’ёзамі ў СМІ апасля.

Адбываецца гэта так. Кантралёр, як спраўны паляўнічы, калі ловіць сваю “ахвяру— трусіка”, налягае на яго ўсім сваім дужым і гарачым целам, непрыкметна хапае таго за адзенне і даволі нахабна кажа аплаціць штраф...

Жыццё беларусаў цяжкае, і можа таму ў “труса” раптам пачынаюць крывіць усе загоеныя крыўды на дзяржаву. Ён адчувае сілы на супраціў і нежаданне плаціць нейкія санкцыі уладам... Яго нават гатовыя падтрымаць іншыя пасажыры, што наогул цягне ўжо на арганізаванае забойства. Адзіным кагалам людзі могуць выкінуць кантралёра з аўтобуса, затрымаць сілай альбо лямантам і дапамагчы небараке збегчы праз дзверы ці фортку...

Такая праява калектыўнага руху выглядае дзіўна, бо гуртуюцца беларусы, акрамя петыцый у інтэрнэце, звычайна рэдка і любяць старажытную сялянскую філасофію “мая хата з краю”. Але менавіта ў выпадках з кантралёрамі не грэбуюць ніякімі сродкамі, праяўляюць вялікі спрыт і шалёную фантазію.

 

Рэальных забойстваў у гэтых канфліктных сітуацыях пакуль не было. Але ж крымінальных спраў заведзена даволі шмат, і толькі нябёсам вядома, чым скончыцца ў нашым гаротным краі гэтае супрацьстаянне. :)

Дакладна, спіс можна доўга працягваць, але з многім, дзякуй ці не, законапаслухмяныя шараговыя беларусы мірацца. Бо па прыродзе сваёй добрыя.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.