Зміцер Ямпольскі. МЫ. Чаму я не люблю Уліцкую...

Зміцер ЯМПОЛЬСКІ

Зміцер ЯМПОЛЬСКІ

Нарадзіўся ў Менску. Журналіст вольных думак, вольных пачуццяў.

Са спадарыняй Уліцкай пазнаёміўся гадоў сем таму ў Ізраілі. Яна там госць вельмі часты. Незадоўга да гэтага якраз прачытаў адну з самых цікавых яе кніг Даніэль Штайн. Перакладчык.

Уліцкая ўзяла абсалютна рэальную гісторыю, якая адбылася ў беларускім мястэчку Мір з Освальдам Руфайзенам. Гэта гісторыя габрэйскага хлопца з сям’і рабінаў, які падчас вайны прыняў каталіцтва, працаваў на немцаў перакладчыкам і выратаваў людзей з мірскага гета. Потым партызаніў, а пасля ўсяго стаў мніхам, пераехаў у Ізраіль і нават сустрэўся з папай рымскім. Неверагодны шлях жыцця.

Уліцкая калісці спаткала будучага прататыпа сваёй кнігі Освальда менавіта ў Міры. Здавалася б, якая назва — столькі паэтыкі і сымбалізму... Але Ўліцкая ня толькі прыбрала са сваёй кнігі Беларусь наогул, але і чамусці перарабіла Мір на няісны Эмск. Які асацыюецца толькі што з Расіяй і яе рэальным Омскам...

Кніга мне спадабалася, але я шчыра не разумеў, навошта гэта было зроблена. Мастацкая задума? Жыццё Освальда было знітавана з трыма краінамі — Польшчай, Беларуссю і Ізраілем... Але зменены там былі толькі Мір і Беларусь. На сустрэчы з Уліцкай у Ізраілі, калі я падышоў падпісаць кнігу, то ціха і ветліва спытаў пра гэта. Пісьменніца толькі фыркнула:

— Я амаль што не была ў Белорусіі...

А потым звярнулася да залі і пачала расказваць, што нейкія гомельскія піраты шмат гадоў нелегальна перадрукоўвалі яе кнігі, і да пытання майго больш не вярнулася... Карацей, стала крышку крыўдна ад гэтага адказу.

Таму добра, што славутая Людміла Ўліцкая, нарэшце, за апошнія 40 гадоў наведала Беларусь. Краіну, якая падарыла ёй адзін з лепшых раманаў, але якой яна так і не падзякавала. Прынамсі, ў творчасці. Што шкада, бо кніга перакладзена на мноства моў, але Беларусі там няма нават пазатэкстам...

Ну, тое аўтарская справа. А вось у Міры нават сёння можна пабачыць турыстаў, для якіх імя Освальда Руфайзена неразрыўна знітавана з гэтым маленькім старажытным мястэчкам. Часам, гэта шчаслівыя ўнукі і праўнукі тых, каго ён выратаваў з гета.

Вось так і атрымалася, што кнігі Ўліцкай я вельмі люблю, а вось яе асабіста — не склалася. Яна і сама зараз у Менску казала, што “не жадае падабацца ўсім, на замову ніколі не пісала і можа працаваць, калі толькі гарыць унутраны кнот”. Відаць, да Беларусі ён так ніколі і не загарэўся, хоць прычыны і былі. А можа неяк недаадчуў і недаразумеў шаноўную пісьменніцу.

А рэальную гісторыю Освальда Руфайзена ў больш пашыраным фармаце можа лёгка знайсці сёння ў інтэрнэце ў артыкулах. Надзвычай цікава. 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 


  • Нууу... Алексиевич тоже вот в ДНР не собирается, но гневно осуждает...