Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Сакрэты росквіту

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Адной з ключавых прычынаў шырокага разгортвання хадэцыі і плёну ў працы БХД было тое, што партыя не стала засяроджвацца на вузкаканфесійнай платформе, а пайшла насустрач агульнахрысціянскаму адзінству.

Гэтаму спрыяла стварэнне ў 1927 годзе Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання — партыі, якая спрабавала паўтарыць поспех “каталіцкай” БХДЗ, але хутка сутыкнулася з рэакцыяй польскіх ды расейскіх шавіністычных колаў.

Ядро ПБДА гуртавалася вакол сенатара Вячаслава Багдановіча, пасла Сейма Аляксея Назарэўскага, выдаўца газеты “Праваслаўная Беларусь” Лукаша Голада ды віленскага святара Аляксандра Каўша. ПБДА выступала за беларускую мову ў казаннях і школах, супрацьстаяла і паланізацыі, і бальшавіцкаму “абнаўленству”, і расейскім манархічным колам, то бок свядома адстойвала шматсотгадовую ефрасіннеўскую традыцыю адкрытага, народнага, цярпімага і творчага беларускага праваслаўя.

Лідары ПБДА, атакаваныя з усіх бакоў, хутка зразумелі, што адзіным і натуральным хаўруснікам дэмакратычна настроеных праваслаўных святароў і вернікаў ёсць БХД. ПБДА фактычна стала праваслаўным крылом БХД, а Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя займела шырокі выхад да сялянаў і мяшчанаў, што спавядалі праваслаўе.

Канец 1920-х — пачатак 1930-х гадоў быў і часам росквіту хадэцкай прэсы. БХД набыла сучаснае абсталяванне для друку, заснавала друкарню імя Францішка Скарыны — і разгарнула цэлую медыя-стратэгію.

Галоўным выданнем БХД заставалася штотыднёвая “Беларуская крыніца”. За 1923-34 гг выйшла 512 нумароў, накладамі ад 1000 да 10 тыс. асобнікаў — з улікам вялізнай колькасці нумароў, сканфіскаваных польскімі уладамі.

“Хрысціянская думка”, пачатая з 6 студзеня 1928 г., выходзіла то два разы на месяц, то штомесяцова, і друкавала больш грунтоўныя матар’ялы, аналітыку, духоўныя ды культурніцкія развагі. Тут публікаваліся Язэп Германовіч, Дамінік Аніська, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Галляш Леўчык, Мар’ян Пецюкевіч ды іншыя. Менавіта ў “Хрысціянскай думцы” лацінкай была надрукаваная і знакамітая кніга ксяндза Станкевіча “Родная мова ў святынях”.

“Шлях моладзі” — фактычна, маладзёвы часопіс БХД, быў адным з найпапулярнейшых маладзёвых выданняў у Заходняй Беларусі. Пачаў выдавацца штомесяц ў 1929 — і выходзіў да 1939-га. Рэдактарамі яго былі Мар’ян Пецюкевіч, Язэп Найдзюк, Янка Шутовіч. Друкаваў гістарычныя працы Адама Станкевіча, Найдзюка, вершы Вінцука Адважнага, інфармацыю пра дзейнасць БІГіК, беларускія пілігрымкі.

Акрамя гэтага, хадэкі рэдагавалі знакамітую віленскую “Студэнцкую думку”, выданне Беларускага Студэнцкага Саюзу — гэта рабілі Янка Шутовіч і Ігнат Гагалінскі.

Аграном Адольф Клімовіч, старшыня ЦК БХД у 1931-35 гадах, выдаваў сельскагаспадарчы часопіс “Самапомач”, чытачамі якога былі найперш сяляне-гаспадары.

Таксама беларускія хрысціянскія дэмакраты (Янка Пазняк) рэдагавалі і Wiadomosci Bialoruskie — выданне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, дзе рэй вяла БХД, і фармавалі беларускую частку часопіса Natio, які выходзіў у 1927 годзе на ангельскай, францускай, нямецкай і польскай мовах для інфармавання міжнароднай супольнасці аб стане нацыянальных меншасцяў у Польшчы.

У хадэцкай друкарні імя Францішка Скарыны за час яе існавання было надрукавана прынамсі 146 (!) найменняў хрысціянскіх і беларускіх кнігаў.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 


  • Вакансий на политУбежище, нет.
  • З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017” Так взял да прочел книгу, если есть желающие. Абзац из нее - для каких целей???