Андрэй Фёдараў. ЕЎРОПА. Каталонія: права на памылку

Андрэй ФЁДАРАЎ

Андрэй ФЁДАРАЎ

Эксперт «Беларускай аналітычнай майстэрні» (Варшава).

Калі Каталонія усё ж набудзе незалежнасць, праз некаторы час, магчыма, яна аб гэтым пашкадуе. Аднак пярэчанні супраць такога кроку абгрунтаванымі не выглядаюць.

Тэма абвяшчэння Каталоніяй незалежнасці застаецца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці, бо наступствы сапраўды могуць прывесці да сур’ёзных пераменаў далёка не толькі ў Іспаніі. Але ці абавязкова яны будуць настолькі катастрафічнымі, як гэта сцвярджаюць апаненты?

На сённяшні дзень стварэнне новай дзяржавы выглядае не надта верагодным, бо ціск з Мадрыду і Бруселю ўзмацняецца. У той жа час чакаць спынення супраціўлення Барселоны таксама нібыта не выпадае. Пакуль што зашкальваюць эмоцыі, тады як неперадузятага аналізу бракуе.

Перш за ўсё трэба адзначыць, што прымусам дабіцца кардынальнай змены прынцыповых поглядаў вялікай колькасці людзей, аб’яднаных нейкай ідэяй, можна толькі з прымяненнем надзвычай жорсткіх сродкаў, як у Германіі і Японіі пасля Другой сусветнай вайны. Аднак каталонцы як быццам не нарабілі такіх злачынстваў, якія дазволілі б ужываць да іх падобныя падыходы…

Што яшчэ больш істотна, не бачна адназначнага адказу на пытанне, наколькі ўвогуле апраўданым з’яўляецца працідзеянне імкненню Каталоніі да незалежнасці. Інакш кажучы, што адбудзецца, калі яе мара ўсё ж здзейсніцца. Пры ўмове, зразумела, што развітанне пройдзе цывілізаваным шляхам, з максімальным захаваннем усіх узаемавыгадных сувязяў.

Зыходзячы з таго, што якраз Еўропа лічыцца адной з найбольш цывілізаваных частак свету, можно меркаваць, што такога кшталту перадумова не ёсць фантастычнай. Тым больш, што чыста эканамічнае ўзаемадзеянне ў агульнаеўрапейскім маштабе не павінна моцна пацярпець, бо яно пабудаванае цалкам на рынкавай аснове. Гэта ж не Савецкі Саюз, дзе пры стварэнні сувязяў на мэтазгоднасць асаблівай увагі не звярталі, што і стала галоўнай прычынай так званага “разрыву эканамічных сувязяў”.

Відавочна, што найбольшыя страты панясе Іспанія, таму што Каталонія з’яўляецца адным з самых развітых яе рэгіёнаў. Больш за тое, можа быць пастаўлена пад пытанне нават сама будучыня іспанскай дзяржаўнасці, так што стаўленне Мадрыда зусім натуральнае.

Пры гэтым, праўда, паўстае пытанне, ці дастаткова ён зрабіў дзеля таго, каб каталонцы адчулі сябе іспанцамі. Ды й дзеянні іспанскіх уладаў напярэдадні, падчас і пасля рэферэндуму з вялікім сумненнем могуць бы аднесены да дэмакратычных.

Безумоўна, ніколі ў гісторыі метраполія не адчувала глыбокага задавальнення, калі ад яе адрываліся кавалкі. Тым не менш, такія працэсы ішлі, і ўрэшце ўсё так ці інакш усталёўвалася.

Пры гэтым у дадзеным выпадку аналогія з Абхазіяй і Паўднёвай Асетыяй абсалютна неправамерная, паколькі ніякая знешняя сіла ўплыву на працэс не аказвае.

Тым больш, знаходзячыся ў складзе Еўрасаюзу і НАТО, сама Іспанія ёсць, мякка кажучы, не зусім класічнай дзяржавай, паколькі гэтыя арганізацыі фактычна вызначаюць як яе абаронную і знешнюю палітыку, так і ў значнай ступені эканоміку.

Што тычыцца Еўрасаюзу, дык яго аргументы супраць незалежнасці Каталоніі амаль цалкам грунтуюцца на палітычнай аснове. Павелічэнне колькасці сяброў ЕС ускладніць ягоную працу, створыць шэраг праблем, найперш падчас прыняцця найбольш важных рашэнняў, што патрабуюць кансенсусу, асабліва ў сённяшніх варунках. Да таго ж шляхам Каталоніі, няхай пакуль збольшага гіпатэтычна, могуць пайсці і некоторыя сучасныя правінцыі вядучых еўрапейскіх дзяржаў.

З другога боку, аб’яднаная Еўропа ўжо рыхтуецца да ўключэння ў свой склад у не надта далёкай перспектыве шэрагу балканскіх краін, што прыкметна зніжае важкасць такога аргументу. Шчыра кажучы, даволі цяжка ўцяміць, чаму, напрыклад, Сербія можа быць сябрам Еўрасаюзу, а Каталонія не.

Можна таксама нагадаць, што напачатку нават Злучаныя Штаты без усялякага энтузіязму ўспрымалі распад СССР і ўтварэнне на яго месцы новых незалежных дзяржаў, у тым ліку, дарэчы, і нашай. Аднак, як мы бачым, сітуацыя больш-менш усталявалася. Альбо ўзяць прыклад Косава: сёння магчымасць прызнання яго Сербіяй ўжо не выглядае зусім нерэальнай.

Так што катэгарычна выключаць магчымасць развіцця па падобным сцэнары сітуацыі з Каталоніяй наўрад ці апраўдана.

Можа здарыцца і так, што спадзяванні каталонцаў на лепшае жыццё ва ўласнай краіне не спраўдзяцца, і раней ці пазней яны аб сваім выбары пашкадуюць. Але падабаецца гэта камусці ці не, згодна з базавымі дакументамі ААН яны маюць права на такую памылку, тым больш што за яе ім прыдзецца плаціць самім.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 

 


  • "Пры гэтым у дадзеным выпадку аналогія з Абхазіяй і Паўднёвай Асетыяй абсалютна неправамерная, паколькі ніякая знешняя сіла ўплыву на працэс не аказвае..." Ну да, и премьер-министр Испании не желал гражданам, которых он считает своими соотечественниками, спокойной ночи с последующим артиллерийским ударом. Сотня жизней кагбэ не совсем людей туда, сотня жизней сюда - когда типа независимые политологи на такие мелочи внимание обращали?
  • Можна таксама нагадаць, што напачатку нават Злучаныя Штаты без усялякага энтузіязму ўспрымалі распад СССР і ўтварэнне на яго месцы новых незалежных дзяржаў, у тым ліку, дарэчы, і нашай. Кто в США не хотел распада СССР, наверное, только Буш-страший??? Но как показывает новейшая политическая история США, там президент не всегда определяет внешнюю политику. Ей рулили Бжезинский, Киссинжер, Олбрайт и другие члены глобализма США. Закончится все в Каталонии роспуском правительства провинции. Демократия действует тогда, пока она выгодна.
  • Свободу Каталонии