Упершыню ў масавы пракат выходзіць фільм у беларускай агучцы

Для маштабнай прэм’еры быў абраны нідэрландскі фільм «Шторм: палаючы ліст».

Да 500-годдзя кнігадрукавання праект «Беларускія ўікэнды» сумесна з velcom і «Атлант Тэлекам» ладзяць унікальную кінападзею: упершыню на вялікія экраны ў беларускай агучцы выйдзе прэм’ерны фільм. Кінастужка будзе ісці ў кінатэатрах Мінска на працягу амаль двух тыдняў, а ў лістападзе будзе прэзентавана ў іншых гарадах Беларусі.

Для маштабнай прэм’еры быў абраны нідэрландскі фільм «Шторм: палаючы ліст». Стужка 2017 года распавядае гісторыю 500-гадовай даўніны. У атмасферы позняга сярэднявечча, на фоне кастроў інквізіцыі разгортваецца гісторыя ўратавання рукапісу Марціна Лютэра, вядомага хрысціянскага багаслова і рэфарматара, галоўную ролю ў якой наканавана выканаць 12-гадоваму Шторму Вотану.

Ці здолее ён выратаваць каштоўны ліст ад знішчэння, а свайго бацьку, кнігавыдаўца Клааса Вотана — ад інквізіцыі?

«Фільм «Шторм: палаючы ліст» — гэта найперш прыгодніцкая стужка. Аднак адсылкі да гістарычных фактаў, змешчаныя ў ім, не толькі фармуюць цікавы сюжэт, але і пераклікаюцца з важнымі падзеямі нашай гісторыі — у прыватнасці, з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Таму сімвалічна, што фільм, прысвечаны гэтым падзеям, упершыню на сучасным этапе развіцця беларускага кінапракату будзе прадстаўлены адразу ў беларускамоўнай агучцы», — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.

 

 

Прэм’ера фільма «Шторм: палаючы ліст» адбудзецца 27 кастрычніка. Кожнага гледача чакае не толькі цікавая гісторыя, але і прыемныя сюрпрызы, непасрэдным чынам звязаныя з двума вялікімі юбілеямі гэтага года: 500-годдзем Рэфармацыі і 500-годдзем беларускага кнігадрукавання.

«У такім выглядзе праект «Беларускія ўікэнды» рэалізуецца ўпершыню за ўвесь час свайго існавання: паказы пройдуць у шасці кінатэатрах Мінска, а час пракату фільма «Шторм: палаючы ліст» не абмяжуецца аднымі выхаднымі, а працягнецца амаль два тыдні. Гэта стала магчымым, у першую чаргу, дзякуючы той велізарнай цікавасці, якой карыстаюцца ўсе мерапрыемствы у рамках «Беларускіх ўікэндаў», і, вядома, актыўнай падтрымцы з боку нашых партнёраў», — адзначыў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

Фільм «Шторм: палаючы ліст» будзе дэманстравацца з 27 кастрычніка па 8 лістапада ў шасці кінатэатрах Мінска: velcom cinema, Silver Screen у ГЦ Galileo і Arena City, а таксама «Аўрора», «Беларусь» і «Масква».

 


  • Интересно, сколько найдется желающих зто смотреть на мове. Затея явно убыточная!
  • Абавязкова пойдзем з жонкай. На рэшце, хоць у кiно будзем адчуваць сябе у сваей краiне!