Уладзімір Падгол. ВОБРАЗ КРАІНЫ. Дом на мосце ці плыт паміж берагамі?

Уладзімір ПАДГОЛ

Уладзімір ПАДГОЛ

Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

Удзельнічаў у XV Менскім форуме 16-18 лістапада, які быў прысвечаны стасункам Беларусі і Германіі, Беларусі і Еўрасаюзу. Слухаў дзесяткі выступаў. Журналісты практычна усіх незалежных СМІ так ці інакш асвятлялі падзею.

Міністры замежных справаў Германіі і Беларусі Зыгмар Габрыель і Ўладзімер Макей выступілі на форуме. Перад гэтым Зыгмар Габрыель сустрэўся з Лукашэнкам і правёў перамовы з Макеем. Цікавасць да Форуму праявілі журналісты і прэзыдэнскага БТ-1 і далі станоўчы рэпартаж з яго. Парупіліся ў асвятленні Форуму і журналісты «Белсата», і на іх нават не склалі пратакол, што радуе.

Гэты форум быў адметны шмат чым, а для мяне галоўнае на форуме было ў вобразнасці выступоўцаў. І галоўныя вобразы, якія чаплялі маю душу, тычыліся Беларусі. Вось пачытайце характэрную цытату міністра замежных справаў Германіі:

«Я быў уражаны адданасцю Беларусі да еўрапейскай згуртаванасці. Прэзідэнт Лукашэнка і я шмат размаўлялі пра інтарэсы Еўропы. Я сказаў, што Беларусь можа стаць мостам паміж ЕАЭС і ЕС, Беларусь не павінна выбіраць. Мы таксама размаўлялі шмат пра сітуацыю ва Украіне. Я вельмі рады, што ўдалося адмяніць санкцыі ЕС супраць Беларусі. Я б хацеў, каб калі-небудзь ваша краіна стала сябрам Рады Еўропы, бо там прадстаўлена 47 дзяржаў і не хапае толькі адной».

У сваім выступе на форуме міністр з Германіі ўжыў і іншы вобраз. Ён параўнаў Беларусь з нейкім плавучым сродкам кшталту плыта, які мусіць трывала быць прымацаваным да Эўразьвязу і да Расіі.

Яшчэ адзін з удзельнікаў Форуму, які прадстаўляў замежны фонд, падаў нават слайд, дзе ЕС быў намяляваны ў выглядзе яхты з ветразямі і ЕАЭС таксама яхтай з ветразямі. І выступоўца жадаў, каб вецер веў тыя яхты паралельна.

Былі ў выступах і прапановы даць Беларусі вобраз канвеера паміж ЕС і Расіяй і нават вобраз шарніра ды сустава.

Слухаючы палітолагаў-мастакоў, я прыгадаў як у 1996 годзе з Аляксандрам Мілінкевічам у Гародне мы пачалі распрацоўваць ідэялагему нацыянальнай ідэі «Наш Дом — Беларусь», правялі нават гарадзкі конкурс малюнкаў на асфальце на гэтую тэму. У ім тады ўзялі ўдзел сотні дзетак. Потым быў наш з Лявонам Баршчэўскім артыкул пра форму беларускай нацыянальнай ідэі «Наш Дом — Беларусь». У ім мы ўзгадвалі верш Уладзіміра Караткевіча, дзе Беларусь ён намаляваў як Дом і Сабор.

Пасля шэрагу маіх артыкулаў, што вобразным увасабленнем Беларусі і базавай ідэялагемай нацыянальнай ідэі мусіць быць Дом і Храм, менавіта гэтым вобразам стаў карыстацца ў выступах Філарэт і Лукашэнка. Ён нават у некаторых навагодніх выступах ужываў Беларусь у вобразе Дома:

«Наверное, у каждого народа есть тот заветный образ, с которым у него связана родная земля. Для меня это небольшой, но крепкий, теплый и уютный дом, где в почете живут старики, трудятся хозяева, взрослеет молодежь и подрастают счастливые дети. Беларусь — наш общий дом, который только мы сами можем наполнить достатком и счастьем».

У гэтым вобразе была тоеснасць з вобразам Караткевіча.

Калі ўлічыць, што шматкроць у тыя часы і да іх Беларусь параўноўвалі з калідорам, то навагодняго Лукашэнку ўзору 2015 можна было б залічыць у памяркоўныя нацыяналісты.

У чым актуальнасьць для нас вобраза Дома, а не прыбудовы да Расіі, якой мы насамрэч сёння і ёсць? Па-першае, у тым, што дом мае з усіх бакоў сцены. А Беларусь не мае з Расіяй мяжы-сцяны, і адтуль безкантрольня ідзе да нас нарката, зброя, злачынцы і тэрарысты.

Дарэчы, вобраз маста для Беларусі неаднаразова ўжываў і Лукашэнка. На Форуме ў нейкі момант свайго выступу германскі міністр слушна заўважыў, што на мосце няўтульна жыць. Ад сябе дадам, што і пад мостам таксама толькі бамжы жывуць.

Лукашэнка таксама надаваў Беларусі вобраз кватэркі ў вялікім рассійскім Доме:

«…я хочу, чтобы россияне понимали, особенно руководство России, что мы не будем «мальчиками на побегушках». Мы самостоятельное суверенное государство, живущее с вами в одном доме, но имеющее свою квартиру. Пусть маленькую, небольшую, но свою квартиру. Кстати, это и слова нынешнего президента России».

З дня першага беларуска-германскага форуму ў Минску (1997) прайшло 20 год. Столькі ж год прайшло з таго дня, калі ў СМІ Беларусі пачалі прапаноўваць вобраз для краіны. Аднойчы Анатоль Лябедзька назваў Беларусь перакрыжаваннем. Наколькі ўтульна жыць і пачувацца ў краіне-перакрыжаванні самі можаце судзіць-радзіць.

Ёсьць такі выраз: «Як карабель назавеш, так ён і паплыве». Тое ж самае можна сказаць і пра Беларусь. Покуль кожны з нас не захоча сам і са сваімі дзецьмі ды ўнукамі жыць у Беларусі як Доме і Храме, аб чым марыў Караткевіч, покуль мы не даможамся гэтага, так і будзе таптаць нас як на мосце ўсялякая набрыдзь. А дзеці будуць марыць з’ехаць з гэтага вайсковага палігона для расейскай арміі ды трэніровачнай пляцоўкі для адпрацоўкі сілавых прыёмаў АМАПа на мірных жыхарах, жанчынах і пенсіянерах.

Ці ўцямяць беларусы, што трэба разам ратаваць, бараніць, будаваць наш Дом — Беларусь? І толькі тады можна будзе сказаць, што Беларусь жыве.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 


  • 20 лет картинки малюеце, Падгол. А результатов никаких. Напомню, вы входили в БНФ, хотели поменять власть. Не поменяли. Все про образы трындите. Не стыдно?
  • 20 лет картинки малюеце, Падгол. А результатов никаких. Напомню, вы входили в БНФ, хотели поменять власть. Не поменяли. Все про образы трындите. Не стыдно?