Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Крыжовы шлях

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя міжваеннага часу дзейнічала ва ўмовах незвычайнага ціску і гвалту. Хрысціянскіх дэмакратаў імкнуліся знішчыць і санацыйныя ўлады, і камуністы, і нацысты. Эпоха змагання, росквіту і народнай падтрымкі БХД скончылася арыштамі, катаваннямі і расстрэламі хадэкаў. Следам за Ісусам Хрыстом, Які добраахвотна пайшоў на крыж дзеля збавення чалавецтва — хрысціянская дэмакратыя 1920-х — 1930-х гадоў ахвяравала сабой дзеля беларускага народу.

Ужо з пачатку 1920-х нароўні з практыкай паланізацыі, нацыянальнага ціску і асадніцтва тагачасныя польскія ўлады праводзілі арышты беларускіх ксяндзоў перад выбарамі, канфіскацыі “Крыніцы”, пазбаўлялі рэгістрацыі ды ліцэнзіяў беларускія хадэцкія установы.

Міхал Пятроўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Канстанцін Стэповіч, Янка Пазняк, Ян Шутовіч, Мікалай Дварэцкі і многія іншыя сябры БХД падвяргаліся цкаванню ды крымінальнаму пераследу, некаторым давялося адбываць турэмныя тэрміны паводле абвінавачання ў “супрацьдзяржаўнай дзейнасці”.

Пасля таго, як у 1926 годзе Віленскі біскупскі пасад заняў шавіністычна настроены арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, узмацніўся і ціск праз касцёльныя структуры. Ксяндзы і клерыкі, якія лічылі ўсіх каталікоў Беларусі палякамі і не прызнавалі за беларусамі нацыянальных правоў, вялі няспынныя атакі на БХД.

10 снежня 1928 года Ялбжыкоўскі выдаў адмысловы загад, які забараняў ксяндзам належаць да БХД, а ўсім каталікам — чытаць “Беларускую Крыніцу”. Ксяндзы-беларусы былі вымушаныя сысці з партыйных пасадаў, але працягвалі падтрымліваць БХД і пад псеўданімамі пісалі ў хадэцкую прэсу.

У 1934 годзе у Картуз-Бярозе быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных супраціўнікаў санацыйнага рэжыму. Прынамсі чацвёра сябраў БХД — Вячаслаў Багдановіч, Язэп Найдзюк, Віктар Ярмалковіч і Янка Шутовіч — трапілі сюды ў 1939-м і зазналі здзекі ды катаванні.

У 1936 годзе польскія ўлады зачынілі БІГіК, затым, у 1937 годзе — і “Крыніцу”. У 1938 годзе быў забаронены Беларускі Нацыянальны Камітэт.

Адначасова правакацыі, і часам крывавыя, ладзілі бальшавікі — сябры КПЗБ ды закінутыя на тэрыторыю Польшчы савецкія дыверсанты (Арлоўскі, Ваўпшасаў ды іншыя). Звычайнай практыкай для камуністычных актывістаў было далучацца да суполак БІГіК, пакідаць у хадэцкіх памяшканнях улёткі альбо партыйную прэсу ці ўчыняць скандалы — каб улады зачынялі гаспадарчыя ці культурніцкія ўстановы БХД. Зацкаваны, звар’яцеў і застрэліўся прыхільнік хадэцыі ксёндз Францішак Рамэйка.

Некаторых сябраў БХД, як, напрыклад, колішняга старшыню ЦК кампазітара Паўла Карузу, выманьвалі ў БССР, а затым, апрацаваўшы ў НКВД, прымушалі пісаць паклёпы.

На Захадзе набіраў сілу Гітлер. На Усходзе Сталін разгарнуў небывалы тэрор супраць уласнага народу. Падзел Чэхаславакіі, аншлюсы ды акупацыі памежных тэрыторыяў сведчылі: набліжаецца новая страшная вайна. І Беларусь ляжала паміж наймацнейшых драпежнікаў. Але і ў гэтых варунках беларускія хрысціянскія дэмакраты заставаліся адданымі Богу і свайму народу.

З канца 1934 году і праз увесь 1935 год на старонках галоўнай хадэцкай газеты — “Беларускай крыніцы” — вялася дыскусія: як рэагаваць на узрослыя пагрозы, як быць больш эфектыўнымі, як абнаўляцца. Спрэчкі разгарэліся вакол “меры палітыкі” і “меры культуры” у дзейнасці БХД, вакол “хрысціянскасці” і, адпаведна, вакол назвы. Частка сябраў (як, напрыклад, ксёндз Уладзіслаў Талочка) настойвала на захаванні асноватворнага хрысціянскага характару партыі, частка выступала за чыста свецкую арганізацыю.

Урэшце, у студзені 1936 года БХД была ператвораная ў Беларускае Народнае Аб’яднанне, якое мыслілася шырокай пляцоўкай для з’яднання ўсіх нацыянальных сіл. Узначаліў БНА цэнтральны Камітэт, у які ўвайшлі Язэп Найдзюк, Адольф Клімовіч, Язэп Малецкі, Баляслаў Бабарыка-Гапановіч, Ян Чарнецкі, Мікола Казаровіч, Віктар Ярмалковіч, Янка Шутовіч, Янка Пазняк (старшыня), Станіслаў Грынкевіч (першы віцэ-старшыня), Мікалай Дварэцкі (другі віцэ-старшыня). У праграме падкрэсліваўся свецкі характар партыі, з ранейшых ідэйных асноваў застаўся хіба параграф 16: “БНА за свабоду існавання рэлігіі і дзейнасці рэлігійных устаноў і за свабоду вызнавання рэлігіі”.

Аднак, замест узмацнення, з’яднання і пашырэння вынік абнаўлення ды “новага свецкага характару” быў адваротны. Частка хадэкаў, пераважна “старая гвардыя”, адышла ад актыўнай працы. Страціўшы забароненую “Крыніцу”, БНА не змагло наладзіць трывалы кантакт з гушчай народу — нерэгулярныя “камунікаты” не замянілі масавую газету.

Кансерватыўна настроеная частка хадэкаў на чале з Вінцэнтам Гадлеўскім, не пагадзіўшыся на рэарганізацыю ў БНА, адкалолася і стварыла сваю арганізацыю пад назвай “Беларускі Фронт”.

Адыграла сваю негатыўную ролю і прапанова камуністаў стварыць у Заходняй Беларусі агульны “Антыфашыстоўскі (чытай — антыпольскі) фронт” з мэтай супраціву санацыі. БНА гэтую прапанову адхіліла, але ксёндз Адам Станкевіч пайшоў на дамову БІГіК з пракамуністычнай ТБШ — у выніку гэта прывяло як да забароны Інстытуту, так і да адыходу з БНА непрымірымых антыкамуністаў.

На сённяшні час выглядае, што ініцыятары першапачатковай дыскусіі 1934-35 гг шукалі ад добрага яшчэ лепшага — але страцілі і адзінства, і моц першапачатковай хрысціянскай дэмакратыі.

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.