“Песняроўская” праграма “Вянок” вяртаецца на сцэну праз 26 гадоў

Прэм’ера “песняроўскага” цыкла “Вянок” адбылася ў Нью-Йорку 31 кастрычніка 1991 года ў бібліятэцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Потым праграма была паказана у дзень 100-гадовага юбілею Максіма Багдановіча 9 снежня 1991 года на сцэне Белдзяржфілармоніі. І вось праз 26 гадоў у гэтай жа зале прагучыць “Вянок”, які выканае Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца.

Да творчай спадчыны “Песняроў” аркестр імя Жыновіча звяртаецца не ўпершыню. Гэты выбітны калектыў даў другое жыццё рок-оперы “Гусляр” і оперы-прыпавесці “Песня пра долю”, і зрабіў гэта таленавіта і годна арыгінала.

Да 120-годдзя Максіма Багдановіча кампазітар Ларыса Сімаковіч напісала мюзікл-прытчу “Апокрыф” паводле твораў паэта, выканенне якой даверыла Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру Беларусі імя Жыновіча, яго салістам і адмыслова запрошаным артыстам. Праграма мела вялікі поспех у публікі і прайшла з аншлагам.

“Вянок” — адна з найлепшых праграм “Песняроў”, сцэнічнае жыццё якой, на жаль, не было доўгім. Але “Вянок” увайшоў не толькі ў залаты фонд музычнай культуры, але і спрыяў станоўчаму іміджу Беларусі за мяжой.

“Для многіх прадстаўнікоў ААН гэта вечарына была не только адкрыццём паэзіі Максіма Багдановіча, але і адкрыццём Беларусі”, — так ацэньваў выступленне “Песняроў” у Нью-Йорку Генадзь Бураўкін, які ў 1991 годзе працаваў пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН.

“Перакананы, што многае з таго, што Мулявін напісаў для гэтай песенна-інструментальнай кампазіцыі ў аранжыроўцы Алега Молчана, бессмяротна. Я маю на ўвазе “Ой, чаму я стау паэтам”, “Лявоніха”, “Слуцкія ткачыхі”, “На чужыне”, “Краю мой родны... ” і іншыя”, — пісаў у кнізе “Уладзімір Мулявін. Нота лёсу” Уладзімір Рылатка, у той час першы намеснік міністра культуры.

Цыкл песень “Вянок” складаецца з 15 твораў: “Ой, чаму я стаў паэтам”, “Краю мой родны”, “Максiм i Магдалена”, “Вянок”, “На чужыне”, “Эмiгранцкая песня”, “Па ляду, у глухім бары”, “Слуцкія ткачыхі”, “Па-над белым пухам вiшняў”, “Вераніка”, “Прывет табе, жыццё на волі”, “У Максіма на кашулі вышыты галубкі”, “Зорка Венера”, “Лявонiха”, “Пагоня”. І ўсе яны прагучаць 10 снежня ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі.

Разам з аркестрам будуць спяваць саліст гэтага калектыва лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Коласаў, а таксама запрошаныя артысты Ян Жанчак, Вячаслаў Ісачанка, Андрэй Шчыткавец, Сяргей Шкурдзэ, вакальная група “Дыямант”. За дырыжорскім пультам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча будзе заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко, які зрабіў аранжыроўку праграммы “Вянок”, каб адаптаваць яе для выканання аркестрам.