Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Адраджэнне 2000-х

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Хрысціяне-маладафронтаўцы і евангельскія дэмакраты

У 2004 годзе ў “Маладым фронце” адбылася змена пакаленняў: новымі кіраўнікамі МФ сталі Зміцер Дашкевіч і Сяржук Бахун; у сваю чаргу, мы з Аляксеем Шэіным змаглі заняцца тым, пра што марылі яшчэ ў Беларускім Народным Фронце — стварэннем хрысціянска-дэмакратычнай партыі.

Першай ініцыятыўнай групай хадэцыі былі хрысціяне-маладафронтаўцы старэйшага ўзросту, а таксама нашы палітыкі-аднагодкі каталік Мікола Арцюхоў, лідэр супольнасці “Хаўрус сяброў”, і вернік евангельскай царквы Зміцер Марчук. Паколькі партыя задумвалася як шматканфесійная, сустаршынямі аргкамітэту сталі каталік Мікалай Арцюхоў, пратэстант Аляксей Шэін і праваслаўны Павел Севярынец.

Увосені 2004 года на ініцыятыву Аляксея Шэіна прайшла наша сустрэча з пастарамі-пратэстантамі, якія удзельнічалі ў выбарчых кампаніях 2001-2004 гадоў: пастарам лепельскай евангельскай царквы Георгіем Салаўёвым, пастарам Дзяржынскай царквы ХВЕ Мікалаем Козелам, кобрынскім пратэстантам-прадпрымальнікам Георгіем Змітруком. Высветлілася, што многія пратэстанцкія святары і вернікі таксама абмяркоўваюць ідэю “хрысціянскай партыі”.

18 снежня 2004 года ў Менску ў гатэлі “Планета” адбылося першае паседжанне аб’яднанага аргкамітэту хрысціян-маладафронтаўцаў і групы “евангельскіх дэмакратаў”. На ім было прынята рашэнне: стварыць хрысціянска-дэмакратычную партыю і назваць яе ў гонар легендарнай папярэдніцы — “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.

 

Аргкамітэт БХД у 2005-2006 гадах

Паводле пагаднення паміж маладафронтаўцамі і “евангельскімі дэмакратамі”, колькасць сустаршыняў аргкамітэту ў пачатку 2005 года пашырылася да шасці: імі сталі Мікола Арцюхоў, Аляксей Шэін, Павел Севярынец, Георгій Салаўёў, Георгій Змітрук і Анатоль Астапенка.

Акрамя таго, да працэсу аднаўлення БХД на розных этапах далучаліся адзін з лідэраў беларускага вулічнага руху Вячаслаў Сіўчык, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, пісьменнік Алесь Белы, а таксама колішні маладафронтавец, арганізатар праваслаўнага брацтва Кастуся Астрожскага Віталь Рымашэўскі.

Першыя буклеты аргкамітэту, праекты сімволікі, базы звестак былі распрацаваныя ўвесну 2005 года.

Да сярэдзіны 2005 году аргкамітэт БХД распрацаваў уласны праект праграмы. У ягонай аснове ляжала маладафронтаўская прапанова для БНФ, дапоўненая праўкамі новых сябраў. У праекце падкрэслівалася пераемнасць сучаснай хадэцыі як ад уладароў-хрысціянаў Полацка ды ВКЛ, так і ад дзеячаў міжваеннай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, сцвярджаўся новы кшталт палітыкі, заснаванай на біблейскіх прынцыпах, і давалася разгорнутая, на 14 старонак, праграма палітычных, эканамічных і сацыяльных ператварэнняў для Беларусі.

Сёння, на пачатку ІІІ тысячагоддзя ад нараджэння Хрыста, Беларусь востра патрабуе палітычнай сілы, дзейнасць якой заснаваная на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцяў, дэмакратычных прынцыпаў і беларускага патрыятызму. Такой новай сілай павінная стаць партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. (…) Партыя БХД ажыццяўляе дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. Яна адстойвае правы і свабоды чалавека, стаіць на пазіцыі адраджэння нацыянальнай свядомасці, змагаецца за незалежнасць беларускай дзяржавы. Хрысціянская дэмакратыя для нас — гэта прыўнясенне хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў у палітыку на ўсіх яе ўзроўнях. (…)  БХД імкнецца з’яднаць беларускі народ вакол свабоды і дэмакратыі, дзяржаўнасці і суверэнітэту, рынкавай эканомікі і правоў чалавека і нацыі на цвёрдым грунце сутнасна хрысціянскіх каштоўнасцяў і хрысціянскіх традыцыяў”, — такі кшталт хадэцыі фармулявала першая праграма Аргкамітэту БХД.

У траўні 2005 года мяне асудзілі за арганізацыю мірнай акцыі пратэсту супраць змены канстытуцыі (паводле якіх Лукашэнка атрымаў магчымасць захоўваць за сабой пасаду прэзідэнта бясконца) і на два гады накіравалі на лесанарыхтоўкі ў вёску Малое Сітна на мяжы з Расеяй.

Адной з прычынаў такога прысуду, відавочна, было жаданне ўладаў разбурыць дзейнасць аргкамітэту — але схема сустаршынства дазволіла без перашкодаў працягваць партыйнае будаўніцтва.

Аляксей Шэін навязваў міжнародныя кантакты, займаўся інфармацыйнай сферай і дбаў пра матэрыяльнае забеспячэнне працы, Мікалай Арцюхоў вёў працу сярод каталіцкіх актывістаў, Георгій Салаўёў і Георгій Зьмітрук навязвалі стасункі з пратэстанцкімі цэрквамі, Анатоль Астапенка — з праваслаўнымі. Значную ролю пачалі адыгрываць таксама выдатны арганізатар Віталь Рымашэўскі (урэшце ён замяніў на пасадзе сустаршыні Анатоля Астапенку) і моцны мэнэджар Дзяніс Садоўскі з царквы “Ян Прадвеснік”.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 

 


  • дараги Леонид Ильич у больш сталым узросьце пачаў кніжкі пра сябепісаць
  • дараги Леонид Ильич у больш сталым узросьце пачаў кніжкі пра сябепісаць