Зянон Пазьняк напiсаў раман «Палын-палын»

Раман «Палын-палын» – гэта першы буйны празаічны мастацкі твор Зянона Пазьняка, які хоць і пісаў раней мастацкія нарысы ды абразкі, спрабаваў сябе ў вершаскладанні, быў больш вядомы сваёй публіцыстыкай, паведамляе belsat.eu.

«Палын-палын» – гэта мастацкая проза, але ў некаторых героях вельмі лёгка распазнаюцца рэальныя асобы. Гэтак прататыпам гісторыка Яўгена Ермаковіча, якія спатыкаўся з патрыятычнай моладдзю, студэнтамі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту, ды расказваў ім пра мінуўшчыну Беларусі, безумоўна, стаўся слынны гісторык Мікола Ермаловіч, які трагічна загінуў пад коламі аўтамабіля.

Прататыпам аднаго з герояў – Антося Бальцэвіча – трэба меркаваць, стаўся мастак Лявон Баразна, актывіст захавання беларускай гістарычнай і культурнай спадчыны ў БССР. У 1972 Баразна рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэння Нямігі. 15 жніўня 1972 у старым горадзе ў Мiнску ён кінуўся на вуліцы ратаваць жанчыну, на якую напалі бандыты. Кабета імгненна знікла, а Лявона забілі нажом. Пазней стала вядома, што забойцы Лявона Баразны – два сыны палкоўніка КДБ Міхаіла Золатава, начальніка аховы Дому ўраду ў Мiнску. Злачынцаў вызвалілі па амністыі неўзабаве пасля суда.

Апісаная ў рамане суполка студэнтаў-патрыётаў «Вышыня» мела таксама адпаведнік у рэальнасці – апазіцыйны асяродак «На паддашку» ў мастэрні мастака Яўгена Куліка, куды ў свой час прыходзіў Зянон Пазьняк, Алесь Разанаў, Алесь Марачкін, Міхась Чарняўскі ды іншыя.

У рамане «Палын-палын» Зянон Пазьняк выяўляе сябе як філосаф, разважаючы вуснамі сваіх герояў пра беларускі характар, да прыкладу, пра самую станоўчую і самую дадатную рысу нашага народу.

«Цярпімасць і павага да ўсіх людзей, незалежна ад паходжання» – гэткая самая вялікая цнота беларусаў, адзначае герой твора Рамук Шляхта.

Самая ж вялікая загана вынікае з цноты – беларус «чужых ставіць вышэй за сваіх», а з гэтым звязана і тое, што беларусы пры любых рэжымах і ўладах «здавалі» перадусім сваіх, можам мы прачытаць у кнізе.

«А я сваім розумам думаю, што трэба так: паважаць сябе, шанаваць сваіх і бараніць сваіх перад чужымі. Вось і ўся філасофія. А здраднікаў трэба чысціць. Злодзею можна прабачыць, ашуканцу-круцялю, ды шмат каму, але здрадніку – не. Здраднік – гэта забойца нацыі», – кажа старшыня калгасу і беларускі патрыёт Рафал Рубайла.

Наклад рамана ўсяго 200 асобнікаў, выдадзеных за кошт самога аўтара.