Трусаў: Пашана і павага да беларускай мовы расце ва ўсіх сферах жыцця Беларусі

Пашана і павага да беларускай мовы расце ва ўсіх сферах жыцця Беларусі, лічыць старшыня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" гісторык Алег Трусаў. Пра гэта ён заявіў БелаПАН у Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага, характарызуючы змяненні ў грамадстве да мовы тытульнай нацыі.

Паводле слоў Трусава, рост пазітыўнага стаўлення да беларускай мовы сёння асабліва адзначаецца "ў асяроддзі прадпрымальнікаў, навукоўцаў, студэнтаў і спартсменаў", сярод якіх "такога стаўлення да нацыянальнай мовы раней або не было ўвогуле, або яно было выяўлена слаба".

Працэсы ўмацавання пазіцый беларускай мовы ў грамадстве і ў вышэйшых эшалонах улады, падкрэсліў гісторык, ідуць паралельна: "Калі б хтосьці мне раней сказаў, што прэзідэнт заявіць: беларуская нацыя без беларускай мовы — не нацыя, я б не паверыў. А ён гэта сказаў".

"Прэзідэнт ужо нават не супраць, каб мы адкрылі беларускамоўны універсітэт, — адзначыў Трусаў. — Жарт гэта ці не жарт, але я ведаю, што ідэі гэтага "жарту" ўжо пачалі паволі рэалізоўвацца. Я не сумняваюся, што ў Беларусі з'явіцца нацыянальны ўніверсітэт, думаю, што мы з вамі будзем на яго адкрыцці праз некалькі гадоў".

Простым беларусам варта "больш актыўна выкарыстоўваць сваю нацыянальную мову і не баяцца прасіць ад улады беларускамоўнай адукацыі". "Калі б нашы людзі пачалі масава пісаць заявы на ўключэнне сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы і школы, то дзяржава пачала б гэта рабіць. У Фрунзенскім раёне Мінска гэты працэс ужо пачаўся", — дадаў Трусаў.

У Міжнародны дзень роднай мовы "Таварыства беларускай мовы" запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да напісання традыцыйнай Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая сёлета прысвечана творчасці Францыска Скарыны, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Увечары 21 лютага ў сядзібе ТБМ гэтую культурную акцыю правядзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, мовазнаўца Алена Анісім.

Некамерцыйная арганізацыя "Арт Сядзіба", якая займаецца папулярызацыяй беларускай культуры, 21 лютага правядзе ў сталічным клубе "Грай" музычна-забаўляльную вечарыну "Свята роднай мовы" з інтэлектуальнымі гульнямі, прэзентацыяй новых беларускамоўных настольных гульняў і кніг, а таксама выступленнем гуртоў Zanzibar, Recha і Znarock.

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэмія навук (НАН) да 26 лютага праводзіць у Мінску тыдзень беларускай мовы з серыяй мерапрыемстваў, прысвечаных развіццю нацыянальнай мовы тытульнай нацыі. Так, 21 лютага прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дэпутаты парламента, выкладчыкі ВНУ, супрацоўнікі СМІ і навукоўцы НАН абмяркуюць на круглым стале пытанне аб пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў навуцы, адукацыі і заканадаўстве.