Фестываль АDNАK! 2017 года пройдзе ў абноўленым фармаце

У гэтым годзе фестываль АDNАK! займеў шмат істотных зменаў, выкліканых уключэннем у рэйтынг крэатыўнасці беларускіх рэкламных агенцтваў АКМА і АРА. І каб адпавядаць яшчэ вышэй паднятай планцы, Аргкамітэт вырашыў парушыць шматгадовую традыцыю абвяшчэння фестывалю ўвесну і перанесці тэрміны правядзення фестывалю ADNAK!

Больш дакладныя даты правядзення фестывалю будуць вызначаныя ў ліпені гэтага года.

“Уключэнне аж у два рэйтынгі крэатыўнасці, чаго мы чакалі даўно, матывуе нас рыхтаваць фестываль іначай, чым у папярэднія гады. А гэта запатрабавала дадатковага часу і высілкаў. І таму, узважыўшы ўсе арганізацыйныя акалічнасці, мы вырашылі, што лепш парушыць шматгадовую традыцыю абвяшчэння фестывалю ўвесну, чым зрабіць яго не так, як нам бачыцца ў гэтым годзе”, — адзначыла сустаршыня аргкамітэта фестывалю, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская.

Наступны фестываль АDNАK! пройдзе ў абноўленым фармаце.

Асноўнае — усе намінацыі фестывалю будуць падзяляцца на два асобныя блокі:

  1. Камерцыйны блок — камерцыйная рэклама тавараў і паслуг, іміджавая рэклама кампаній. Удзел у намінацыях гэтага блоку будзе платным.
  2. Некамерцыйны блок — сацыяльная рэклама, грамадсказначныя і беларусаарыентаваныя праекты. Удзел у намінацыях гэтага блоку будзе па-ранейшаму бясплатным.

Таксама будзе працаваць менш складаў журы:

  • Крэатыўнае журы
  • Журы дызайну
  • Digital-журы
  • Журы сацыяльнай рэкламы, грамадсказначных і беларусаарыентаваных праектаў

Такія новаўвядзенні абумоўленыя прафесійным ростам фестывалю, які за гады свайго існавання ператварыўся з месца акумулявання спецыялістаў рэкламнага рынку, неабыякавых да беларускай мовы і культуры, у сапраўдную творчую лабараторыю са сваімі правіламі і ўзроўнем.