Альфа-Банк загаварыў па-беларуску з уладальнікамі смартфонаў

Альфа-Банк пачаў размаўляць праз мабільны банкінг на беларускай мове. На ім загаварыў дадатак Insync.by, якім цяпер карыстаецца больш за 80 тыс. чалавек.

Мабільны банк навучыла размаўляць па-беларуску вераснёўскае абнаўленне. Уладальнікі смартфонаў на OS Android і iOS могуць выбраць родную мову ў наладах. Пасля гэтага ўся камунікацыя будзе ісці па-беларуску. Пры жаданні можна карыстацца версіямі дадатка на рускай альбо англійскай мовах.

Дадатак Insync.by прэтэндуе на статус першага ў Беларусі лічбавага банка. Ён ўжо дазваляе кіраваць рахункамі ў любых валютах і весці ўлік гульнявога золата па кабрэндзінгавых картах сусвету Wargaming.

Цяпер таксама можна замовіць бонусную картку Alfa-life і аформіць віртуальную карту ёCard для бяспечных пакупак у інтэрнэце. Усё гэта зараз можна зрабіць са смартфона.

«Па сутнасці, Insync.by выходзіць за рамкі звыклага ўсім мабільнага банка. З яго дапамогай ужо можна адкрываць рахункі, мяняць валюту, аплачваць плацяжы і пераводзіць грошы са смартфона. Ва ўладальнікаў дадатка практычна няма неабходнасці наведваць банкаўскія аддзяленні. У далейшым у дадатка з'явяцца і новыя магчымасці», — падкрэсліла кіраўнік па электронным бізнесе Альфа-Банка (Беларусь) Вольга Філіпенка.