У Мінску адбыўся папярэдні паказ фільма «Шторм: Палаючы лiст» ў беларускай агучцы

Упершыню ў Беларусі фільм на беларускай мове выйшаў у масавы пракат. Ініцыятарамі ўнікальнай кінападзеі выступілі кампанія «Кiнаконг» сумесна з velcom і «Атлант Тэлекам». За два дні да прэм'еры ў velcom cinema by Silver Screen адбыўся папярэднi паказ нідэрландскай кінастужкі «Шторм: Палаючы лiст».

Фільм «Шторм: Палаючы лiст», створаны ў 2017 годзе ў Нідэрландах, апавядае гісторыю 500-гадовай даўніны. У атмасферы позняга сярэднявечча, на фоне вогнішчаў інквізіцыі, разгортваецца гісторыя ўратавання рукапісу Марціна Лютэра. Галоўную ролю ў ёй належыць выканаць 12-гадоваму Шторму Вотану. Ці здолее ён зберагчы каштоўны ліст ад знішчэння, а свайго бацьку — ад інквізіцыі?

«Мы выбралі гэты фільм невыпадкова. Яго сюжэт цесна пераплятаецца з адной важнай гістарычнай датай — 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Удвая сімвалічна, што гэтая карціна выходзіць у мінскі кінапракат адразу на беларускай мове. Спадзяюся, што з часам гэта стане звыклай практыкай для ўсіх кінасеансаў у нашай краіне », — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.

Кінастужка будзе ісці ў шасці кінатэатрах Мінска з 27 кастрычніка па 8 лістапада. А ў лістападзе яе змогуць убачыць жыхары іншых беларускіх гарадоў.

«Выхад у масавы пракат фільма «Шторм» на беларускай мове — гэта новы этап у развіцці праекта «Беларускія ўікэнды». Упершыню ў рамках праекта мы дэманструем на вялікіх экранах прэм'еру 2017 года. Усё гэта адбываецца дзякуючы падтрымцы партнёраў і шчырай цікавасці з боку гледачоў», — распавёў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.