У Гомелі разыгрываюць нацыянальныя сцяжкі і кубкі да 100-годдзя БНР

Сябры гомельскай кааліцыі «Наша альтэрнатыва» разыгрываюць нацыянальныя сцяжкі і кубкі да 100-годдзя БНР, якое будзе адзначацца ў 2018 годзе.

«З 2012 года мы ладзім кампанію па папулярызацыі гістарычнай сімволікі «Нацыянальныя сімвалы у кожны дом». Гэты год не выключэнне — з пачатку 2017 года праз конкурсы і акцыі распаўсюдзілі ужо больш за 500 сцяжкоў, каля 50 кубкаў, больш 200 налепак і магніцікаў з выявай «Пагоні». 25 лістапада стартуе новая акцыя, прысвечаная 100-годдзю БНР», — паведаміў БелаПАН сябра кааліцыі Кастусь Жукоўскі.

За рэпост у сацыяльных сетках запісаў з групы кааліцыі карыстальнікі інтэрнэту будуць узнагароджаны сувенірамі з выявай нацыянальных сімвалаў. Усяго разыгрываюцца 150 бел-чырвона-белых сцяжкоў і 40 кубкаў.

Конкурс ладзіцца на сродкі неабыякавых людзей — сябраў кааліцыі Андруся Цянюты, Наталлі Крывашэй, Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына.