Любоў Баркун. АБОРТ. Жорсткая наіўнасць

Автор: Любоў БАРКУН
2013-10-12 12:23

 

Любоў Баркун. Нарадзілася ў 1988 г. у Мінску. Скончыла гістарычны факультэт БДУ. Маці. Сябра Кансерватыўнага цэнтру NOMOS. Сфера інтарэсаў — філасофія жыцця, фундаменталь-анталогія М.Хайдэгера, экафемінізм, пазіцыйны фемінізм.

Бескарыснасць дыскусій з нагоды абортаў і практычных дзеянняў для скарачэння іх колькасці, на нашу думку, абумоўлена разгортваннем у свеце логікі глабальнай праграмы “лімітаў росту”, інспіраванай наднацыянальнымі структурамі больш 40 гадоў таму. Апошнія напрамую зацікаўлены ў захаванні актуальнага становішча. У такой сітуацыі адзіная “гуманная” альтэрнатыва аборту з’яўляецца комплекс мераў для папярэджання непажаданых цяжарнасцяў, што на самай справе апынаецца нізкаэфектыўным, бо мае ў падмурку фундаментальна негатыўнае стаўленне да жыцця і яго экспансіі. Таму адзіна магчымым метадалагічным выйсцем з вышэйакрэсленага становішча ўяўляецца погляд на праблему абортаў з прынцыпова іншага ракурсу — безумоўнага ўхвалення праяў “благой бясконцасці”.


Толькі не факты

Цэнтральным месцам тых ці іншых развагаў пра аборт, безумоўна, ёсць паняткі “чалавека”, “чалавечай істоты”, “чалавечага арганізма”, “чалавечага жыцця”, “эмбрыёна”. Ужо на гэтым першасным, эмпірычным узроўні праблемы апаненты радыкальна разыходзяцца ў сваіх меркаваннях. Апеляцыя да канкрэтных навуковых фактаў амаль ніколі не задае тон дыскусій вакол праблемы аборту. Калі ж яго прыхільнікамі закранаюцца пэўныя моманты эмбрыягенэзу (адносная несамастойнасць і асабліва неасобнасць чалавечай істоты на этапе антагенэзу), яны падладкоўваюцца пад акрэслена антывітальныя ідэалагічныя канструкты. Нейтральная паводле свайго зместу прыродная дэтэрмінаванасць чалавечага жыцця становіцца для апошніх невыносным цяжарам.

Найбольш частае сцверджанне, на якім грунтуецца ўся аргументацыя прыхільнікаў свабоднага права на аборт: “Эмбрыён — частка цела маці, бо ён нежыццяздольны па-за гэтым целам. Таму жанчына можа распараджацца эмбрыёнам паводле свайго жадання”.

Скандальны фемінісцкі лозунг “Маё цела — мая справа” ёсць квінтэсэнцыяй такога меркавання. Кажучы, што эмбрыён — гэта частка маці, прыхільнікі абортаў непазбежна апынаюцца ў сітуацыі супрацьпастаўлення “часткі-цэлага” і наступным крокам праводзяць недвухсэнсоўныя паралелі паміж эмбрыёнам і органам, які ўяўляюць адно часткай цэлага арганізма. Калі асобны орган (частка цела) з’яўляецца толькі адасобленай ад іншых функцыянальнай адзінкай, сукупнасцю разнастайных тыпаў клетак і тканін, якія выконваюць пэўную функцыю ў жывым арганізме, дык арганізм, у сваю чаргу, ёсць біялагічнай сістэмай, што складаецца з узаемазвязаных і супадпарадкаваных элементаў, узаемаадносіны і асаблівасці пабудовы якіх дэтэрмінаваны іх функцыянаваннем як цэлага. Да таго ж арганізм мае характэрную сукупнасць ўласцівасцяў: абмен рэчываў, рост, развіццё, памнажэнне, спадчынасць.

Звернемся да вызначэння “эмбрыён” ў Малой медыцынскай энцыклапедыі. “Эмбрыён — арганізм (сінонім панятка “жывы арганізм”— “істота”) на ранніх стадыях развіцця, што ўтварыўся з аплодненай яйкаклеткі”. Прычым у акушэрстве і гінекалогіі эмбрыён называюць арганізмам толькі цягам першых 8 тыдняў развіцця. Менавіта на гэтай ранняй стадыі адбываецца органагенэз і гістагенэз. Унутрыўтробнае развіццё з 9-га па 38-39-ы тыдзень называецца плодным перыядам, а сам арганізм — плодам. Чалавечнасць эмбрыёна, у сваю чаргу, зададзена аднойчы і назаўсёды пры ўтварэнні дыплоіднай клеткі (зіготы), і абумоўлена геномам чалавека. Таму заявы пра нявызначанасць кропкі пачатку жыцця чалавека — звычайная дэмагогія і наўмыснае скажэнне фактаў.

Такім чынам, эмбрыён — гэта чалавечая істота (арганізм), а не неакрэсленая “частка” або орган. Рашучая залежнасць эмбрыёна ад арганізма маці як мінімум у першай палове цяжарнасці не робіць яго чымсьці іншым, але з’яўляецца характэрнай рысай антагенэзу чалавека. Больш за тое, гэты перыяд з’яўляеццца выключна важкім у фармаванні разумовага, фізічнага і нават псіхічнага здароўя чалавека, якое наўпрост залежыць ад паспяховасці яго працякання.

Гэта акалічнасць вымагае адмовіцца ад абсурднага меркавання пра “непаўнавартаснасць” эмбрыянальнага перыяда антагенэзу чалавека праз сваю чыстую біялагічнасць, пазбаўленую “разумнасці”. Для прыхільнікаў права на аборт якую-кольвек значнасць чалавечая істота набывае толькі на стадыі яе індывідуацыі — перыяду самастойнага існавання арганізма. Тым часам чалавечая істота набывае сваю марфалагічную аформленасць ужо да пачатку плоднага перыяда (9-ы тыдзень антагенэзу чалавека), тэарэтычна далейшая яе жыццяздольнасць па-за целам маці — справа навуковага прагрэсу.

Як бачым, паспяховасць станаўлення чалавечай асобіны мае абсалютную залежнасць ад удалага эмбрыягенэзу. А яе самастойнасць — не пытанне паняткавай нявызначанасці, але ўзроўня развіцця медыцыны.


Закладнік права

Пакідаючы па-за сваёй увагай складанасць і шматграннасць такой з’явы, як “чалавек”, што ў шэрагу іншых мае складовай часткай і біялагічны чыннік, прыхільнікі свабоднага права на аборт без ваганняў пераходзяць да панятка “чалавечай асобы”, зразуметай, вядома, на сацыяльна-канструктывісцкі капыл. У ім, канечне, няма месца такой нязручнай фактычнасці, але толькі рэлевантным канструктам.

Каштоўнасць і нават змест такога чалавека вызначаюць не заімшэлыя, нязграбныя, рэпрэсіўныя навука, рэлігія ці мараль, а свабоднае, прагрэсіўнае грамадскае меркаванне, замацаванае ў “беспамылковых” міжнародных прававых дакументах.

Але і тут здараюцца недарэчнасці, якія моўчкі абыходзяць і не ўзгадваюць. Напрыклад, Канвенцыя аб правах дзіцяці ў першым артыкуле паведамляе, што “…дзіцяці з’яўляецца кожная чалавечая істота да дасягнення 18-гадовага ўзросту”, правы якой мусяць абараняцца асабліва пільна. Або адсутнасць у якім-кольвек міжнародным дакуменце “права на аборт”, толькі “рэпрадукцыйнага права”, увасабленнем якога ёсць права на планаванне сям’і.

Але забойства незапаланаванага і таму непажаданага эмбрыёна ніяк не можа быць інтэрпрэтавана ў якасці права на кантрацэпцыю. Бо апошняе ўяўляе з сябе папярэджанне цяжарнасці разнастайнымі спосабамі, аборт — ліквідацыю ўжо наяўнай цяжарнасці. Аборт, такім чынам, — гэта злачыннае ігнараванне права на планаванне сям’і. Больш таго, дзіцяці, якое было зачата ў грамадстве з шырокімі кантрацэптыўнымі правамі (правамі на планавую рэпрадукцыю), пагатоў перастае быць толькі “гульнёй” прыроднай стыхіі, але апынаецца лёгка прагназуемым наступствам чалавечай волі.

У святле вышэйназванай акалічнасці развагі пра большую ці меншую вартасць чалавечага эмбрыёна ў параўнанні з нованароджаным дзіцяці падаюцца нам ні чым іншым, як праявай пазітыўнай ліберальнай еўгенікі. Таму ў сучасным соцыуме з шырокімі правамі на планаванне сям’і абарона чалавечага эмбрыёна выглядае абсалютна заканамернай і неабходнай.

Не звяртаючы ўвагі нават на тое, што адпаведныя міжнародныя нормы канкрэтна акрэсліваюць недапушчальнасць выкарыстоўвання аборту ў якасці метада планавання сям’і, яго прапануецца ўспрымаць проста як медыцынскую аперацыю, а не як сімптом “сацыяльнай хваробы” ці “разлажэння грамадства”.

Прыхільнікі свабоднага права на аборт усяляк засяроджваюцца менавіта на наўпроставай яго залежнасці ад неспрыяльных сацыяльна-эканамічных фактараў. Тым часам апошнія ёсць непасрэдным увасабленнем недасканаласці ды заняпаду грамадства, але разам з тым шырокі распаўсюд абартыўнай практыкі не мусіць з невядомай прычыны ўважацца за негатыўны сімптом ды асуджацца.


Аборт — наступства безадказнасці ды распусты

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі 48,2% абортаў прыпадае на жанчын ва ўзросце 20-29 гадоў, 23% — ва ўзросце 30-34 гадоў, 14,3% — на жанчын 35-39 год, 6% — на жанчын ва ўзросце за 40 гадоў. Працэнтная вага абортаў, выкананых жанчынамі ва ўзросце да 20 год, складае ўсяго 8,5%. Як бачым, 91,5% абортаў здзяйсняюцца паўнагадовымі дзеяздольнымі жанчынамі, фізічна і псіхічна саспелымі асобамі, здольнымі несці адказнасць за свае ўчынкі, у тым ліку і за зачацце дзіцяці.

Цікава, што ў заходніх краінах, такіх, як, напрыклад, Швецыя ці Вялікабрытанія, з сістэмай “прагрэсіўнай” сексуальнай асветы, якая пачынаецца літаральна з дзіцячага садка, вага абортаў, выкананых узроставай групай 15-19 гадоў, у агульнай іх колькасці складае 17% і 19% адпаведна. Параўнанне з РБ цалкам адэкватнае, бо ў рэспубліцы за апошнія гады колькасць абортаў на 1000 жанчын ва ўзросце 15-44 гадоў дасягнула ўзроўню названых заходніх краін і склала 13,2 аборта на 1000 жанчын у 2011 годзе.

Апошнія лічбы прымушаюць задумацца над эфектыўнасцю (ці ўсё ж шкодай?), якую нясе ў сабе талерантнасць да “дзіцячай сексуальнасці” ды мэтанакіраванае разбэшчванне несфармаваных дзіцячых асобаў. Яшчэ адной цікавай акалічнасцю, пра якую сведчыць статыстыка, з’яўляецца вага абортаў сярод цяжарнасцяў, што прыходзяцца на жанчын ва ўзросце 15-19 гадоў у заходніх краінах і Беларусі. Калі ў першых аборт выконваецца ў 60% такіх выпадкаў, дык у Беларусі — толькі ў 30%. Правамерна будзе паставіць пад сумнеў выключную важкасць сацыяльна-эканамічных умоў для развязання праблемы на карысць захавання незапланаванай цяжарнасці.

У Беларусі на сённяшні момант існуе тры групы паказанняў для аборта:

І. аборт паводле жадання да 12 тыдняў цяжарнасці;
ІІ. аборт з нагоды медыцынскіх паказчыкаў на любым тэрміне;
ІІІ. аборт па сацыяльных паказчыках да 22 тыдняў цяжарнасці.

Варта адзначыць, што згодна з пастановай № 23 Савета міністраў ад 11.01.2013 года спіс сацыяльных паказанняў для аборту скараціўся з дзесяці пунктаў да двух і ўключыў у сябе такія пункты: наступленне непажаданай цяжарнасці ў выніку гвалту і даступнасць аборту для асобаў, што пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Нягледзячы на сапраўды значнае зніжэнне колькасці абортаў на 100 родаў ў Беларусі з 188,6 у 1995 г. да 29,5 у 2011 г., апошняя лічба ўсё адно выглядае жудасна: амаль кожны трэці зачаты чалавек будзе забіты.

Але хто казаў, што вайна скончана? На нашую думку, забарона аборта паводле жадання з захаваннем права на правядзенне аборту па медыцынскіх і сацыяльных паказчыках у сённяшнім выглядзе спрыяла б павышэнню нараджальнасці і не мела наступствам рост мацярынскай смяротнасці ад крымінальных абортаў. Пра гэта сведчыць практыка заходніх краін: як мы мелі магчымасць бачыць, Беларусь супаставіма з імі паводле абартыўнай статыстыцы ды статыстыкі мацярынскай смяротнасці (самай нізкай у СНД).

Філасофскае абгрунтаванне свабоднага права на аборт палягае ў рэчышчы дамінавання постметафізічнай, посттрадыцыйнай ды секулярызаванай грамадскай думкі. Думкі, дзе якое-кольвек абмежаванне свабоды чалавечай асобы ёсць большым злачынствам, чым забойства чалавека. Але ў сітуацыі “кантрацэптыўнай” логікі, дзе жыццё не ёсць абсалютнай каштоўнасцю і, больш за тое, з’яўляецца перашкодай для эфектыўнага кіравання празмернымі чалавечымі масамі, чакаць адказнага падыходу да наступстваў сваіх свядомых дзеянняў — цяжарнасці — не выпадае.

Мы добра ўсведамляем, што сапраўды паспяховае рашэнне задачы па зніжэнню колькасці абортаў не можа залежыць ад сітуацыйных, лакальных захадаў секс-асветніцкага ці сацыяльна-эканамічнага характару, але мусіць быць неад’емнай часткай прынцыпова адрознага ад сённяшняй спажывецкай парадыгмы светагляду, заснаванага на шанаванні чалавечай прысутнасці ў свеце, здольнасці несці адказнасць за ўласныя ўчынкі ды памкненні да Большага, чым ёсць сам(а). Бацькоўства — найлепшае для гэтага практыкаванне.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Материалы за:
день месяц год