Такі вось шоў-бізнес!..



Кастусь ГАМАНЕЦ



Кліпаў у нас здымаюць мала. Таму кожны новы відэакліп — гэта зьява ў нашай музычнай гісторыі й гісторыі шоў-бізнэсу (якога, як усе кажуць, тут няма) і найноўшай гісторыі Беларусі наогул.





Група таварышаў — аўтары і выканаўцы застольнага альбому “Крамбамбуля”, — а таксама рэжысэр Валодзя Маркевіч і апэратар Алег сабраліся ў кафэ “Гурман” ля Опэрнага тэатру. Сабраліся на прадмэт агляду памяшканьня. Хацелася чагосьці францускага, бо кліп меўся здымацца на песьню “Абсэнт”. Для пачатку ўзялі па каве. Кава падалася нармальнаю, таму надзея разам з гарачым напоем разьлілася па страўніках і сэрцах нашых героеў.





Мэнэджэр-прадусар Анечка наважылася, узяла кампакт “Крамбамбулі” і папрасіла выклікаць адміністратара. Ён прыйшоў. Нашыя героі нязладжаным хорам папрасілі пагаварыць з дырэктарам гэтай слыннай харчовай установы наконт здымкаў кліпу ў ейных сьценах. Адміністратар гаворыць: “Я ўпэўненая, што ўсё скончыцца дазволам, але прашу падыйсьці заўтра”.





Назаўтра дырэктар перадаў, што яго гэта абсалютна не цікавіць.





Нашыя героі засумавалі. І тут бубнач Аляксандар “Ганс” Быкаў у пошуках баснаслоўных барышоў пайшоў працаваць у кавярню “Мая дарагая” (пра яе ў пэўных колах ішла пагалоска, што гэта мейсца — зборны пункт лезьбіянак Менску. Пэўна, так вырашылі з-за назвы кавярні. Чаго толькі не гавораць людзі, дальбог!). Уладкаваўся ён туды бармэнам. Неяк нашыя героі прыйшлі паглядзець на працу калегі ў “Маю дарагую” і ўбачылі, што інтэр’ер пасуе для кліпу ня горай за “гурманаўскі”. Тутэйшая адміністрацыя надзіва хутка пагадзілася на здымкі.





Выпала гэтак, што здымкі гэтыя адбываліся ўначы. А ноч гэтая прыпала акурат на сьвята, якое называлася неяк незразумела. На плякатах, што заклікалі да татальнага сьвяткаваньня, было напісана: “3 ліпеня — дзень горада Мінска” і крыху ніжэй: “Дзень незалежнасьці” і яшчэ ніжэй: “Дзень Рэспублікі”. Маўляў, выберы сабе тое, што найбольш падабаецца, ды сьвяткуй.





“Мая дарагая” знаходзіцца ў старым Менску на вул. Камсамольскай. Зь дзевятай вечара музыкі “Крамбамбулі” пачалі падцягвацца да “Радыё Рацыі”, што месьціцца зусім побач з “Дарагой”. Там зрабілі з ласкавага дазволу “Рацыі” зборны пункт. Там жа адбывалася грымаваньне вышэйзгаданых музыкаў, якія мусілі пераўвасобіцца ў актораў.





Тым часам вакаліст Лявон і скрыпач Саша ліхаманкава прабіраліся праз натоўп падпітых людзей на машыне, рухаючыся ў бок цэнтру. Было позна, народ ірваўся дахаты пасьля фэервэрку. Тралейбусы йшлі перапоўненыя, горай чым у гадзіну “пік”. Паўсюль стаялі міліцыянцкія патрулі, шмат якія дарогі былі перакрытыя. Дакладней, усе дарогі, што вялі да вуліцы Камсамольскай. Церазь неймаверныя намаганьні, ледзьве ўламаўшы маёра, яны ў пачатку 12-й патрапілі на зборны пункт.





А там віравала жыцьцё: удзельнікі мерапрыемства, усе ў грыме, паказвалі адзін на аднаго пальцамі, дзіка сьмяяліся і жартавалі на тэмы сэксуальных меншасьцяў. Гітарыст Сяргей Канановіч у чорным гарнітуры й кепцы да жаху нагадваў У.І.Леніна. Кацярына Нявінская (выканаўца галоўнай жаночай ролі) ў парыку а-ля Амэлі, доўгай чорнай сукенцы, боа і тонкіх пальчатках выглядала нейкай зусім нетутэйшай. Трэба зазначыць, што гэтыя рэчы браліся не на кінастудыі “Беларусьфільм” і не ў тэатры Юнага гледача, а былі пазычаныя ў журналісткі “Беларускай газэты” Марыны Гуляевай, якая з задавальненьнем ахвяравала іх на здымкі, сказаўшы: “Бярыце, бярыце, усё адно ў нашай краіне мне іх адзяваць няма куды!”





І вось! Пачалося! Рэжысэр ставіць кадар, ставіць задачу, акторы яе выконваюць. Гэта ж трэба было ў маленькім памяшканьні “Маёй дарагой” здымаць розныя пляны з 12-й ночы і аж да 6-й раніцы! Зрэшты, ня ўсе апантана працавалі. На здымачную пляцоўку прыйшлі госьцікі дарагія — Аляксандар Памідораў, вядомы беларускі выканаўца і А.Кулік, вядомейшы фатограф, які, дарэчы вельмі дапамог пры афармленьні кніжачкі для кампакту “Крамбамбулі”. Госьці весяліліся, спажывалі розныя напоі, час ад часу да іх далучаліся ўдзельнікі творчае групы (асабліва бубнач Аляксандар “Ганс” Быкаў, што сказалася на ягоным здароўі, і пасьля 4-й ён мірна спаў пры стале, робячы выгляд, што задумаўся). Потым госьці ў лірычна-настальгічна-рамантычным настроі пайшлі лазіць па дахах дамоў на вул.Рэвалюцыйнай. А здымкі працягваліся. Найлепшым акторам сябе зарэкамэндаваў Уладзіслаў Плюшчаў (бас), які іміджава і тварам выдаваў на сапраўднага француза і граў рэалістычна, прасякаючыся роляй, паводле сыстэмы Станіслаўскага.





Увесь наступны дзень быў праспаны.





Другая сэсія была больш простаю. Трэба было здымаць праходы па начных вуліцах Л.Вольскага і К.Нявінскай. Гэтым разам ніякага сьвята гораду (незалежнасьці, рэспублікі) не адбывалася. Таму было ціха, спакойна. Адно толькі геймэры, што выйшлі папаліць у перапынках паміж баямі з кампутарнага клюбу “О’К”, глядзелі на здымкі, як на нешта дурное й непатрэбнае: маўляў, не каб сесьці за комп і рубануцца па сяці, дык ходзяць, нешта здымаюць! Дый яшчэ калі здымалі доўгую праходку Каці каля кіно “Перамога”, нейкі падпіты мужык усё крычэў ёй: “Слышыш, пашлі с намі!”





Уладзімір Маркевіч лазіў па старых арках і падваротнях, нешта там здымаў, потым выпадкова (а мо й невыпадкова!) знайшоў палыновы куст і абздымаў яго, нібы Калядную елачку з усіх бакоў ды ракурсаў. Той жа У.Маркевіч, як высьветлілася, настолькі прасякнуўся тэмаю, што аблазіў усе энцыкляпэдыі і распавёў прысутным пра тое, што абсэнт быў забаронены ў Эўропе ня дзякуючы сваім наркатычным уласьцівасьцям, а таму, што стаўся вельмі папулярны. Настолькі, што продаж віна ў Эўропе значна паднізіўся. І тады вінныя магнаты націснулі там, дзе трэба, і вось вам вынік…





А я магу толькі зазначыць, што на здымках кліпу (на першай сэсіі) гэты напой прысутнічаў, і завяршэньне было адзначанае ягоным ужываньнем. А завяршэньне другой адзначалася крамбамбуляй, якую зварыла мэнэджэр-прадусар Анечка. Праўда, і ў першым, і ў другім выпадках колькасьць напояў была нязначнай, але работа праведзеная была значная. Бо ў нас любы кліп — гэта падзея, тым болей, калі ўсё зроблена стылёва, прыгожа, і, значыцца, ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларускага шоў-бізнэсу (якога, як усе гавораць, не існуе).