Беларуская прастора у каардынатах "Паміж"
Сяргей ПУЛЬША
- Часопіс "Паміж" стаўся сур’ёзным філасофскім праектам на рынку беларускай культурніцкай прэсы. Нягледзячы на тое што самі выдаўцы называюць яго "камерным праектам". З-за накладу — усяго 299 экзэмпляраў, з-за складу аўтараў і выдаўцоў. Гэты праект грамадскай арганізацыі — Беларускага калегіюма пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, выпускаецца студэнтамі, сябрамі і выкладчыкамі БК. Зараз "Паміж" выйшаў ў інтэрнет, што, на думку рэдактаркі другога нумару Алі Сідаровіч, заўважна пашырыць кола чытачоў.
-
-
- — Інтэрнет дазваляе ахапіць значна большую аўдыторыю, больш людзей могуць пазнаеміцца з часопісам. Пры такім накладзе гэта вельмі зручна і вельмі істотна. Калі рабіўся першы нумар часопіса, вельмі вялікі ўдзел у ім прынялі выкладчыкі. Другі нумар рабіўся выключна студэнтамі ці былымі студэнтамі БК: пошук вырашэння ў макетаванні, пошук мастака і настройванне яго на адпаведны лад, рэдагаванне і стыляванне, — усе рабілі цалкам мы. Выкладчыкаў да гэтай справы не падпускалі.
-
-
- — Банальнае пытанне — "Паміж" чым і чым?
-
-
- — Калі мы працавалі над першым нумарам, быў цэлы спіс назваў, і мы збіралі тэксты зусім пад іншай назвай. Амаль перад самым выхадам узнікла "Паміж". Гэта вельмі зручная назва, таму што мяжа існуе заўсёды. І гэта насамрэч нулявы пункт адліку. Быццам бы гэта паміж чымсьці і чымсьці і да нечага адсылае. Але адначасова гэта тое, з чаго можна пачынаць.
-
-
- Гэтая назва прымушае сябе вызначаць у справе, у сваёй кампаніі, у беларускай культурніцкай прасторы, вызначаць, паміж кім і чым ты знаходзішся.
-
-
- — Ці існуе такое паняцце, як "беларуская прастора"? Што гэта, на вашую думку, такое?
-
-
- — Беларуская прастора існуе. Калі разважаеш, падаецца, што яе няма. Але яна, безумоўна ёсць, і гэта скажа любы чалавек, які ў кнігарнях набываў "Паміж" ці "ARCHE", калі чалавек хадзіў на нейкі беларускі рок-канцэрт. Ці хадзіў у інтэрнет на беларускія літаратурныя сайты. Альбо нават на беларускія порнасайты. Беларуская прастора ёсць усялякай, а не толькі літаратурнай.
-
-
- Мы прызвычаіліся ставіць сябе на пазіцыю большасці і глядзець з гэтай пазіцыі. Калі ты ўяўляеш сябе большасцю, ты можаш не заўважыць нейкае больш раскіданае. Штосьці іншага ўзроўню, іншага фармату. Я думаю, што беларуская прастора існуе, але яна крыху іншая, чым руская прастора ці англійская. Але яна не менш цікавая за рускую ці англійскую. Яна проста ёсць, і ўсё.
-
-
- — Якім вы бачыце трэці нумар часопіса?
-
-
- — Трэці нумар мы плануем зрабіць часткова па-англійску ці, можа, па-польску. Бо калі мы сустракаемся з замежнікамі ды прэзентуем часопіс, хацелася б, каб людзі мелі хаця б мінімальную інфармацыю пра тое, што ж ім падарылі. Каб часопіс не быў проста сувенірам. Мы перадаем з выкладчыкамі часопіс на замежжа, — але на той умове, што яго атрымаюць людзі, для якіх ён не будзе сувенірам.
-
-
- Там будзе шмат цудоўных перакладаў, будуць цікавыя эсэ. Планаў увогуле процьма.
-
-
- Гэты нумар будзе іншы, ён будзе адрознівацца ад другога, як другі адрозніваецца ад першага. Мы збольшага зыходзім з сітуацыі, з цяперашніх патрэбаў, чым з нейкай сталасці, з нейкіх рамак ці канцэпцый.
Спасылкі да тэмы:
БЕЛАРУСКІ КАЛЕГІЮМ
"Паміж" на Litara.net
Обсудим?