Аляксей Дудараў: галоўнае — каб цябе ставілі

Звярнуцца да Аляксея Дударава нас прымусіла інфармацыя пра тое, што вядомы беларускі драматург катэгарычна адмовіўся друкавацца ў выданнях...

Аляксей Дудараў

Звярнуцца да Аляксея Дударава нас прымусіла інфармацыя "Інтэрфакса" пра тое, што вядомы беларускі драматург катэгарычна адмовіўся друкавацца ў выданнях холдынга "Літаратура і мастацтва" нават за “неймаверныя ганарары”.
Дзіва што! Пасля сёлетніх скандальных пертурбацый на літаратурна-часопіснай ніве многія беларускія літаратары альбо самахоць, альбо змушана не з'яўляюцца на старонках тыднёвіка "ЛіМ" і часопісаў "Всемирная литература", "Крыніца", "Маладосць", "Полымя" і "Неман". Між тым Дудараў вядомы як досыць талерантны чалавек. "Белорусские новости" вырашылі даведацца, з чаго вынікае адмова драматурга — з прынцыповай пратэставай пазіцыі ці з прычыны асабістых напружаных стасункаў з кіраўнікамі холдынга.
Аляксей Дудараў — ці не самы папулярны драматург апошняга дзесяцігоддзя ў Беларусі. Ягоныя гістарычныя п'есы ідуць у многіх беларускіх тэатрах — ад Купалаўскага да правінцыйных. Дастаткова назваць такія пастаноўкі паводле Дударава, як "Князь Вітаўт" (якім сёлета адкрыў сезон тэатр імя Янкі Купалы і на які хадзіў сам прэзідэнт), "Чорная панна Нясвіжа", "КІМ". На "Вольнай сцэне" паказваецца спектакль "Вечар", які колісь — гадоў 20 таму — ставіўся чыста па ўсім СССР. Неўзабаве на кінастудыі "Беларусьфільм" будуць здымаць фільм па ягонай п'есе "Радавыя".
Дударава-драматурга любяць усе, прычым незалежна ад палітычных пазіцыяў. Два гады таму драматург, а да ўсяго яшчэ і старшыня Саюза тэатральных дзеячаў, заступіўся за Валерыя Мазынскага, якога Міністэрства культуры адсунула з пасады мастацкага кіраўніка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (у народзе — "Вольная сцэна"). А перад гэтым тут забаранілі граць спектакль "Прынц Мамабук" па п'есе Дударава. Мазынскі з Дударавым пад дахам СТД заснавалі новы тэатр са старой назвай "Вольная сцэна".
Але пасля гэтага Аляксей Дудараў зрабіў учынак, які ў нацыянальна арыентаваных колах інтэлігенцыі многія не зразумелі. Ён узяў спецыяльную прэмію прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за 2000 год. Тую прэмію Дудараву далі "за стварэнне гістарычных п`есаў, пастаўленых Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы". Сам Дудараў тады казаў, што апраўдвацца не збіраецца, а прэмію гэтую лічыць не прэзідэнцкай, а дзяржаўнай, якая ўяўляе сабой ацэнку ягонай творчасці і падзяку з боку беларускага народа. І ў рэшце рэшт, Аляксей Дудараў стаў лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне мастацтва і літаратуры за 2001 год.
Цяпер Дудараў заяўляе, што не хоча друкавацца ў часопісах холдынга "ЛіМ". У інтэрв'ю "Белорусским новостям" драматург распавёў, што ніякіх асабістых канфліктаў з кіраўнікамі холдынга і рэдактарамі тамтэйшых выданняў у яго няма. Зрэшты, яму "ніхто і не прапаноўвае друкавацца там. І гэта не выпадкова, бо ў адным з інтэрв'ю адзін з кіраўнікоў холдынга неяк сказаў, а хто я, у сэнсе Дудараў, такі?! Ды я і сам не хачу і не буду насіць свае творы туды, дзе не друкуюць Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна...".
Аб тым, што ён не патрапіць на старонкі холдынгавых выданняў, Аляксей Дудараў асабліва не перажывае: "Самае галоўнае для мяне — не гэта, а каб мае творы былі ў тэатрах. Дый зараз ёсць дзе друкавацца. Абы грошы былі".
Учынкі Аляксея Дударава можна ўспрымаць як заўгодна. Для кагосьці ягоная талерантнасць замешана на прыстасаванстве, іншыя лічаць, што проста ён мае на ўсё свой, не залежны ні ад палітычных варункаў, ні ад інтэлігенцкай карпаратыўнасці пункт гледжання.