«Шабаны» Бахарэвіча — раман з дзвюма памылкамі

Памылкі арфаграфічныя. Але ў пагоні за свабодай аўтар рызыкуе нарабіць і грамадзянскіх...

Увечары 22 сакавіка ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску прайшла прэзентацыя новага раману Альгерда Бахарэвіча «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення». Пісьменнік правёў у Шабанах сваё дзяцінства, юнацтва, а цяпер прысвяціў гэтаму раёну асобны твор, — як прызнаецца сам аўтар, вельмі аўтабіяграфічны...

Тым, хто спазніўся на прэзентацыю, у аудыторыі нават стаць не было дзе. Людзі слухалі аўтара нават стоячы ў калідоры, падглядваючы праз прыадчыненыяя дзверы. Сам Бахарэвіч пафасна чытаў твор, седзячы за сталом, у прыцемках, пад ашчадным святлом невялічкай настольнай лямпы. Чытаў спачатку моўчкі, пра сябе і для сябе, а потым і ўслых, перапыняючыся на рэмаркі і невялічкія музычныя паўзы.

На заднім плане — слайдшоў з фотаздымкамі «шабаноў» — мінскіх і гамбургскіх, дзе зараз пісьменнік жыве з жонкай і дачкой. На фота — зімнія, вясновыя, летнія і восеньскія «шабаны» з новымі дамамі пад вясёлкай, старымі абшарпанымі шматпавярхоўкамі, мэблевым сметнікам побач з футбольным полем і гамбургскай скульптурай мядзведзя, якая стаіць у двары цяперашняга дома гэтага пісьменніка.

Успомніў Бахарэвіч і панк-гурт «Правакацыя», заснавальнікам якога некалі быў, і репэтыцыі ў лазні ў Лагойску, і таемные вяртанні ў Мінск, якія звычайна не памятаў з-за пахмелля. Згадаў і ўнікальных шабаноўскіх жанчын, якія могуць хадзіць у краму ў ружовых хатніх халатах, і шабаноўскіх бабуль, якія ў сваіх хустачках выглядаюць зусім па-вясковаму. Падчас успамінаў Бахарэвіч нават заспяваў… шлягер пачатку 90-х мінулага стагоддзя — «Ружовы вечар» з рэпертуара гурта «Ласкавы май».

Па словах аўтара, у ягоным творы некалькі галоўных герояў. Першы з іх —хлопец, які ноччу вяртаецца пешшу з Зялёнага Луга дадому ў Шабаны. Яшчэ адна гераіня — жанчына Сафія, у якой знік муж. Галоўнымі героямі твору сталі і самі Шабаны, і сам аўтар.

«Кніга вельмі аўтабіяграфічная, яшчэ ніколі я не пісаў настолькі аўтабіяграфічную прозу», — адзначыў Альгерд Бахарэвіч.

Дарэчы, як прызнаўся пісьменнік, у новай кнізе ёсць дзве памылкі ў нямецкіх словах. Спачатку ён нават хацеў падмаляваць асадкай літары, якія адсутнічаюць у гэтых словах, але потым ўсё ж не стаў гэта рабіць.

Адказваючы на пытанні чытачоў, Бахарэвіч распавёў, што вельмі хоча вярнуцца на радзіму, але пакуль не можа гэтага зрабіць:

«Я вельмі паважаю людей, якія засталіся жыць у Беларусі. Я захапляюся вамі. Як у вас хапае сілаў жыць тут? Як у вас хапае моцы на гэта? Як хапае трываласці? Бо адчуваць штосекундна гэтае прыніжэнне, адчуваць, што з табой тут робяць улады… Я з’ехаў не па грошы, я з’ехаў па свабоду, і гэта быў маладушны з майго боку крок. Калі я з’язджаў у 2007 годзе, то быў на мяжы знікнення, на мяжы зрыву, самагубства. І гэты зрыў нават адбыўся, усё было вельмі складана, і пра гэта можна напісаць не адну кніжку. Я вырашыў, што хачу пісаць і стаць пісьменнікам, хачу выхоўваць дачку, хачу мець сям’ю і жыць на свабодзе. І я проста аддаўся на волю хваляў у надзеі, што гэтыя хвалі куды-небудзь прывядуць. Больш за пяць гадоў яны меня носяць-носяць кудысьці, і на маленькія берагі ўсё ж такі выносяць».

У Германіі Бахарэвіч зараз жыве на правох сваяка жонкі-студэнткі. Увогуле ў гэтай краіне, адзначае ён, да замежнікаў ставяцца па-рознаму. Ва ўсходняй Германіі, напрыклад, патыхае неанацызмам і ксенафобіяй. «Там людзі бядней жывуць, становяцца больш злыя, шукаюць вінаватага і знаходзяць яго ў замежніках», — тлумачыць пісьменнік.

У Гамбургу такога няма, паколькі там жыве шмат замежнікаў: «Калі вы зайдзеце ў вагон метро, то там 50% пасажыраў не будуць мець нямецкага пашпарту. Гамбург — вельмі талерантны горад, там нікога не хвалюе, які ў цябе пашпарт і адкуль ты прыехаў. Яшчэ ў Гамбургу ёсць такі раён — Сан-Паўлі, у якім выконваецца запавет «Расізму і нацызму — бой!». Гамбург — гэта горад антыглабалістаў, панкаў, анархістаў, багемы. Але гэты горад і жыве багацей, таму людзям у галаву не прыходзіць шукаць простыя адказы на складаныя пытанні. Там наогул немцаў жыве мала, а больш за ўсіх — туркаў, палякаў, сербаў, баснійцаў і расейцаў».

У Германіі Бахарэвіч працягвае распаўсюджваць беларускую культуру і мову, піша кнігі, выступае перад грамадзкасцю: «І ў мяне нешта атрымліваецца — усё больш і больш немцаў праз мае кніжкі і выступы даведваецца аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Гэта мой пасільны ўнёсак. Зараз для таго, каб рабіць нешта для Беларусі, неабавязкова тут жыць, гэта можна рабіць і адтуль».

«Хаця, безумоўна, вы ўсе робіце больш. Калі тут скончацца цёмныя часы, то людзі, якія тут жылі і гэтыя часы правялі тут, нікуды не збеглі, — яны будуць радавацца чыстай вялікай радасцю. Гэта будзе іх заслужаная радасць. Я такой радасці мець не буду, таму што ведацьму, што я ўцёк», — але пры гэтым пісьменнік зазначыў, што ніколі не быў палітуцекачом.

Аднак Бахарэвіч не вернецца ў Беларусь, пакуль над краінай не залунае бел-чырвона-белы сцяг. «У той дзень, калі пачвары не стане, я вярнуся ў Мінск», — заявіў ён. І выказаў спадзяванне, што ў тыя часы Шабаны ператворацца ў фэшэнэбельны раён Мінска.


  • Надо уже сейчас жить так, как будто его нет и ШОС произошел.