Другие материалы рубрики «Культура»

  1. РАБОЧИЙ СТОЛ. Владимир Пугач. Именная гитара и удобный андроид
    Солиста популярной группы J:Морс Владимира Пугача мне удалось застать в звукозаписывающей студии...
  2. КУЛЬТПОШУК. Аляксей Арцёмаў: перакладаць вучуся ў Барадуліна!
    Вы ведаеце чалавека, які жыве ў Расіі, не мае беларускіх каранёў і піша вершы на беларускай мове, чытае кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў, вядзе блог па-беларуску?..

Культура

КУЛЬТПОШУК. Воля Чайкоўская. Шлях да беларускасці і паэзіі


Паэтку Волю Чайкоўскую добра ведаюць у літаратурных колах. Яна — аўтар першай ў Беларусі папярова-мультымедыйнай кнігі “Лупы”, удзельніца музычнага праекту МЯТNА… Праўда, выступаць на публіцы не вельмі любіць. Гаворыць, што не адчувае сябе шоўмэнам.

Вольга Чайкоўская

Воля Чайкоўская. Паэт, удзельніца арт-праекту МЯТNА. Нарадзілася 20 снежня 1987 года ў Віцебску. Пачала друкавацца ў 2003 годзе. У 2007-м разам з мастаком і музыкам Юрыем Круглікавым зрабіла першы ў Беларусі паэтычны мультымедыйны праект “Лупы”. У тым жа годзе паэт і музыка стварылі арт-праект МЯТNА. Першы музычны альбом дуэта “Спрэс гуло” выйшаў у 2008 годзе, у 2010 годзе пабачыў свет другі альбом “Мітрэнгі”. Вершы Волі Чайкоўскай публікаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Верасень”, “Дзеяслоў”, у газеце “Літаратурная Беларусь”.



Цяга да выяўлення

А вось у дзяцінстве Воля выступаць любіла. Больш за тое, яна сама была і рэжысёрам, і сцэнарыстам, і цвіком праграмы канцэртаў “для сваіх”, якія ладзіла разам з малодшым братам. Перад сямейнымі святамі (дзень народзінаў матулі, Новы год) Воля распрацоўвала цэлую праграму хатняга канцэрту, запісвала яе ў спецыяльны сшытак. “Я занатоўвала падборкі сваіх і чужых вершаў. У праграме абавязкова былі танцы і запісы маіх спеваў. У мяне быў маленькі чырвоны магнітафон, на які я запісвала свае любімыя песні, а пасля ставіла іх гасцям”, — усміхаецца дзяўчына. Брат дапамагаў Волі ва ўсім: нешта ляпіў, выразаў, клеіў пад кіраўніцтвам старэйшай сястры.

Воля і сама заўжды любіла нешта рабіць рукамі, у яе была цяга да выяўлення. Школьныя настаўнікі раілі аддаць дзіцё ў мастацкую школу, але неяк не склалася. Затое Воліна матуля заўхоўвае ў шафах безліч паштовак, зробленых дачкой у дзяцінстве. Ды і зараз у вольны час паэтка робіць упрыгожванні з воўны ды лямца.


Беларускасць і фенькі

Што да вершаў, то іх Воля пачала пісаць недзе ў восьмым класе. У ёй жыло моцнае жаданне ствараць. Паштоўкі перасталі падабацца. З’явіліся філалагічныя здольнасці. Гэтаму спрыяла і гімназія ў Віцебску з лінгвістычным ухілам, якую Воля скончыла.

Вольга Чайкоўская

Сталі пісацца вершы. Спачатку па-руску. Але ў школе Воля заўжды была больш схільная да беларускай мовы, чым да рускай. Развіццю здольнасцяў спрыяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Тацяна Уладзіміраўна Петрачэнка, якая прапанавала Волі ўдзельнічаць у алімпіядах па беларускай мове. І вось перад абласной алімпіядай дзяўчына цвёрда вырашыла, што для практыкі (там жа ёсць конкурс вуснага маўлення!) будзе ў падрыхтоўчы перыяд размаўляць выключна па-беларуску. І стрымала слова. Аднакласнікі думалі: “Хай дзяўчына практыкуецца, а пасля алімпіяды зноў стане нармальным чалавекам”. Але Воля не перастала гаварыць па-беларуску. Калі прыехала ў Полацк на алімпіаду, вучні іншых школ дзівіліся, што дзяўчына размаўляе увесь час на роднай мове. Воля ж не магла даўмець, як можна па-іншаму на алімпіядзе па беларускай. Гэта ж лагічна!

Тады ж Воля захапілася беларускай літаратурай. Адкрыла для сябе творы Васіля Быкава і Алеся Разанава, што друкаваліся ў “Родным слове”. Адзін з вершаў Разанава так ёй спадабаўся, што нават выпісала яго ў сшытак.

Што да самавыяўлення праз мову, пазіцыянавання сябе такім чынам асаблівым, выбітным — то гэта не Воліна гісторыя. “Для мяне мова адпачатку была вельмі роднай, свойскай. Каб вылучыцца з натоўпу, у мяне былі іншыя сродкі. Я насіла фенькі да локця, розныя кулоны, клёшы шаленага бірузовага колеру, матуліны блузы… Неяк я сабе вышыла камізэльку беларускім арнаментам і насіла яе з камелотамі. А яшчэ я заўжды размалёўвала дзённік. Там былі ўсе колеры вясёлкі, і настаўнікі заўжды рабілі мне за гэта заўвагі. А я ўсё адно пісала што-небудзь кшталту John Lennon forever! і прымалёўвала збоку пацыфік”, — узгадвае з усмешкай Воля.


Быць сабой

На філфак дзяўчына не паступіла выпадкова. Доўга вагалася паміж філфакам ды журфакам. Калі была ў 11-м класе, на філфаку былі падрыхтоўчыя курсы па беларускай мове, на якія Воля адсылала выкананыя заданні.

Пасля на філфаку ладзіўся конкурс, па выніках якога некалькі чалавек залічылі на бюджэт без іспытаў. Воля была сярод лепшых, але ж у лік тых, каго прынялі без іспытаў, не трапіла. Ну, значыць, ня лёс, вырашыла паэтка і паступіла на журфак. У яе былі публікацыі ў віцебскіх газетах, яе вершы друкаваліся ў рубрыцы “ПВ Парнас” газеты “Переходный возраст”. Рубрыку гэтую тады вёў вядомы беларускі паэт Серж Мінскевіч. Ён і разгледзеў Волін талент.

“Я часам і шкадую, што працую журналістам. Бывае, так хочацца адкрыць свой хэнд-мэйд салон, валяць з воўны кветкі, піць каву, чытаць кнігі… Не хочацца гэтай мітусні”, — прызнаецца Воля.


Калі цябе няма ў інтэрнэце — то цябе проста няма

Вершы Воля піша ў галаве. Пасля запісвае іх на паперы, таму ў яе безліч нататнікаў. Мы сядзім на лаўцы ў парку, і Воля паказвае, што ў яе кайстры адначасова чатыры нататнікі. І толькі пасля паперы вершы перадрукоўваюцца ў камп'ютар.

Воля Чайкоўкая пакуль што выдала адзін зборнік вершаў — “Лупы”. Гэта не проста паэтычная кніга. Гэта — сапраўдны мультымедыйны праект, першы такі ў Беларусі. Дарэчы, усе асобнікі кнігі раскупілі вельмі хутка. Да кнігі дадаваўся дыск. На дыску — фільм. Яго зрабілі разам мастак і музыка Юрый Круглікаў і паэтка Воля Чайкоўская. Воля папрасіла Юрыя аформіць будучую кнігу, ён прапанаваў зрабіць і кіно. Канцэпцыю мультымедыйнага праекта прыдумлялі разам. Уся праца заняла усяго толькі тры месяцы! Спяшаліся, бо трэба было паспець да прызначанай даты прэзентацыі.

Зборнік прэзентаваўся ў віцебскім літаратурным музеі, потым у Менску на “Паэтычным дзявочніку”, што ладзіла Віка Трэнас. “Фільм рэальна спадабаўся. Неяк я нават даведалася, што яго перадавалі адзін аднаму, каб паглядзець”, — узгадвае Воля.

“Напэўна, калі цябе няма ў інтэрнэце, цябе наогул няма”, — лічыць Воля, а таму хутка, магчыма, “Лупы” з’явяцца ў інтэрнэце.

Вольга Чайкоўская

Паэтка Воля Чайкоўская не хоча быць навязлівай ў сацыяльных сетках і блогах. Час ад часу ў блог выкладае вершы, замалёўкі, эсэ. І калі Воля апублікавала на сваёй сцяне ў Фэйсбуку адзін верш на месяц, напрыклад, гэта зусім не значыць, што за гэты час яна напісала толькі адзін гэты верш. Наогул паэзія для Волі — рэч асабістая, інтымная. Гэта калі пішаш, каб пазбавіцца ад нейкага болю, перажыванняў, каб падзяліцца шчасцем. Напрыклад, як са слоікам: набіраеш у яго ваду, аддаеш ёй свае негатыўныя эмоцыі — і кідаеш слоік з вялікай вышыні.


Вершы Волі Чайкоўскай

Знакі прыпынку

Пуста без знакаў прыпынку
Проста зашмат прасторы
Думкі разгуляліся
            і ўнікнулі задуманага сэнсу
Паміж бязродных і адзінокіх
             словаў
                      радкоў
гуляюць твая і мая
                       думкі
і ніяк на агульны
                     клічнік ці кропку
натыкнуцца
                  не могуць
   ПАЭМА ГОРАДА

Да цябе то не даехаць, то не дазваніцца,
Горад, на які нельга забыцца.
Горад, якога нельга пазбыцца.
Нельга даехаць. Не дазваніцца…

Побач ляжыць, хоць рукой падаць —
Нельга пабачыць, нельга ўзяць.
Побач ляжыць, а не даць не ўзяць.
Горад, дзе можна проста стаяць.

Горад, дзе можна стаяць і слухаць.
Дзе ваканіцамі ляскае скруха.
Горад з адным вухам…
 

 

 

 
ХАМ

Я бы вам звязала рукі
Сваёй лаянкай,
Калі б лаянка мела ўласцівасць вяроўкі
Звязваць.
Я б выстраліла вам у твар сваім дыханнем,
Калі б выдых мог забіць.
Я б расфарбавала вам шчокі
Чырвонай памадай,
Калі б ад пунцовасці шчок
Прачнулася ваша сумленне.
Вам я падклала б мыш’як у варэнне.
Вам не дала б забыцця і збавення.
Вам — Хам!

          

Вецер

Такі моцны вецер,
Што калі дазволіш сабе расслабіцца,
Ён унясе цябе далёка на поўнач
І на месцы твайго знікнення
Пакіне табе помнік --
Водар парфумы.
Калі ты рашышся быць некім большым,
Чым проста ісці побач,
Я падтасую карты,
Падкуплю руны.
І хай сабе вецер свішча,
Даводзячы фіранкі да аргазму.
Я табе дам дакладны адрас выйсця

З гэтага пекла.

Але не адразу.


Оценить материал:
Средний балл - 3.64 (всего оценок: 17)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • "Вершы" спадабалiся.
  • милая:)
  • І гэты праект цудоўны! Дзякуй, цікава чытаць

Интересные Факты

Загрузка ...