ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Эдуард Акулін. Парэзанае «Радно» і спаленая для сяброў гітара

Сёння вядомы беларускі паэт, бард, перакладчык, рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень» Эдуард Акулін святкуе 50-гадовы юбілей...

 

Сёння вядомы беларускі паэт, бард, перакладчык, рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень» Эдуард Акулін святкуе 50-гадовы юбілей. Сябра пісьменніка Леанід Дранько-Майсюк назваў Эдуарда Акуліна «анёлам з выгляду, які мае характар зубра». Слова «анёл» ужываецца вельмі часта, калі іншыя гавораць пра талент Эдуарда Акуліна. Мне асабіста спадар Эдуард уяўляецца найперш анёлам-ахоўнікам беларускай паэзіі (зноў нікуды без анёльскага вызначэння!). Варта згадаць шматгадовую плённую працу літаратара ў «Беларускай хатцы» — доме Максіма Багдановіча, пра творчасць якога паэт не стамляецца гаварыць у сваіх вершах, песнях, артыкулах, падчас шматлікіх выступаў па ўсёй краіне. Альбо свята паэзіі ў Гарошкаве, якое Эдуард Акулін ладзіць сваімі намаганнямі ў гонар сябра — беларускага паэта Анатоля Сыса. Не забывае юбіляр і пра маладыя таленты: ён пачаў выдаваць часопіс «Верасень» менавіта для таго, каб падтрымаць пачынаючых паэтаў ды празаікаў…

У працоўнай атмасферы Эдуарда Акуліна многія рэчы прасякнутыя паэтычным духам Максіма. Падчас экскурсіі па кватэры юбіляра ён распавёў пра тое, як знішчылі яго кнігу паэзіі «Радно», як малады Едрусь спаліў гітару, каб сагрэць сваіх сяброў, як паштоўка з Максімам пераляцела акіян, каб патрапіць да яго, ды пра многае іншае.

Акулін

Мікрафон і комбік

Гэта мой працоўны кабінет. Тут я пішу, рэдагую, рэпетую песні. Тут тры гітары, комбік, мікрафон. Калі я выязджаю на выступленне, скажам у нейкай вясковай школе, дзе, як звычай, няма належнага абсталавання, тады абавязкова бяру з сабой комбік, мікрафон і, канечне, гітару.

Рабочий стол Акулина

Вершы, пушчаныя пад нож…

Кніга «Радно» пабачыла свет у выдавецтве «Палібіг» у 2000 годзе. Я прыехаў у выдавецтва, каб забраць аддрукаваны наклад, але дырэктар выдавецтва Аляксанд Зубец сказаў, што кнігу мне не аддадуць… «Чаму», — запытаўся я. Тады ён вывеў мяне на калідор і дастаў з кішэні кнігу «Радно», пераломленую папалам на вершы «Паэт». Гэта прысячэнне Нілу Гілевічу, якое гучыць так:

Пры гэтым народзе,
пры гэтай уладзе
паэтаў народных
штурхаюць на здраду...

Паэтаў вялікіх,
чый век несканчоны,
змушаюць маліцца
на псеўдаіконы.

Віжуюць, не спяць
слугачы-янычары.
Драпежна рыпяць
валадарскія нары...

За кратамі песня.
Ды гэтага мала...
Няўжо уваскрэсне
забойца Купалы?

Пры гэтым народзе
з уладаю гэткай...
Як мала народных —
сапраўдных Паэтаў!

У мяне здарыўся шок: ну, як гэта так? Кніга надрукаваная і яе збіраюцца знішчыць… А спадар Зубец (трэба ж было з такім прозвішчам нарадзіцца…) сказаў: заўтра прыходзьце, мы ў вашай прысутнасці пусцім пад нож наклад кнігі, «измельчим на макулатуру». Я адказаў, што не буду прысутнічаць пры гэтым акце вандалізму. Тады ён прапанаваў мне грошы за тыя дзесяць сігнальных асобнікаў, якія я дзень таму атрымаў. На што я яму адказаў: «Я — не Фаўст, а вы — не Мефістофель, каб прапаноўваць мне такое. Ні за якія грошы я не прадам вам гэтыя 10 паасобнікаў, бо ў іх я ўклаў часцінку сваёй душы…». 

Рабочий стол Акулина 

Рэквіем парэзанаму «Радну»

«Радно» так і засталося невыдадзеным да гэтага часу. Дарэчы, адзін паасобнік я перадаў на захаванне ў Нацыянальную бібліятэку. Кажуць яго змясцілі ў аддзел рэдкай кнігі, як літаратурны рарытэт… У 2003 годзе выйшаў мой паэтычны зборнік «Непрычалены човен», які я пачаў вершам «Рэквіем парэзанаму «Радну».

Хоць не калхідскае руно —
сатканае з суворых нітак —
Ад прадзедаў спакон — Радно —
наш скарб духоўны і нажытак.

І гэты скарб на гвалт, на здзек
пусцілі кніжныя вандалы.
О як пажадна рэзаў-сек
драпежны нож аб Волі мары...

Не ў кінавары, а ў крыві
лязо сталёвае кіпела...
На часткі — поўную Любві
душу, што ў вершы заляцела.

На прах паперны ў небыццё —
Каханне, Гонар, дух Максіма...
Дай Бог вам — доўгае жыццё,
сляпыя служкі Гільяціны!...

Рабочий стол Акулина

Новая кніга

Напрыканцы 2012 года выйшла доўгачаканая кніга «Малітва воч». Я яе чакаў дзесяць гадоў… Бо надрукавацца ў дзяржаўным выдавецтве, працуючы намеснікам старшыні СБП, было проста немагчыма. А ў Бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў», якому я аддаў дзесяць гадоў свайго жыцця, галоўны рэдактар выдання Барыс Пятровіч друкаваць мяне адмаўляўся… 

Рабочий стол Акулина 

Сёмы «Верасень»

Не так даўно пабачыў свет і чарговы нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень» (які выдае і рэдагуе Эдуард Акулін. — А.П.). Аформіла яго таленавітая мастачка Дар’я Бунеева. Гэты нумар выйшаў акурат да Калядаў і таму мае святочны бонус — мой новы кампакт-дыск «Не магу жыць без крыл».

Рабочий стол Акулина

Падарунак Зянона Пазьняка

Гэта гадзіннік з «Пагоняй» мне падарыў у 1991 годзе Зянон Станіслававіч Пазьняк, калі Соймы Беларускага народнага фронту праходзілі ў «Беларускай хатцы». Гадзінніку дваццаць два гады — да гэтага часу ён ідзе. Гэта адзін з 88 гадзіннікаў, што былі зробленыя для беларускай апазіцыі ў Вярхоўным Савеце. Я яго дзесяць гадоў насіў, а зараз берагу як гістарычную каштоўнасць.

Рабочий стол Акулина

Паштоўка з Амерыкі

Гэтая паштоўка вельмі памятная для мяне. Аднойчы, гадоў пятнаццаць таму, да нас у музей («Беларуская хатка». — А.П.) прыехала амерыканка. Яна была на інвалідным вазку і размаўляла па-беларуску, бо мела беларускія карані. Я правёў для яе экскурсію, паказаў «Батлейку». На знак удзячнасці яна падарыла мне гэтую прыгожую паштоўку з Максімам і «Пагоняй». Перад тым, як трапіць у мой кабінет, гэта паштоўка пераляцела акіян…

Рабочий стол Акулина

Праца мастака-фізіка

На карціне — мая жонка. Гэты партрэт напісаў настаўнік фізікі і паэт Міхась Рудзішкін. Мы разам працавалі ў Дуброўскай васьмігадовай школе, што ў Рэчыцкім раёне. Спадар Міхась быў адораны чалавек. Ён выкладаў у школе фізіку і матэматыку. Пісаў вершы для дзяцей. Умеў іграць на скрыпцы і любіў маляваць. Мы пасябравалі, і каб у нас засталася нейкая памяць пра вёску Дуброву і нашае сяброўства, ён прапанаваў маёй жонцы Наталлі напісаць яе партрэт. Гэта было ў восемьдзесят шосты годзе, годзе Чарнобыльскай катастрофы...

Рабочий стол Акулина

Гітарная гісторыя

Гэта гітара незвычайная. Я яе набыў на ганарар за аўтарскі канцэрт, што адбыўся ў межах літаратурнага фестывалю ў Славеніі. Па вяртанні ў Менск набыў гэты інструмент у краме «Музыка». Да таго ў мяне была вельмі просценькая гітара, якую я купіў за лімаўскі ганарар у 1985 годзе. Гэта гітара стала часткай майго лёсу. Яна перажыла разам са мной аўтамабільную аварыю. Тры гады таму мы з Анатолем Вярцінскім і Галінай Дзягелевай па зімовай дарозе ехалі на выступленне ў Лепелі, куды майго старэйшага сябра Анатоля Ільіча запрасілі яго землякі. Пад Лагойскам машыну выкінула з трасы проста ў лес… Тады я зламаў руку, гітару, разбіў ушчэнт машыну, але, дзякуй Богу, усе засталіся жывыя і здаровыя…Рука зажыла, машыну я здаў на металалом, а гітару ўдалося ўратаваць. Пасля рамонту яна зноў гучыць радасна і кранальна, як і да злапамятнага выпадку… Гэта дае падставу верыць у тое, што гітара таксама мае душу — музычную...

Рабочий стол Акулина

Паэзія ў тры шэрагі

Кніг у мяне не так і шмат. Пераважна — гэта паэзія. Асабліва шмат кніжак, якія выходзілі ў серыі «Першая кніга паэта». Калі Міхась Скобла складаў сваю анталогію «Краса і сіла», то часта прыходзіў да мяне з вялікімі валізамі, загружаў іх зборнікамі, а праз тыдзень вяртаўся за чарговай «порцыяй»…

Рабочий стол Акулина

Збор твораў Ніла Гілевіча

У мяне ёсць усе тамы збору твораў Ніла Гілевіча: ад першага і да дваццаць трэцяга. Праўда, яны не ўсе выйшлі, бо, на жаль, Народны паэт выдае яго за ўласную пенсію… Я вельмі даражу гэтымі кнігамі, бо яны выходзілі мізэрнымі накладамі — па 70-100 паасобнікаў, і ўсе з даравальнымі надпісамі.

Рабочий стол Акулина

Зачытаны томік Вазнясенскага

Гэта томік Андрэя Вазнясенскага «Дубовы ліст віяланчэльны». Мне яго падаравала адна дзяўчына, якая была ў мяне закаханая… Не пашкадавала 25 рублёў. Столькі каштавала гэта кніга з-пад палы на кніжных базарах. На той час гэта былі вялікія грошы: мая стыпендыя, да прыкладу, складала 40 рублёў — атрымліваецца, за кнігу трэба было аддаць больш за палову ад стыпендыі. Толькі закаханы чалавек здольны на такі ўчынак.

Рабочий стол Акулина

Анёлкі для жонкі

Гэты анёл — Калядны падарунак маёй жонцы, бо яна збірае фігуркі анёлаў. Дзе б я ні бываў, я заўжды стараюся прывезці ёй чарговага анёла. У жончынай калекцыі анёлкі з Славеніі, Сербіі, Літвы, Польшчы, Швецыі, Аўстрыі, Украіны і Расіі. Ну і зразумела ж нашыя — беларускія. У яе іх больш за сотню.

Рабочий стол Акулина

Упрыгожаная ўласнаруч ёлка

У нас традыцыя — ставіць не штучную, а жывую ялінку. Здаецца, што гэта не надта добра, бо ставячы жывую ёлку, мы губім прыроду. Але я апраўдваю сябе тым, што іх усё роўна ўжо ссеклі, а так яна хоць два калядныя тыдні яшчэ пажыве. Кожную раніцу я даліваю ёй вады — яна стаіць у слоіку. І штогод яна дастойвае да старога Новага году. На гэтай ялінцы — тры змейкі, бо надыйшоў год Змяі. У нас ёсць камплекты для кожнага знака задыяка — але разам мы іх ніколі не вешаем, каб не пасварыліся…

Рабочий стол Акулина

Цацкі з Лагойшчыны

Вось гэтыя саламяныя цацкі нам падарылі пасля выступу ў адной са школ Лагойскага раёна. Дарэчы, мы з Леанідам Дранько-Майсюком выступілі ў дваццаці шасці школах Лагойшчыны, засталіся літаральна дзве-тры школы, у якіх мы не былі. У адной са школ, у якой ёсць гурток саломапляцення, нам падарылі па наборы такіх саламяных упрыгожванняў. Ад таго часу я заўжды вешаю гэтыя цацкі на ялінку. Яны мне падабаюцца. У іх жыве часцінка летняга сонца. 

Рабочий стол Акулина 

Кветкі ад ўдзячных чытачоў

Дарэчы, вось гэтыя саламяныя кветкі нам таксама падарылі ў той школе. Паглядзіце, якія яны прыгожыя! Дарэчы, і ваза, у якой яны стаяць, — незвычайная. Яе мне ў якасці спецыяльнага прыза падарыў часопіс «Роднае слова» падчас першага фестывалю беларускай бардаўскай песні. Гэта было ў далёкім 1993 годзе. А ўручаў прыз галоўны рэдактар «Роднага слова» Міхась Шавыркін.

Рабочий стол Акулина

Сонечны здымак

Гэты здымак зроблены тры гады таму назад у Сербіі, дзе я быў на літаратурным фестывалі «Белградскія сустрэчы». Гэтым сценам больш за дзве тысячы гадоў. Цяпер тут заснаваны музей старажытнай культуры «Ромуліна». А калісьці гэта была летняя рэзідэнцыя Гая Юлія Цэзара. Фотаздымак зрабіў паэт з Тыбету, адзін з удзельнікаў фестывалю. Здымак атрымаўся вельмі сонечны — і гэтым ён мне падабаецца. 

Рабочий стол Акулина 

Падарунак з Мексікі

А цыгара — гэта падарунак майго старога прыяцеля, барда і літаратара Уладзіміра Клімовіча, які зараз жыве ў Мексіцы. Калі ён прыязджае на Беларусь, то робіць падарункі сваім сябрам. Я думаю, калі мне стане 80 гадоў, то, магчыма, я дазволю сабе запаліць гэтую цыгару. Да сёння я ні разу не спрабаваў паліць — гэта адзін з маіх жыццёвых прынцыпаў.

Рабочий стол Акулина

Сувенірная Пагоня

Калі я працаваў у Беларускай хатцы, наш музей замаўляў майстрам такія сувенірныя медалі. Асабліва добра яны разыходзіліся ў «Беларускай хатцы», бо менавіту ў ёй і была напісана Максімам ягоная славутая «Пагоня».

Рабочий стол Акулина

Сем тамоў Янкі Купалы

Збор твораў Янкі Купалы ў сямі тамах. Калі я вучыўся ў аспірантуры і прыязджаў сюды, я часта хадзіў у букіністычную краму, так бы мовіць, на паляванне… Пашанцавала, мабыць, толькі з пятага разу. Гэтыя сем тамоў я прачытаў ад першай да апошняй старонкі разы тры. Што раю зрабіць і маладым творцам перад тым, як крытыкаваць нашага нацыянальнага Генія.

Рабочий стол Акулина

Чачэрскі абраз

Гэта святы Панцеляймон. Вельмі стары абраз — яму больш за сто гадоў. Ён з Чачэрскага раёна з сям’і маёй жонкі. А набожнік, што на ім, маёй прабабулі, яму столькі ж гадоў. Прабабуля пражыла 97 гадоў, а гэты рушнік застаўся як памяць пра яе доўгі жыццёвы век… 

Рабочий стол Акулина 

Як Едрусь Акулін ахвяраваў гітарай дзеля сяброў

Калі ў «Чырвонай змене» яшчэ працаваў Вітаўт Мартыненка, ён распачаў серыю гутарак з беларускімі бардамі. Сярод іншых, зрабіў інтэрв’ю і са мной. Гэта быў 1991 год, тады «Чырвоная змена» была на піку сваёй папулярнасці. На фотаздымку бачны наклеены на тую самую першую гітару, набытую за лімаўскі ганарар, бел-чырвона-белы сцяжок. А самую першую сваю гітару я спаліў, каб сагрэць сваіх сяброў. У 1982 годзе мы паехалі ў Ялту, каб наведаць магілу Максіма Багдановіча. Мы не мелі магчымасці за нашыя сціплыя стыпендыі зняць гатэль, таму ўзялі з сабой намёты, спальнікі і размясціліся проста каля мора на скалах. А гэта быў канец кастрычніка і ночы былі дужа халодныя. Аднойчы мы прачнуліся, а намёт узяўся інеем. Турысты, якія былі да нас, усё, што можна было спаліць, спалілі. З таго, што гарэла, была толькі гітара. Я разбіў яе аб скалу, распаліў вогнішта і такім чынам сагрэў сваіх сяброў… З тага часу прамінула роўна 30 гадоў. Ці змог бы я сёння паўтарыць той рамантычны ўчынак? Думаю, што для такіх сяброў, як Алесь Бяляцкі, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Уладзімір Някляеў... Змог бы.

Рабочий стол Акулина