Святы Мікола на юбілей Эдуарда Акуліна здзейсніў цуд

Вечарына адбылася ў разняволенай сяброўскай атмасферы. Было шмат вершаў, музыкі, смеху. Не абыйшлося і без калядных цудаў...

Мінскі Палац мастацтва ў святочны дзень нараджэння Сына Божага быў як ніколі запатрабаваны публікай. І рэч не ў кірмашы мёду і індыйскіх тавараў, латкі з якімі ўтварылі вясёлы кілім на абшарах усяго палаца — людзі хвалямі ішлі на юбілейны вечар беларускага паэта і барда Эдуарда Акуліна, якому лёсам накаванава было нарадзіцца ў адну ноч з Хрыстом.

Нават без гучнай рэкламы на вечарыну да 50-годдзя Эдуарда Акуліна людзей прыйшло так шмат, што вялікая зала Палаца мастацтваў не змагла змясціць усіх прыхільнікаў творчасці літаратара — людзі стаялі ў дзвярах і праходах, многія слухалі выступы мэтраў сучаснай беларускай літаратуры, стоячы за ўваходам у глядзельную залу.

Вечарына адбылася ў разняволенай сяброўскай атмасферы. Было шмат вершаў, музыкі, смеху. Не абыйшлося і без калядных цудаў.

Эдуард Акулін — 5:0

Распачынаючы свята, юбіляр звярнуўся да прысутных са словамі: “На плакаце, які вы бачыце на сцэне, на вежы Гедыміна дзьве лічбы: “5:0”. Для кагосьці гэта лік у матчы БАТЭ — “Баварыя”, што адбыўся летась, а для кагосьці гэта жыццёвы ўзрост. І нікога гэты ўзрост не абміне. Хтосьці яго ўжо прайшоў, хтосьці яшчэ пройдзе, а я сёння якраз да гэтай даты дажыў. Я на гэтую вечарыну запрасіў сваіх самых лепшых сяброў, самых лепшых беларускіх паэтаў”.

Першым віншаваў юбіляра Ніл Гілевіч. Па стане здароўя ён не змог прысутнічаць сярод старэйшых сяброў і калег Эдуарда Акуліна. Але нягледзячы на гэта Ніл Сымонавіч быў з намі, “ягоная прысутнасць была вельмі сучасная — віртуальная”: мы пачулі аўдыёзапіс віншавальнай прамовы народнага паэта Беларусі.

“Выдатнаму беларускаму паэту Эдуарду Акуліну воляю нябёс загадана адзначыць сваё пяцідзесяцігоддзе — першы паважны юбілей. З аднаго боку, калі паглядзець на яго рухавую юнацкую постаць, на яго маладое аблічча, гэта проста неверагодна. З другога боку, калі ўлічыць, што ён ужо добрую чвэрць стагоддзя актыўна прысутнічае ў нашым літаратурным і культурна-грамадскім жыцці, дык трэба здзіўляцца, што яму яшчэ толькі пяцьдзесят.

Паэзія Эдуарда Акуліна патрабуе ўдумлівага, пільнага чытання. На ягоным творчым рахунку каля дзесяці кніг лірыкі, ды якой лірыкі, якой арыгінальнай, глыбокай і сур’ёзнай! Гэта паэт, які разумее самую складаную, самую суворую дыялектыку жыцця і мае мужнасць сказаць пра гэта гранічна шчыра.

Я хачу пажадаць Эдуарду Акуліну самага неабходнага: здароўя, невычэрпнай творчай энэргіі і натхнення”, — адзначыў Ніл Гілевіч.

Цуд на Каляды

“Пасля такой прамовы народнага паэта на сцэну можа выйсці толькі святы!” — абвясціў расчулены юбіляр, і — сапраўды — да публікі выйшаў Святы Мікола, у голасе якога прысутныя адразу пазналі літаратара Міхася Скоблу. Мікола быў шчодры на святочныя дары: самыя блізкія сябры юбіляра Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Рыгор Сітніца атрымалі каштоўныя падарункі.

Але на тое Мікола і святы, каб на Каляды здзейсніўся сапраўды цуд: “Юбіляр таксама атрымае ад мяне калядны падарунак. Гэта незвычайны падарунак, гэта… яго новая кніга, якая пакуль што існуе толькі ў адным асобніку! Вось яна — “Святая ноч” — том выбранай паэзіі Эдуарда Акуліна!”.

Юбіляр, трымаючы свежую кнігу сваіх выбраных вершаў, адзначыў: “Гэта сапраўды калядны цуд! Калі я запрашаў вас на вечарыну, то казаў, што калядныя цуды гарантуюцца, але я сам асабіста не спадзяваўся, што менавіта сёння, у гэты калядны вечар сам Святы Мікола падорыць мне самую доўгачаканую кнігу, якую я чакаў усё жыццё. Дзякуй, Святы Мікола!”.

Снягурка, якая таксама прыехала з дзедам Міколам з пушчы, апынулася музыкай Тацянай Беланогай. “Жадаю, каб у вашым жыцці было шмат дарог, сапраўдных дарог. Вы знойдзеце ў пакунку сімвалічны падаруначак, які вам у гэтым дапаможа”, — павіншавала Снягурка Эдуарда Акуліна.

Канечне, Тацяна Беланогая зрабіла юбіляру ды ўсім нам і музычны падарунак, выканаўшы песні “Малітва” і “Балюча”.

Леанід Дранько-Майсюк: Я вельмі люблю, як Эдуард Акулін смяецца

Пасля цудаў і песняў надыйшоў час для віншаванняў ад сяброў юбіляра. Паэт Анатоль Вярцінскі адзначыў, што яго “ужо заносіць: я гавару вершамі Эдуарда Акуліна. Галоўная тэма творчасці Эдуарда — тэма кахання. І яно ў яго рэальнае — да яго спадарожніцы па жыцці, яго музы жонкі Наталлі”.

Пісьменнік Уладзімір Някляеў прыгадаў, як у 1980 годзе да яго пасля вечарыны падыйшлі тры хлопцы і літаральна напрасіліся на сустрэчу: “Нешта ў іх было такое, што я інтуітыўна адчуў, што гэта невыпадковыя людзі ў маім жыцці і ў маім лёсе. І я не памыліўся. Адзін з іх аказаўся геніяльным паэтам. На жаль, яго ўжо не стала. Другі з іх зараз у вязніцы, а трэці вось тут — святкуе з намі свой юбілей”.

Уладзімір Някляеў прачытаў вершы-прысвячэнні Анатолю Сысу і Алесю Бяляцкаму.

Паэт Сяргей Законнікаў падзяліўся з прысутнымі, што ён “уздячны лёсу за тое, што мне пашанцавала сябраваць з такімі выдатнымі паэтамі як Пімен Панчанка, Максім Танк, з такімі празаікамі як Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль. Я вельмі шчаслівы яшчэ і тым, што і ў наступных пакаленнях у мяне ёсць малодшыя сябры, з якімі мне давялося не толькі папрацаваць, але і паездзіць па свеце. Я вельмі шчаслівы тым, што сябрую з Эдуардам Акуліным”.

Сяргей Законнікаў прачытаў прысвечаны юбіляру верш “Новы дзень”.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк, які аб’ездзіў разам з Эдуардам Акуліным усю краіну са шматлікімі выступамі, адзначыў: “Я вельмі рады, што мы з Эдуардам ездзім разам. І ў гэтых вандроўках адбываецца ўсё — і вясёлае, і сумнае, і нечаканае, і паэтычна. І я ўбачыў Эдуарда Акуліна такім, якім вы яго ніколі не бачылі. Ёсць дзівоснае слова “смех”. Гэта не проста слова, гэта філасофія, гэта мастацтва. Дык вось мастацтвам смеху Эдуард авалодаў як ніхто. Я вельмі люблю, як Эдуард Акулін смяецца. А смех у яго вельмі розны: і нечаканы, і сонечны, і абсалютна дзіцячы… Гэта смех неслужбовы! Ён не толькі выдатны паэт, але і чалавек высокай смехавой культуры”.

Літаратар Міхась Скобла падарыў Эдуарду Акуліну кнігу Вацлава Ластоўскага “Гісторыя беларускай крыўскай кнігі”.

“Добра нарадзіцца ў нейкі знакавы дзень. — Адзначыў Міхась Скобла. — Але нарадзіцца ў адзін час з Хрыстом — гэта сапраўды воля, дарунак лёсу”.

Міхась Скобла распавёў, як кніга Акуліна “Радно” была знішчаная і прачытаў верш “Рэквіем сябравай кнізе”.

Эдуард Акулін паведаміў, што кніга “Радно” ажыла: “Паколькі гэту кнігу напаткаў такі трагічны лёс, то я вырашыў змясціць яе цалкам у сваю кнігу выбранай паэзіі — ад першага верша да апошняга”.

Не пакінуў юбіляр сваіх сяброў і прыхільнікаў без музычных падарункаў. Усе разам праспявалі песню Эдуарда Акуліна “Янка Купала” і некалькі іншых кампазіцый.

Пасля песні на біс доўга яшчэ Эдуард Акулін прымаў віншаванні і падарункі ад сяброў і прыхільнікаў, падпісваў кнігу “Малітва воч”, якая нядаўна пабачыла свет, а таксама дыск “Не магу жыць без крыл…”, які паэт і бард выдаў да юбілею.


  • З Юбiлеем, з днём народзiнау, шаноуны спадар Акулiн! Творчых Вам поспехау i удзячных прыхiльнiкау!