ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Людміла Рублеўская. Рукапіс Янкі Купалы і маска Ясеніна

Уваходзячы ў кватэру Людмілы Рублеўскай, трэба забыцца на час — цябе абавязкова зацягне бы ў вір...

Развітваючыся з гасціннай пісьменніцкай сям’ёй Людмілы Рублеўскай і Віктара Шніпа, я сказала: “Спадарыня Людміла, вашая кватэра складаецца з кніг, карцін і камянёў!”. “Дакладна, так і ёсць! Яшчэ рукапісы!” — адказала Людміла Іванаўна. Уваходзячы ў кватэру Людмілы Рублеўскай, трэба забыцца на час — цябе абавязкова зацягне бы ў вір: шматлікія партрэты і пейзажы на сценах, камяні і ракушкі з розных куткоў света, сотні прыемных дробязяў, што ствараюць творчы настрой і гаспадарам, і іх гасцям.

Дарэчы, пра гасцей. Яны не забываюць дарогу ў кватэру пісьменнікаў. Першае, пра што мы гаворым з Людмілай Рублеўскай і Віктарам Шніпам (Віктар Анатольевіч прымаў актыўны ўдзел у нашай гутарцы: падказваў цікавыя рэчы, распавядаў пра некаторыя з іх, папраўляў жонку, часам сямейная пара нават спрачалася, прыгадваючы гісторыю з’яўлення таго ці іншага прадмета), стаў “Альбом сустрэч”, у якім і я пакінула запіс з падзякай гасціннаму дому і ягоным таленавітым гаспадарам.

Сустрэчы ў сям’і Шніпаў-Рублеўскіх

Вось “Альбом сустрэч”. Хто быў у нашай хаце, яны тут усе распісваліся. Распачаты ён ажно ў 1992 годзе. Вось аўтограф Сяргея Новіка-Пяюна — гэта дзякуючы яму мы такі сшытак завялі. Ён тут недалёка жыў, мы да яго ў госці хадзілі. А ў яго такі вось альбом быў, у якім яшчэ Янка Купала запіс пакінуў! Мы з Віктарам паглядзелі і таксама вырашылі завесці, бо госці ў нас вельмі часта бываюць.

Распісваюцца госці толькі адзін раз, хаця некаторыя ўмудраюцца па два. (смяецца) А часам забываемся даваць альбом, так што тут не ўсе, хто бываў у нас. Некаторыя малююць, як бачыш. Гэтыя партрэты мяне і Віктара Алег Карповіч зрабіў. Тут можна знайсці запісы Валянціна Акудовіча, Юры Гуменюка, Міхася Скоблы, Ірыны Шаўляковай, Андрэя Федарэнкі, Стэфана Эрыксана… Каго тут толькі не было! Выпадковыя людзі не прыходзілі — трэба ж было пасядзець, пагаварыць па ўсялякіх повадах. Вось тут на гэтым самым месцы збіраліся ЛіМаўскія гарбаты (рубрыка Людмілы Рублеўскай для штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. — А.П.), канапу, праўда, памянялі.

А максімальна тут было дваццаць шэсць паэтаў адначасова! Бывала, што прыходзілі суседзі сварыцца. Але мы выбачаліся, тлумачылі, што ў нас тут не п’янка, што мы культурна сядзім, вершы чытаем… Дык яны і самі ж бачаць, што мы тут не гулянкі ладзім! А пасля неяк мяне запрасілі на сустрэчу ў бібліятэку, у якой намеснікам загадчыка працуе жанчына, якая жыве пад намі. Пасля гэтага яны перасталі да нас хадзіць сварыцца. (смяецца) Галоўнае — высветліць, што да чаго.

Працоўная канапа

Самае галоўнае маё працоўнае месца — гэтая канапа. Вось тут — самае тое! Канечне, звычайна яна разасланая, я пад коўдрай, нэтбук на каленкі… Менавіта такім чынам напісаныя ўсе мае апошнія раманы. “Скокі смерці” я яшчэ пісала на іншым камп’ютары, а “Сутарэнне Ромула” і раманы пра Вырвіча напісаныя вось на гэтым самым нэтбуку. Маё працоўнае месца — гэта, канечне імітацыя, бо вакол мяне заўжды вырастаюць кнігі. У рэдакцыі мяне прымушаюць прыбрацца, але праз нейкі час глядзіш: стосы растуць і растуць. Тут тое самае: імгненна абрастаю кнігамі. А так у асноўным жыву ў свеце фантазій вось тут (паказвае на галаву. — А.П.) — усё там у мяне адбываецца.

Нэтбук з Масквы

Гэты камп’ютар мне прывёз Віктар з Масквы, куды ездзіў у камандзіроўку на кніжную выставу.

Віктар Шніп: Тады ў Мінску іх яшчэ не было.

Людміла Рублеўская: Не, былі, проста там тады было выгадней купляць. У нас у сям’і ёсць усё: два ноўтбукі, планшэт, нэтбук, стацыянарны камп’ютар…

Проста ноўтбук цяжэй на каленках трымаць, з ім доўга не прасядзіш. Нэтбук зручней для мяне.

Артыкулы па працы я, канешне, пішу ў рэдакцыі, а тое, што тычыцца літаратурнай творчасці, дома. Стараюся знаходзіць час. Калі ўсе спаць кладуцца, тады і пачынаецца мой працоўны графік: ціха, я дзверы зачыніла і сяджу набіраю. Саджуся, кладуся на канапе. (смяецца) Мне дастаткова, што я седзячы на працы пішу, таму лежачы ёмка працуецца.

Пагружэнне ў матэрыял

Вось тут — літаратура, якой я карысталася пры напісанні трылогіі пра Пранціша Вырвіча. Тут не ўсё, толькі частка засталася, многія кнігі я папрыбірала. Ідзе пагружэнне ў матэрыял, я актыўна выкарыстоўваю слоўнікі, даведнікі.

Каля мяне заўсёды ляжаць слоўнікі. Канечне, “Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага, дзе шмат незвычайных слоў. Безумоўна, літаратару трэба мець і расійска-беларускі слоўнік Некрашэвіча і Байкова. Ёсць і звычайны “афіцыйны” руска-беларускі слоўнік. Калі пішу гістарычны твор, то кожнае слова гляджу: калі можна падабраць штосьці больш каларытнае, то я гэта раблю. Акрамя слоўнікаў, тут розная літаратура: мемуары, дакументы, кнігамі Мальдзіса карыстаюся ва ўсю… Пакуль другую частку трылогіі пра Вырвіча прачыталі некалькі чалавек. Што сказалі? Ну, сцвярджаюць, не горш, чым першая, атрымалася.

Акупаванае працоўнае месца

Вось гэта таксама маё працоўнае месца, якое даводзіцца падзяляць з усімі: і з мужам, і з дзецьмі… Таму я чакаю, пакуль усе ўлягуцца спаць, і тады мне раскоша.

“Інсітнае” мастацтва

Я ёсць інсітны мастак. (смяецца) Не, ну праўда, такое мастацтва — непрафесійнае, шчырае — нават вывучаюць. Мая знаёмая мастацтвазнаўца пісала пра інсітных мастакоў-пісьменнікаў — разглядала карціны Васіля Быкава, Віктара Карамазава, і мае творы згадвала… Я па першай адукацыі архітэктар. Працавала на заводзе “Гарызонт”, дзе шмат чаго малявала — мы афармлялі працоўныя інтэр’еры. Гэта вось мае дзеткі, Максім і Вераніка! На фоне Беларусі — тут сабраныя самыя знакавыя беларускія храмы, а на фоне неба вымалёўваецца Сафія, якую пабудуюць. Ці спадабалася дзеткам карціна? А куды яны дзенуцца, яны ж малыя былі! (смяецца) Зараз вось абодва на мастакоў вучацца. Зараз пішу мала карцін — элементарна не хапае часу. Ды і перад дзецьмі неяк няёмка, бо яны ўжо прафесійныя мастакі, ну а я што?.. (усміхаецца)

На фоне Еўропы

Як я некалі сфармулявала: у творчага чалавека інтэнцыя, патрэба выказвацца ўвесь час праяўляецца. Калі не пішуцца, скажам, літаратурныя творы, то ствараюцца карціны… Гэта мае аўтапартрэты. Той я напісала пасля паездкі ў Берлін. Там, праўда, не Берлін, а ўмоўная Еўропа. Я пасля іранічны верш сачыніла: “На фоне Еўропы здымаецца пані Людміла…”. (усміхаецца) Я без прэтэнзій у плане жывапісу…

Львоўскія фрэскі

А гэта фотаздымкі, якія я зрабіла ў львоўскай Армянскай царкве, якая цудоўна распісаная мастаком Янам Генрыхам Розэнам. Там яго вялікія фрэскі ў стылі дэкадансу на ўсю сцяну — проста цуд! Мне так спадабалася, што я не ўтрымалася і сфоткала, а пасля на сценку павесіла. Розэн пасля з’ехаў у Амерыку і там праславіўся. Вось глядзі: пахаванне святара. Звярні ўвагу: ля труны ідуць жывыя, а побач, бачыш, прывідныя постаці памерлых. Толькі адзін з жывых бачыць прывыдаў. Яшчэ дэталь: над галовамі пазначаныя німбы. Завершаны німб — у нябожчыка, з жывых абазначаны толькі над адным, магчыма, ён наступным памрэ, а, можа, ён найбольш наблізіўся да святасці... Розэн — мастак пачатку 20-га стагоддзя, калі панавалі дэкаданс, сімвалізм — там столькі сімвалаў, фрэскі вялікія… А вось гэтая карціна — усекнавенне галавы Іаана Хрысціцеля. А твары — дакладна французскі артыст Крыстоф Ламбер! (смяецца)

Рукапіс Янкі Купалы

Тут выпадкова нічога няма. Вось, напрыклад, рукапіс Янкі Купалы. Не аўтэнтычны, канечне. Мне яго падарылі супрацоўнікі музея Янкі Купалы — я ўдзельнічала там у вечарыне “Ноч беларускай літаратуры”. Гэта адсканаваны рукапіс, які састарылі, каб было адзін да аднаго. Ён быў звернуты, абвязаны стужкай…

Падарунак Мікалая Цудзіка

А вось гэтая карціна мне падораная мастаком Цудзікам-старэйшым. Ён у рэдакція ЛіМа сустрэў мяне на калідоры, узяў за руку, павёў у кабінет, дзе выставіў карціны на продаж, і сказаў: “Выбірай, я табе падару!”. Тады ён мяне першы раз убачыў…

Віктар Шніп: А я з ім даўно сябраваў…

Архіў публікацый

Віктар Шніп: А вось тут анталогіі, зборнікі, часопісы і газеты, у якіх мы з Людмілай друкаваліся.

Людміла Рублеўская: У нас столькі кніг і часопісаў, што няма куды дзяваць! Калі ты бачыш зачыненыя дзьверы ў нашай кватэры, то за імі кнігі. А тут рукапісы, публікацыі…

Лісты ад Рыгора Барадуліна

А вось тут мы захоўваем лісты, якія атрымлівалі ад Галубовіча, Сыса, Дранько-Майсюка, Барадуліна… Тады інтэрнэту не было, і лістоў пісалася шмат.

Віктар Шніп: Ад Галубовіча лісты прыходзілі і з вёскі, і з Масквы, і з іншых месц, куды яго закідвала жыццё… Сыс прысылаў мне з войска свае вершы, а я іх па рэдакцыях разносіў…

Людміла Рублеўская: У нас ёсць лісты адзін да аднаго…

Папугайчык Северус

Гэта ўжо чацьвёрты наш папугай. Першага мы ўзялі выпадкова, і ён быў такім добрым, мы яго так любілі, што калі ён загінуў, мы ўжо не маглі без папугайчыка… (Северус падчас нашай экскурсіі ўвесь час вылятаў з клеткі і сядаў на плечы ці на галаву Віктара Шніпа, нешта шчабятаў яму на вушка. — А.П.) Адзін з нашых папугайчыкаў выведзены ў маёй аповесці “Пярсцёнак апошняга імператара” у выглядзе крумкача Карла Карлавіча — менавіта першы наш папугайчык так прадстаўляўся: “Карл Карлавіч, прафесар”. Пісьменнікі ўсё ў творы цягнуць, як тыя сарокі. (смяецца)

Сава ў нагрузку

Віктар Шніп: А вось ўзнагарода “Залаты апостраф” ад часопіса “Дзеяслоў” Людміле за раман “Золата забытых магілаў”.

Людміла Рублеўская: Саву таксама ў якасці ўзнагароды ўручылі. Гэта было… У якім годзе, Віця? У 2004-м, адна з першых прэмій “Дзеяслова”. Тады такіх соваў давалі ўсім пераможцам. Гэта аўтарская праца, і кожная сава была адрозная, своеасаблівая. Я люблю соваў, гэта добры сімвал.

Час збіраць камяні

Я збіраю каменні, адусюль іх прывожу. Кожны камень захоўвае энэргетыку таго месца, адкуль ён узяты. Вось тут у мяне кавалак берлінскай сцяны. Я яго набыла ў Берліне ў турка на тым самым месцы, дзе стаяла гэтая сцяна. Я набыла тады, калі гэта было аўтэнтычна, з рэшткамі нейкіх графіці. Сёння, кажуць, там прадаюць збольшага падробкі, іх на некалькі сценаў хапіла б. Вось камень з Астрожскага манастыра ў Чарнагорыі. Я туды падымалася па традыціі басанож, вельмі доўга было ісці ўгару, але я дайшла. Гэта камень са старых ракаўскіх могілак, ніхто туды не ходзіць, бо яны зараслі хмызняком. Вось памяць пра Полацк — кавалак цагліны з Барыса-Глебскага манастыра, які сёння не існуе, на ягоным месцы — “хрушчоўка”, асфальт, сметніца… У мяне ёсць правіла: я ніколі не ламаю сцены, бяру толькі тое, што валяецца. Я толькі падбіраю, спецыяльна нічога не буру. (смяецца)

Марскія камяні і ракушкі

Кожная чаропка напоўненая здабычай з нейкага асобнага мора. Вось тут — Міжземнае мора, тут — Адрыятычнае, з Чорнага мора самая вялікая ваза з каменнямі. Усяго я была на шасці марах. Пабыць бы я хацела паўсюль, бо дужа люблю падарожнічаць. Каб была магчымасць, я б ўсюль паездзіла. У параўнанні з тым, што я хачу, я яшчэ так мала дзе была…

Караткевіч з фотаздымка

Так, гэта таксама я пісала партрэт Уладзіміра Караткевіча. Уяўляеш, я не была з ім знаёмая. Я была ўпэўненая, што я з ім пазнаёмлюся, бо так захаплялася ягонай творчасцю, але не давялося… Партрэт з фотаздымка пісала.

Маска Ясеніна

Вось глядзі, маска. Як ты думаеш, чыя? Не, не Багдановіч і не беларуская пісьменніца… Гэта сапраўдная пасмяротная маска Ясеніна! Мне яе падарыў на дзень народзінаў мастак Алег Маціевіч.

Дзяўчынкі такія дзяўчынкі

А во прыкольная фотка! Гэта мы з дачкой у Львове ў знакамітай кавярні “Крыіўка”. І вось паглядзі: я трымаю аўтамат як ружжо, а яна ружжо як аўтамат! Да нас гэта дайшло толькі потым, калі мы ўжо сфатаграфаваліся. (смяецца) Ну, дзяўчынкі, што з іх ўзяць!

Вучнёўская праца Веранікі

Гэта карціна ў стылі баціка дачкі, вучнёўская праца. Прычым, яна ёй не спадабалася, дачка скамячыла тканіну і паклала. А я дастала, і панесла афармляць. Мне там сказалі: во, якая цікавая праца! Зараз у гасцінай вісіць. Вераніка вельмі самакрытычная. Гэта ад бацькоў, безумоўна.