КУЛЬТпошук. Праект Litara-A. Карпарацыя па захопу беларускіх сэрцаў

Хлопцы ў трэндзе: яны даносяць вершы класікаў беларускай літаратуры, а таксама паэтаў-сучаснікаў праз кароткія дынамічныя відэаролікі...

Рэжысёр, кіраўнік студыі відэапрадакшну Zvonka Павел Доўнар і мадэль, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дзяніс Бурко ўзяліся за папулярызацыю беларускай паэзіі. Хлопцы ў трэндзе: яны даносяць вершы класікаў беларускай літаратуры, а таксама паэтаў-сучаснікаў праз кароткія дынамічныя відэаролікі, на якіх беларусы — медыйныя і невядомыя людзі — чытаюць тэксты, што на душу ляглі.

Павел Доўнар Дзяніс Бурко
Павел Доўнар Дзяніс Бурко

Дзякуючы намаганням хлопцаў, на прасторах байнэта можна сустрэць відэавершы Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, Максіма Танка і Алеся Гаруна, Анатоля Сыса і Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Яўгеніі Янішчыц і Дануты Бічэль-Загнетавай, Алеся Разанава і Генадзя Бураўкіна.


Прыцягнуць да беларускасці моладзь

Супольны мультымедыйны праект Дзяніс і Павел назвалі Litara-A. З аднаго боку, гэта зразумелы і просты скарот слова “літаратура”, з іншага, паказнік пачатку ўсяго, бо літара “а” — першая. Менавіта пачаткам, першым крокам на шляху да глабальнай мэты — папулярызацыі беларускасці як такой — і лічаць хлопцы сваю дзейнасць.

“Мы хочам прыцягнуць увагу да беларускага слова тых людзей, якія не вельмі блізкія да беларускай мовы, зацікавіць іх”, — прызнаецца Павел.

Ідэя праекту і суполкі ў сацсетцы “ВКонтакте” нарадзілася сумесна: Дзяніс прапанаваў зрабіць нешта беларускаарыентаванае — ён выношвае ідэю моладзевага тэлебачання, што ў беларускіх рэаліях ажыццявіць зусім няпроста. Павел яго падтрымаў і прапанаваў пачаць з відэаролікаў, арыентаваных галоўным чынам на моладзь. Абодва сышліся на тым, што гэта мусіць быць ажыўшая паэзія. Так і пачалося.

Абавязкі ў камандзе з двух чалавек падзеленыя проста і ясна: Дзяніс займаецца падборам вершаў (ён выкладае ў 23-й гімназіі беларускую мову і літаратуру, а таму знаходзіцца “ў тэме”) і кантактуе з людзьмі, якія гэтыя вершы пасля чытаюць на камеру. Павел займаецца ўласна здымкамі і мантажом відэаматэрыялу.

“Калі мне паступаюць заяўкі ад жадаючых прачытаць нейкі верш, я іх адпраўляю Дзянісу, а ён ужо вырашае, абапіраючыся на свой густ, якія вершы нам падыходзяць, а якія заяўкі адхіліць. На мне ўсё па частцы відэа і прадакшн”, — распавядае Павел.

Хлопцы некалькі разоў падкрэслілі, што не хацелі б, каб на праект вешалі клішэ апазіцыйнага: “Мы культурніцкі праект. Мы не пра палітыку, а пра паэзію і мову. Гэта вельмі важна”.

Віталь Гуркоў выбраў Алеся Разанава, а Vincent пераўвасобіўся ў Анатоля Сыса

Жадаючых паўдзельнічаць у праекце, які ўсё больш і больш набірае абароты ў інтэрнэце, хапае. Адны дасылаюць вершы прызнаных беларускіх паэтаў, іншыя спрабуюць прасунуць уласныя вершы, а нехта проста гарыць жаданнем спрычыніцца да беларускага слова і спадзяецца на выбар Дзяніса, які сам вырашае, што пойдзе ў эфір, а што — не.

“У нас цэнзура, — смяецца Дзяніс. — Не пройдуць, напрыклад, прапагандысцкія вершы, альбо тэксты пра “рускае адзінства” — нам дасылалі і такое… Наагул жа, строгай сістэмы пры адборы вершаў няма. Галоўнае, каб тэкст лёг на душу чалавеку, які яго збіраецца чытаць. Я сам час ад часу чытаю для праекта, таму ведаю, што пакуль ты не прапусціш паэзію праз сябе, нічога не атрымаецца…”.

Вядомы беларускі спартсмен Віталь Гуркоў, напрыклад, сам выбраў вершы. Спыніўся на Алесе Разанаве.

Тым, хто сочыць за праектам, запомніўся відэаверш Анатоля Сыса “Паэт”, прачытаны беларускім рэперам і акцёрам Вінсэнтам, які пераўвасобіўся ў знакамітага паэта.

“Мы думаем заняцца больш сур’ёзнай пастаноўкай. Працягнуць тое, што распачаў Вінсэнт. Мы падабралі для яго вобраз Сыса, скарыстаўшы ягоную знакамітую скураную кепку. З ёй цікава атрымалася: мы яе ўзялі ў ГУМе ў бясплатную арэнду. То бок, заплацілі за яе, знялі ролік, а потым вярнуліся і здалі назад у краму”, — распавядае Павел.

“Па такой схеме можна апранацца: прыйшоў у краму, купіў рэч, схадзіў у ёй кудысьці, а потым вярнуў”, — смяецца Дзяніс.

Калі няма чаго пускаць у эфір, хлопцы ў суполцы публікуюць вершы. У асноўным гэта класіка. Дзяніс асабліва любіць паэзію Анатоля Сыса і Ларысы Геніюш, Павел — аматар вершаў Максіма Багдановіча і тагож Сыса.

Праект глядзяць у Англіі і Аўстраліі

У сеціве, дзе прапісаўся праект, як вядома, хапае розных людзей з рознымі, часта палярнымі, меркаваннямі. Відавочнага негатыву ў свой адрас хлопцы не прыгадваюць. Затое станоўчых водгукаў на цікавую і патрэбную ініцыятыву хапае.

Павел распавёў, што яму пішуць беларусы з ўсяго свету: эмігранты з Аўстраліі, Польшчы, Іспаніі, Англіі… Людзі дзякуюць за арыгінальны праект, кажуць, што вельмі прыемна на чужыне паслухаць родную мову.

Аднак Дзяніс і Павел адэкватна і цвяроза ўспрымаюць і крытычныя заўвагі ў свой адрас.

“Мы не кажам, што мы — узор для іншых. Нам яшчэ працаваць і працаваць, шмат чаго трэба ўдасканальваць. Дзякуючы крытыцы, мы хутчэй і больш ясна разумеем, над чым яшчэ трэба працаваць. Таму мы вельмі ўдзячныя крытычным водгукам”, — падкрэсліў Дзяніс.

Хлопцы лічаць, што ў праекта вельмі шырокія перспектывы: калі людзі самі пачнуць больш актыўна запісваць якаснае відэа, праект пачне пашырацца як снежны ком.

Неўзабаве аматары Litara-A пачуюць беларускую паэзію ў выкананні вядомага публіцыста і пісьменніка Віктара Марціновіча. Верш ён выбірае самастойна. Таксама будзе агучаны кавалак з ваеннай прозы Васіля Быкава. Акрамя гэтага, хлопцы плануюць правесці конкурс сярод дасланых ім відэа. Пра іншыя планы маладыя людзі пакуль вырашылі не распаўсюджвацца, каб захаваць інтрыгу.

“Мы толькі пачынаем уваходзіць у літаратурнае жыццё, будзем знаёміцца з беларускімі пісьменнікамі, наладжваць з імі супрацу. Наагул жа мы адкрытыя для любых кантактаў і прапановаў. Будзем вельмі ўдзячныя за падтрымку і дапамогу”, — падзяліўся на развітанне Павел.

“Так, бо мы — карпарацыя па захопу беларускіх сэрцаў”, — падсумаваў гутарку Дзяніс.