Akute перапелі “Як на далоні” гурта ULIS

Гурт Akute прадстаўляе сваю версію класічнага твору гурта ULIS. Песня “Як на далоні” войдзе ў трэці студыйны альбом Akute “Рэальнасць і сны”.

“Нам ня проста было выбраць нейкі канкрэтны трэк для каверу гурта, які па праву лічыцца легендарным, — кажа бас-гітарыст і аўтар песень гурта Раман Жыгараў. — “Як на далоні” уваходзіла ў найбольш улюбёны для нас альбом ULIS “Танцы на даху”, які бясспрэчна меў той вялікі ўплыў на нашую творчасць. Таму, з усёй пашанаю, мы прадстаўляем сваю версію “нятленкі” і прысвячаем яе 25-годдзю “Уліса”.

У трэці альбом Akute “Рэальнасць і сны” войдзе 11 песень. Дарэчы, “Як на далоні” не будзе адзіным каверам на будучым альбоме. Акрамя яе быў запісаны яшчэ адзін хіт ULIS “Марнатраўны сын”.

“Канешне, мы не маглі прайсці міма такога выбітнага трэку і калі прыйшоў час выбраць, мы проста запісалі абедзве песні”, — удакладняе вакаліст гурта Станіслаў Мытнік.

Ужывую пачуць каверы і ўвесь новы альбом Akute, а таксама старыя хіты, можна будзе 11 красавіка ў Мінску ў клубе RE:PUBLIC.