Паэты адыходзяць, народ сірацее

Калі-небудзь, калі Беларусь стане сапраўды дэмакратычнай, яна паставіць помнікі тым паэтам, якія не дажылі да сапраўднага духоўнага вызвалення свайго народа. Барадуліну. Бураўкіну. Гілевічу.

Стаяла зіма 1999 года. Я ішоў па вуліцы Карла Маркса ад кнігарні “Веды” на плошчу Незалежнасці. І недзе каля Музея гісторыі Беларусі ўбачыў высокага сівога мужчыну, які нёс дзве вялікія пасылкі з нечым цяжкім. Ягоная постаць была знаёмая ўсім, хто бачыў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча хаця б раз у жыцці. Ён нес гэты цяжар — але спіна ня гнулася.

Ніл Гілевіч
Фото photo.bymedia.net

А было цяжка. Было зразумела, што такая вага можа быць толькі ў кніг.

Я цягаў пачкі з кнігамі не аднойчы. Таму падышоў, павітаўся і прапанаваў:

— Ніл Сымонавіч, можа, дапамагчы?

Гілевіч паглядзеў на мяне адкульсці з вышыні. Падумаў хвілінку аб чымсьці. Пасля даў адну пасылку — і мы пайшлі туды, адкуль я ішоў да моманту нашай сустрэчы. Ішлі моўчкі: сцюдзёны вецер дзьмуў у твар, таму размаўляць не хацелася.

Каля аркі пісьменніцкага дома, пад мемарыяльнай дошкай у гонар Уладзіміра Караткевіча, Гілевіч спыніўся, працягнуў руку. Узяў сваі кнігі. Працягнуў руку другі раз: развітацца і падзякаваць.

Гады праз два, на дыпламатычным раўце ў IBB, вядомым усім, хто цікавіцца беларускай палітыкай, мы стаялі і размаўлялі аб нечым з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным. І раптам падышоў Гілевіч.

— А памятаеце, як дапамаглі мне несці кнігі?

— Так, Ніл Сымонавіч…

— А я не распавядаў, што мы тады неслі? — і падмаргнуў мне, нібыта мы з ім былі ў змове.

— Не!

— Пушкіна! Мы неслі Пушкіна. Поўны збор твораў! Сямнаццаць тамоў!

І народны паэт Беларусі распавёў, што ўсё жыццё марыў менавіта аб такім выданні — з усімі чарнавікамі, навукова падрыхтаваным (ён і сам был навукоўцам, прафесарам, даследчыкам беларускай літаратуры і фальклора).

— Уяўляеце? Усё жыццё! Я хацеў паглядзець, як Пушкін працаваў, як ён шукаў дакладнае слова, рыфму… Цікава ж? І вось — да юбілея перавыдалі! Я сабраў грошы, папрасіў, мне прыслалі з Масквы.

Я стаяў і слухаў. Гэты гімн працаздольнасці і геніяльнасці Пушкіна казаў мне чалавек, якога абвінавачвалі ў русафобіі, у нянавісці да рускага слова і рускай літаратуры. Неверагодна!

Чаму неверагодна? Ён быў чалавекам вялікай культуры, вольна перакладаў з некалькіх славянскіх моваў. Для Ніла Сымонавіча не было падставаў ненавідзець той ці іншы народ. А вось любіў ён сапраўды — свой. Беларусаў. Беларусь.

Калісьці Польшчу ўратавалі паэты. Калі нізрынулася польская дзяржава, загубленая палітыкамі, калі здраднікі запрадалі яе тагачасным валадарам свету, Польшча працягвала жыццё ў паэзіі. Мальчэўскі і Брадзінскі, Залескі і Красінскі, Славацкі і, вядома ж, Міцкевіч, пісалі выдатныя, геніяльныя тэксты на роднай мове — і мова працягвала існаваць, і Польшча працягвала існаваць. Чытачы Міцкевіча і Мальчэўскага ўзнялі паўстанне 1830 года, а пазней — 1863 года. Чытачы Сянкевіча і Ажэшкі сталі галоўнай рухаючай сілай падчас барацьбы з бальшавісцкай навалай, а пасля — падчас Варшаўскага паўстання супраць фашыстаў. Бо роднае слова несла ў сябе ген любві да радзімы і волі.

Калі-небудзь, калі Беларусь стане сапраўды дэмакратычнай, яна паставіць помнікі тым паэтам, якія не дажылі да сапраўднага духоўнага вызвалення свайго народа. Барадуліну. Бураўкіну. Гілевічу. Тым, каго чакала вялікае расчараванне 1994, 1995, 1996 гадоў — а яны працягвалі верыць у гэтае вызваленне і працаваць, працаваць, працаваць дзеля яго. Кожным вершам. Кожным словам. Кожным радком. Без нянавісці к іншым. Толькі ад любві. Бо калі паэт перастае паважаць і любіць свой народ, ён страчвае сэнс жыцця.

Ніл Гілевіч яго ня страціў.

Ягоны збор твораў — запавет кожнаму. Працягвай любіць сваю краіну. Свой народ. Паважай іншыя народы і культуры, але ж любі — свой. Бо калі ты яго не любіш, каму ён будзе патрэбны? Буйны паэт — сапраўдны бацька свайго народу.

Вось адышоў апошні наш усенародны бацька. Апошні народны паэт.

Мы асірацелі.