Другие материалы рубрики «Экономика»

  1. Над белорусскими чиновниками вновь поэкспериментируют
    Оказывается, «одному из самых компактных государственных аппаратов в мире» требуется кадровая оптимизация…
  2. Шакутин не купил бы квартиру в «доме Чижа» и не боится повторить судьбу опального олигарха
    Председатель совета директоров ОАО «Амкодор» Александр Шакутин не боится оказаться за решеткой, потому что строит бизнес на честной основе.


Экономика

Шклозавод «Ялізава» ў чаканні банкруцтва


Беларуска-аўстрыйскае прадпрыемства «Шклозавод «Ялізава» просіць правесці працэдуру банкруцтва. 

 

Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы са спасылкай на эканамічны суд Магілёўскай вобласці, неплацежаздольнасць заводу набыла устойлівы характар. Чыстыя страты — больш за 360 мільёнаў рублёў. Кошт актываў заводу, якімі ён мог бы пакрыць крэдыторскую запазычанасць, удвая меншая, чым доўг перад крэдыторамі. Агульная запазычанасць, паведамляе «СБ Беларусь сегодня», перавышае палову трыльёна рублёў.

У студзені эканамічны суд мае прыняць рашэнне, ці ёсць падставы прызнаваць прадпрыемства банкрутам.

Банкруцтва шклозаводу ягоны генеральны дырэктар Аляксандр Шнэк абвяргае. Прызнае, што прадпрыемства апынулася ў цяжкіх эканамічных умовах, аднак рэсурсы, каб адолець цяжкасці, па яго словах, ёсць. Кіраўніцтва краіны зацікаўленае ў захаванні брэнду Ялізаўскага шклозаводу, пераконвае Аляксандр Шнэк.

Калектыў прадпрыемства разлічвае на дзяржаўную дапамогу, кажа ён, паказваючы прадпрыемства журналісту. Сёлета Аляксандру Лукашэнку накіравалі калектыўны ліст, які падпісала бальшыня працоўных шклозавода. Сярод іх быў і кіраўнік прадпрыемства. Лукашэнка двойчы наведваў Ялізаўскую гуту — у 2002 і 2006 гадах.

«Для чаго мы пісалі? Каб завод працаваў і праца была, — немудрагеліста аргументаваў неабходнасць звароту да прэзідэнта адзін з працоўных. — Пасёлак у нас невялікі, і нам у найгоршым выпадку давядзецца некуды з'язджаць. Тут няма іншай магчымасці знайсці сабе занятак».

«Кіраўніцтва краіны гарантуе, што прадпрыемства будзе працаваць, — дадае Аляксандр Шнэк. — Гэта самае галоўнае, што хацелі людзі, хаця зрабіць тое будзе складана. Мы адзначылі сто год, адзначым і сто пяцьдзесят, калі дажывём і калі нас запросяць на гэты юбілей ялізаўскія хлопцы. Цяжкасці ёсць, і мы іх пераадолеем разам».

Пасля уступлення Беларусі ў Мытны саюз, тлумачыць сітуацыю Аляксандр Шнэк, на мясцовы рынак пачала паступаць танная расейская шклотара, з якою беларускаму прадпрыемству канкураваць няпроста. Рынак перанасычаны прадукцыяй шклозаводаў, кажа суразмоўца. 

 

Тым ня менш у кастрычніку шклозавод спрацаваў з прыбыткам. Знойдзены новы перспектыўны партнёр ва Украіне. Пакрысе прадукцыя з Ялізава адваёўвае сабе месца на расейскім рынку. Мясцовая шкляная прадукцыя прадаецца ў краіны Балтыі і Польшчу.

Асобныя беларускія прадпрыемствы лікёра-гарэлачнай індустрыі не трымаюцца плацёжнай дысцыпліны, наракае кіраўнік Ялізаўскай гуты. Паводле яго, некаторыя заводы галіны не разлічваюцца за набытую прадукцыю. Даводзіцца даваць адтэрміноўку. Цяпер прадпрыемства працуе пад заказ. На складзе — месячны запас прадукцыі, што дапушчальна, адзначае кіраўнік ялізаўскага прадпрыемства. 

 

Тэрыторыя завода ўпарадкаваная. Абапал праезнай завадской дарогі — кантэйнеры з прадукцыяй.

Аляксандр Шнэк паказвае пляцоўку, на якую прызямляўся гелікоптэр з кіраўніком дзяржавы. Ля прахадной тры дзясяткі ровараў, на якіх прыехалі ялізаўцы на працу 

 

З трох шклоплавільных пячэй цяпер задзейнічаная ў вытворчасці адна. Вытворчая лінія ўкамплектаваная машынамі, вырабленымі ў некалькіх краінах. Прадпрыемства мае зніжку на набыццё газу, тысячу кубаметраў купляюць не за 320 даляраў, а за 180. 

 

Па словах Аляксандра Шнэка, давялося на прадпрыемстве правесці аптымізацыю. Канкрэтную лічбу звольненых кіраўнік заводу не назваў, пры гэтым адзначыў: чвэрць калектыву да аптымізацыі складалі людзі пенсійнага і перадпенсійнага веку. На месца звольненых прыйшла моладзь. Маладыя спецыялісты — завадскія гадаванцы. Сярэдні заробак на прадпрыемстве, па словах Аляксандра Шнэка, больш за 6 мільёнаў рублёў.

За гадзіну чакання гутаркі з кіраўніком шклозаводу на прадпрыемства заехалі дзве вялікія фуры з латвійскімі нумарамі. Па словах жыхароў Ялізава, раней ля прахадной машын было не прапхнуцца.

Само Ялізава выглядае дагледжаным паселішчам. Многае што ў ім некалі было на балансе шклозаводу. Непатрэбнае прадпрыемству перададзена ў камунальную ўласнасць. У некалькіх месцах пасёлку банэрамі нагадваюць, што ў 2013 годзе шклозаводу было 100 год. 

 

Жыве ў Ялізаве больш за тры тысячы чалавек. Ля шклозаводу некалькі дзясяткаў цагляных і панельных двухпавярховікаў. Прыватныя сядзібы займаюць большую частку пасёлка. Ранкам вуліцы бязлюдныя.

Рэдкія мінакі гутарыць з журналістам ахвоты ня мелі. Тыя, хто пагаджаўся, не хавалі: шклозавод пасёлку патрэбны. Без яго ён знікне. Некаторыя пасялкоўцы запэўнівалі: прадпрыемства праходзіць працэдуру банкруцтва.

«Судовыя ідуць цяжбы. Прызначаны новы дырэктар па банкруцтве і пройдзе працэдура самога банкруцтва, — выказваецца адзін з мінакоў. — Тут цяпер толькі адзін цэх працуе. У ім вырабляюць шклатару — бутэльку, слоікі. Печкі спынілі. Патрэбнае фінансаванне. Газ дарагі, электраэнергія дарагая. Усё ад гэтага залежыць. Ды і сыравіна дарагая». 

 

Людзі і цяпер пакрысе з'язджаюць, дадае яшчэ адзін жыхар Ялізава — былы працаўнік шклозаводу:

«А так, што ў нас тут: школа, дзіцячы садок і больш працы і няма. Я сам працаваў на заводзе, пад скарачэнне падпаў. Цяпер у школе працую за два мільёны, і дачка вучыцца платна. Як хочаш, так і выжывай. Бацькі дапамагаюць. А што з заводам, дык незразумела. Абяцаюць, што нешта зменіцца. Настрой кепскі. Пажыць яшчэ хочацца, а працы няма. Дужа цяжка. Нехта спрабуе з'ехаць. Сем’і распадаюцца».

Непадалёк ад заводскай прахадной — невялікі рынак. Пяцёра гандляроў сумуюць. Іх пакупнікі на закупы не спяшаюцца. Адна з гандлярак, збіраючы тавар, прызнаецца: за ўвесь дзень прадала толькі некалькі пар шкарпэтак. У людзей няма грошай. У шапіках з продажам сітуацыя падобная.

«Пакупніцкая здольнасць дужа зменшылася. Слабавата набываюць тавар. Раней праз крызіс гандаль упаў, а цяпер яшчэ ў два разы, — даводзіць сітуацыю гандлярка. — Цяпер жа ў нас завод не працуе амаль што. Адзін цэх. Там ня пяць дзён працуюць, а чатыры, таму і заробкі ўпалі. А завод — банкрут. Яны вінаватыя многа грошай. Кантракт сканчаецца ў людзей, і яго не падаўжаюць. Некаторыя з'язджаюць у Расею, некаторыя ў Асіповічы ды ў Менск. Тут жа многа моладзі жыве. Дужа шмат беспрацоўных».

У крамах вялікага наплыву пакупнікоў таксама няма. Толькі пад вечар гандаль ажывае. Набыўшы неабходнае, людзі спяшаюцца па хатах. Толькі школьнікі нетаропка сунуцца з заняткаў. Вуліцы жывуць іхным гоманам.

Паводле наступнага суразмоўцы, на заводзе цяпер працуе крыху болей за сто чалавек. За апошнія дзесяць год, як ён запэўнівае, звольнілі ў некалькі разоў болей.

«Тут за кошт пенсіянераў бальшыня жыве. Што тут моладзі рабіць? — дае ацэнку мясцоваму жыццю жыхар Ялізава. — Адзінкі на заводзе працуюць. Ды і ў калгас ужо не ўладкавацца. Неяк прыязджаў Лукашэнка, дык яму на плошчы перад заводам пытанне задалі пра працу. Ён адказаў: «Няма працы — дык у калгас». А цяпер і туды не ўладкуешся. Жыві, як хочаш. А тут яшчэ засуха — ні грыбоў, ні ягад табе. Акрамя таго, што закупныя цэны з мінулага стагоддзя».

Як сцьвярджаюць на прадпрыемстве, цяпер на заводзе працуе прыкладна 550 чалавек.

І ўсё ж жыхары Ялізава спадзяюцца, што шклозавод акрыяе і ўсім ахвотным знойдзецца на ім праца. Ня хочуць верыць, што ён паўторыць лёс яшчэ адной гуты з Магілёўскай вобласці, якая месцілася ў пасёлку Глуша. Там за савецкім часам выраблялі малочную бутэльку і да сёння ад тамтэйшага шклозаводу не засталося ні знаку.

Дужа ня хочацца ехаць на заробкі ў Расею, прызнаецца маладая жанчына, якой ужо давялося працаваць на ялізаўскай гуце. Яна таксама падпала пад скарачэнне і цяпер працуе ў калгасе.

«Тут больш няма працы. У калгас ня ўсе гатовыя ісці. Вось і едуць у Расею. Дужа шмат людзей, якія працуюць у калгасе, кажуць: «Калі адкрыецца завод, адразу ідзём туды». Людзі ведаюць, што праца на месцы. Адпрацавалі сваё — і дома. А не ад ранку да ночы на працы».

У 2002 годзе пакет акцыяў Ялізаўскага шклозаводу набывала аўстрыйская кампанія АТЕС Holding Gmbh, якая рэканструявала прадпрыемства. Яно вырабляе шкляную тару для харчовай прамысловасці.

Адным з уладальнікаў кампанія АТЕС Holding Gmbh быў бізнесовец Аляксандр Мураўёў. Ён пад вартай. Яго затрымалі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі, калі збіраўся выляцець у Вену. Мураўёў — фігурант гэтак званай справы «Мотавела». Яму інкрымінуюць вывад капіталу за мяжу ды нанясенне стратаў інтарэсам акцыянераў таварыства «Мотавела», якое ўваходзіла ў склад кампаніі. У 2014 годзе банкрутам прызналі Гомельскі шклатарны завод, які кантраляваў таксама Аляксандр Мураўёў.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 2)

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева