Адам Глобус. PLAY.BY. Двор

З дворнікамі ў сваім двары я вітаюся. Большасць жыхароў нашага вялікага прахаднога прывакзальнага двара з імі не гаворыць. Я б таксама не вітаўся, каб яны самі не давалі «добры дзень»....

 

Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их —«Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

З дворнікамі ў сваім двары я вітаюся. Большасць жыхароў нашага вялікага прахаднога прывакзальнага двара з імі не гаворыць. Я б таксама не вітаўся, каб яны самі не давалі «добры дзень». Пачала вітацца цётка з чырвонымі валасамі, а за цёткаю і ўсе астатнія. А вось з дваровымі алкаголікамі не гавару. Нават калі яны і загаворваюць у мой бок, я моўчкі іду далей.

У маім квартале пяць бараў, дык з барнымі п’яніцамі я перакідваюся словам-другім. А з тымі, хто закуску вышуквае ў кантэйнерах са смеццем, я не магу гаварыць, бо гідка. Мне лягчэй пагаварыць з сарокаю ці варонаю, што грабецца ў сметніцы, чым са смярдзючымі парэшткамі паўчалавекаў. І з тутэйшымі сабакамі ды катамі я таксама размаўляю лагодным голасам. Зазвычай, я ім кажу адно слова: «харошы-харошы-харошы». Жывёлы і птушкі любяць такое слова, прынамсі ў нашым двары яны яго шануюць.

Адам Глобус. «Дваровы кот»

З кім-кім, а з чужымі дзецьмі я ніколі не вітаўся. Гуляюць сабе на пляцоўцы і хай гуляюць, нашто ім перашкаджаць. Чужыя дзеці хутка растуць, і пераканаўся я ў гэтым шматкроць у сваім жа двары. Была сярод іх адна дзяўчынка чарнавокая. Дзяўчынка як дзяўчынка, крыху нескладная, а так выглядае на звычайную. Толькі яна не зусім звычайная, бо спачатку яна гуляла ў пясочніцы з раўналеткамі, а потым яны падраслі. Раўналеткі сышлі з пясочніцы, а дзяўчынка засталася. Яна засталася гуляцца сярод меншых за сябе, але і меншыя выраслі, а дзяўчынка зноўку засталася ў пясочніцы. Яна стала падобнай да вялікай вароны сярод вераб’ёў. Яе нязграбнасць і вуглаватасць павялічыліся, нейкая неахайнасць з’явілася ў вопратцы. Скажу шчыра, яе прысутнасць пад высокімі дваровымі таполямі пачала мяне раздражняць. Напэўна, яна раздражняла не толькі мяне, але і бацькоў малых дзяцей, бо апошнім часам дзяўчынка хоць і гуляла ў тых жа пясочніцах, але гуляла адна і з самага краю дзіцячай пляцоўкі.

Адам Глобус. «Хворая дзяўчынка»

Калі я заўважыў, што дзецям не дазваляюць сябраваць з дзіўнаватай дзяўчынкаю, мне нават стала яе шкада, бо яшчэ які год-два — і яна пачне гуляць з дваровымі алкаголікамі, пачне пасмоктваць піва і папіваць таннае віно, будзе пакурваць кепскія цыгарэты і сіпатым голасам выпрошваць у мінакоў грошы ці прапаноўваць пад’ездны сэкс за капейкі. Такое ў прывакзальных дварах на кожным кроку. «Мужчына, вы так смачна пахнеце, вы такі прыгожы… Можна я зраблю вам мінет за дзесятку… Ну давайце за пяцёрку… Вырадак! Яму шкада цыгарэты для беднай дзяўчыны!!!» Цыгарэты мне не шкада, я проста не люблю п’яных і брудных прастытутак. Не скажу, што вельмі люблю цвярозых і напарфумленых, але смярдзючых і дурных зусім не люблю.

Намаляваўшы такую змрочную карціну пра няскладную і касавокую Дваравічку, я перастаў раздражняцца, а таму і не заўважыў, калі яна прапала. Няма і няма, і Бог з ёю. Дваровае жыццё цякло далей у сваёй шматаблічнай завядзёнцы. П’яніцы п’юць, дзеці смяюцца, галубы разгульваюць па шапаткой апалай лістоце і зусім не баяцца міліцыянтаў, што ўтрох шпацыруюць па перыметры нашага добра праветранага двара.

Двор, як двор, дзень, як дзень. Тут пайшоў снег, узяў і пасыпаўся, такі звычайны і будзённы снег. Двор пасвятлеў і нават узрадаваўся. Не ведаю, як каму, а мне мой двор сказаў, што ён любіць першы снег. Я яму веру. Чаму не верыць? Хто з нас не любіць чысты снег? Я прайшоў праз белы двор і выйшаў у белы горад. Ідучы праз вакзальны натоўп, я раптам убачыў нашую Дваравічку. На ёй была новая шапачка з белым кутасом і новенькі кароткі кажушок ды белыя рукавічкі. Дваравічка пазнала мяне і павіталася. На душы на якое імгненне пасвяжэла. Так, на адно-адзінае імгненне мне стала добра, і я падумаў, што не ўсё так кепска ў нашым двары і на нашым свеце.

Снег сыпаўся і сыпаўся, цяпер ён быў ужо не такі белы і не такі чысты, бо снег пачаў падаць разам з дажджом. Мне зрабілася кепска, бо я зразумеў, што нічым не змагу дапамагчы нашай Дваравічцы. Я нават сліваю ў шакаладзе не змагу яе пачаставаць. Ну каму трэба зацукраваная сліва ў шакаладзе з рук чужога чалавека, нават калі ты з ім жывеш у адным двары, нават калі ты адзін раз даў яму «добры дзень», нават калі ты разумованепаўнавартасны?


  • П"яніц ці бадзяг называць "смярдзючымі парэшткамі паўчалавекаў" можа хіба толькі звыш-чалавек, ці не так? І камплімант Вам: Вы расшыфравалі мой нік як "клавіятурны". Праніклівасць -- неверагодная:)
  • 911
    [quote="ролдж"]П"яніц ці бадзяг называць "смярдзючымі парэшткамі паўчалавекаў" можа хіба толькі звыш-чалавек, ці не так?[/quote] Согласен на все 100. Автор всем обитателям своего двора прописал клизму. Дохтар. Может, съехать Вам куда из такой-то клоаки? Ой, Адам, от сумы да от тюрьмы не стоило бы зарекаться.
  • [quote="911"]Согласен на все 100. Автор всем обитателям своего двора прописал клизму. Дохтар. Может, съехать Вам куда из такой-то клоаки? Ой, Адам, от сумы да от тюрьмы не стоило бы зарекаться.[/quote] [quote="ролдж"]П"яніц ці бадзяг называць "смярдзючымі парэшткамі паўчалавекаў" можа хіба толькі звыш-чалавек, ці не так? І камплімант Вам: Вы расшыфравалі мой нік як "клавіятурны". Праніклівасць -- неверагодная:)[/quote] Пальцы шпарчыйшыя за галаву? Клавіятурнікі вы мае...
  • [quote="ролдж"]П"яніц ці бадзяг называць "смярдзючымі парэшткамі паўчалавекаў" можа хіба толькі звыш-чалавек, ці не так?[/quote] Гісторыі, якія адбыліся са звыш-чалавекам (нацы-арыйцам, гомасавецікус-ам, гомоамерык-анусам ) давялі ўсім, што нічога ён не можа гэты ваш звыш-чалавек. )))
  • 1
  • асвер, віншую Вас з Калядамі! )