Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Пэнсіянэрская ідэалёгія

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

“Мы, беларусы, мірныя людзі...” Наша гісторыя мінулага стагодзьдзя складаецца з адных трагедый – Курапаты, Хатынь, Чарнобыль... Нашы трагедыі настолькі глябальныя, што ў іх няма (і ня можа быць!) выканаўцаў. Быццам гэта само неба карае нас, неба агромністае і абстрактнае, без імя-прозьвішча і без нацыянальнасьці.

“Нацыянальнасьць ня мае ніякага значэньня” – так адказала на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода пра карнікаў, што спалілі вёску разам з людзьмі, экскурсаводка Хатынскага мэмарыялу. Гаворка адбылася сёлета 22 сакавіка з нагоды 65-х угодкаў трагедыі.

Ня мае ніякага значэньня... Нібы размова ідзе не пра склад злачынства і яго выканаўцу, у дачыненьні да якога абсалютна ўсё мае значэньне, а пра – кару нябесную.

Ня мае ніякага значэньня, хто канкрэтна катаваў людзей у кабінэтах НКВД і расстрэльваў у Курапатах. Крый божа, сказаць, што ў Хатыні палілі беларускія хаты ўкраінцы, пад Лідай літоўцы, а на Беласточчыне палякі. Скажаш – пакрыўдзіш цэлыя народы! А мы, беларусы, мірныя людзі...

А якое нахабства казаць пра тое, што 14 красавіка 1943 году – праз паўмесяца пасьля Хатыні – 45 мірных жыхароў вёскі Якімавічы на Слонімшчыне былі па-зьверску забітыя савецкімі партызанамі з атрада імя Панамарэнкі! Гэта ж абраза ўсім камуністам! Таму калі газэта “Наша Ніва” ў 1997-м апублікавала ўспаміны дзівам ацалелага сьведкі гэтай трагедыі, Генпракуратура ня кінулася расьсьледаваць яшчэ адзін факт масавага забойства, а вынесла газэце папярэджаньне, маўляў, абражаеце гонар і годнасьць вэтэранаў.

Для забойцаў Курапат, Хатыні і Якімавічаў, для “архітэктараў” Чарнобыльскай трагедыі ў нас “ня маюць ніякага значэньня” ня толькі партыйнасьць або нацыянальнасьць, але й імёны-прозьвішчы. Бо называючы іх, мы рызыкуем пакрыўдзіць гэтых людзей, якія мірна жывуць сярод нас, сустракаюцца нам на вуліцах і лёгка пазнаюцца па андатравых шапках. Вось чаму няма ўсенароднага рэзанансу на зьнікненьне палітыкаў. Ці на трагедыю на Нямізе. Ва ўсіх гэтых здарэньняў, як у цунамі, аўтар – неба (так высока ён забраўся, што аблічча яго зьлілося з аблокамі).

Раней мы хоць за суседзкі прыпол хаваліся ад усіх напасьцяў – “Мы, беларусы, з братняю Русьсю...” Як у тым анэкдоце пра зайца – мы разам зь мядзьведзем! А цяпер і схавацца няма куды. Мірныя – гэта як патэнцыйныя ахвяры, голенькія і гатовыя да любой новай трагедыі, якую прымем як належнае. А яшчэ й па руках дамо тым, хто ўздумае супраціўляцца!..

Супрацьпаставіць сваім трагедыям нешта таксама сваё, беларускае, настолькі ж глябальнае, але пры тым – стваральнае – мы ня можам. Акт 25 Сакавіка, Беларуская Краёвая Абарона пад нямецкай акупацыяй ці Дэклярацыя 27 Ліпеня – усё гэта калі не забараняецца, не затушоўваецца, дык ачарняецца афіцыйнай прапагандай як “чуждае” (хоць якраз яно ўсё і ёсьць – беларускае, сваё).

Панятак “мірныя людзі” супярэчыць самой чалавечай прыродзе. Ён яе гнобіць і невэлюе, пазбаўляе самасьці. Пецечка, якім ты хочаш быць чалавекам? Да пяці гадоў ніводнае дзіця вам ня скажа – мірным. Скажуць: дужым і сьмелым, разумным, здаровым і добрым. Бо мірным – амаль што мёртвым.

Вусны малечаў глаголюць праўду. “Мірны” – слова пэнсіянэрскае, прымірэнчае, закатнае. У ім і няма той жывой энэргіі стварэньня. Таму наш сёньняшні гімн – гэта гімн пакаленьня, якое сыходзіць. Некалі яно пакіне жыцьцёвую прастору разам са сваімі стэрэатыпамі, ідэалёгіяй і гімнам. І тады акажацца, што ўсе нашы трагедыі – гэта злачынствы супраць чалавечнасьці. У іх няма (і ніколі ня будзе) тэрміну даўнасьці.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Цалкам згодны, а вось пераліваць на мове з пустога ў парожяе, ды паралельна ўстаўляць праз кожную другую літару мяккія знакі - гэта ужо, безумоўна, па-маладзежнаму, па-баявому!
  • Вельми добра написана! А пра Хатынь ведау амаль усе яшчэ у тым 1986. Каму скажаж - не цикава. Ну дык зараз тады самае цикавае пачнецца и вельми хутка! Жыве Вольная Беларусь!
  • Отлично, Сергей! Не в бровь, а в глаз.