Сяргей Дубавец. СВАБОДА. На тэму маралі

Іншы раз думалася, што гэта само грамадзтва імкнецца хутчэй забыць пра ГУЛАГ і што толькі ён, Салжаніцын, адзін супраць усіх, гэтаму перашкаджае...

 

 

Сяргей Дубавец

 Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

У пантэоне герояў Аляксандар Салжаніцын – Сізіф, які штурхае на віднае месца свой камень-валун – Архіпелаг ГУЛАГ. Камень не затрымліваецца на вяршыні, каціцца ўніз, у цемру няведаньня і забыцьця, і Сізіф зноў пачынае сваё ўзыходжаньне, зноў выштурхоўвае валун на сьвятло.

Вакол адбываецца рэабілітацыя Сталіна і НКВД. І здаецца толькі адзін Сізіф, адна толькі яго прысутнасьць у сьвеце жывых, супярэчыць усеагульнаму пагружэньню ў цемру бяспамяцтва і цынізму. Тэма камуністычных рэпрэсіяў даўно перастала быць важнай і цалкам сышла з афіцыйных СМІ, “мэмарыялы” з “мартыралогамі” адсунутыя ў апазіцыю ды падпольле, загаварылі пра новых (чарговых) дысідэнтаў.

Іншы раз думалася, што гэта само грамадзтва імкнецца хутчэй забыць пра ГУЛАГ і што толькі ён, Салжаніцын, адзін супраць усіх, гэтаму перашкаджае.

Але вось сышоў і Сізіф. На радасьць усім, каму даўно надакучыла майгачаньне гэтага абуджальніка сьвербу сумленьня. Афіцыйнае спачуваньне кіраўніка РБ больш падобнае на віншаваньне (“В Беларуси Александра Исаевича уважали...”), бо няма гаворкі пра Сізіфа, калі ня згадваецца Камень.

Не “уважали”. Цярпелі, пакуль жыў і быў прыняты ў Крамлі. Чакалі, бо 90 гадоў для чалавека – мяжа. Дый не асабліва лічыліся. “Павага” да Салжаніцына ў Беларусі выражалася будаўніцтвам гістарычнай фальшыўкі – лініі Сталіна, услаўленьнем гераічнага НКВД, а галоўнае – татальным выгнаньнем праўды пра рэпрэсіі з грамадзкага жыцьця (архівы КГБ паўвекавой даўнасьці ў нас так ніхто і не адкрыў).

Сьмерць Сізіфа, вядома, ня значыць, што зараз пачнецца новы масавы хапун і новы ГУЛАГ. У чалавецтва хапае фантазіі кожнага разу прыдумляць сабе іншыя экзэкуцыі. Сьмерць Сізіфа азначае, што апошняя перашкода на шляху да такой “творчасьці” зьнікла. Апошняя маральная перашкода.

Не абавязкова дзейства пачнецца заўтра. Але званкі ў фае тэатра ўжо гучаць. Вось эсдэкі паслалі ў адстаўку свайго лідэра, які сядзіць у турме. Класічны прыклад таго, як “ляжачага б’юць”. Калі вы дазваляеце сабе такое, значыць маральных “стопаў” для вас не існуе. Ніякая партыйная ці палітычная мэтазгоднасьць ня можа быць вышэй за простыя правілы чалавечага суіснаваньня. Усё ж такі -- ляжачага ня б’юць.

Па выніку, дарэчы, амаралізм ніколі не бывае і палітычна мэтазгодным. Калі ўлада дазваляе сабе быць цынічнай, калі амонавец можа ўдарыць па твары жанчыну, калі суды судзяць філолагаў за мат, калі выбары “малююць” як хочуць, дык ці не каньком апазіцыі магла б стаць непарушнасьць маральных правілаў і праўды?

З іншага боку, калі б апазіцыя адцягнула на сябе коўдру амаралізму і хлусьні, можа быць, менш гэтага ўсяго стала б ва ўладзе і, адпаведна, у нашым жыцьці?

Што праўда, гісторыя паказвае, што гэтая коўдра ўвогуле безразьмерная. І камусьці зусім няшмат трэба, каб пад ёй задушыцца. Розьніца ў тым, што апазіцыя цягне гэтую коўдру на сябе, а ўлада – на ўсіх нас.

Ратавацца няма як і ня надта вядома, ад чаго. Калі мараль прагнаная ў апазіцыю, а пасьля і ўвогуле з жыцьця, тады нішто не адцяняе таго, што адбываецца, і цяжка сказаць, што ёсьць праўдай, а што хлусьнёй, што сьвятло, а што цемра.

Сіла Салжаніцына апошнім часам была ў яго афіцыйным прызнаньні. А прызнаньне Сізіфа было і прызнаньнем Камня. Нейкім чынам гэта ўсё магло распаўсюджвацца і на нас у Беларусі. Хоць гэта былі толькі водсьветы сьвятла. Але цяпер мы страцілі і іх.

Сёньня ў нас няма афіцыйна прызнаных маральных аўтарытэтаў. Мы наставілі паўсюль “нулявых кіламетраў” і “цэнтраў Эўропы”, але зьнішчылі ўсе пункты адліку ўнутры сябе. І гучыць чарговы званок... 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

  • Сіла Салжаніцына апошнім часам была ў яго афіцыйным прызнаньні. А прызнаньне Сізіфа было і прызнаньнем Камня. Афіцыйнае прызнанне Сажаніцына у пуцінскім Крамлі мірна суіснуе з рэабілітацыяй сталінізма. І гэта тым больш сумна, што і пісьменнік "афіцыйна прызнаваў" пуцінскія метады. А для баларускай улады і ўласныя класікі ніколі не былі маральным стымулам. А вершаў Салжаніцына яны, напэўна, і не чыталі.
  • "200 лет вместе" - у мяне у спіску... але ніяк рукі не даходзяць... чы урэмені няма...
  • не ценим мы уроков истории. возвращается они в разных обличиях, а мы замечать не хотим.
  • [quote="uznik"]не ценим мы уроков истории. возвращается они в разных обличиях, а мы замечать не хотим.[/quote] Единственный урок, который можно извлечь из истории, состоит в том, что люди не извлекают из истории никаких уроков. (Джордж Бернард Шоу) История учит лишь тому, что она никогда ничему не научила народы. (Георг Вильгельм Фридрих Гегель)