Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Лявон Трэці

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама» .

Учора ў Вільні праводзілі ў вечнасьць Лявона Адамавіча Мурашку – прыгожага чалавека, які за жыцьцё нікому не прычыніў зла. А яшчэ, як сказаў бацюшка са Сьвята-Духавага сабору, быў шчодра адораны ад Бога і прымножыў свае таленты – перадаваў іх іншым.

Лявон Мурашка быў рэгентам Сьвята-Духавага царкоўнага хору. А яшчэ – вядомым на ўсю Літву опэрным сьпеваком і заслужаным артыстам. А яшчэ – беларускім патрыётам ад самых малых гадоў, з роднай Случчыны. А яшчэ – прэзыдэнтам Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх арганізацыяў Літвы, гэта значыць, галоўным літоўскім беларусам — і перад Богам, і перад людзьмі, і перад уладамі.

Часам у тэлефоннай размове ён паўжартам прадстаўляўся: Лявон Трэці. Першым быў Лявон Луцкевіч, другім Лявон Кароль (іх ужо шмат гадоў няма на сьвеце), а трэцім Лявон Мурашка. Цяпер у Вільні не засталося Лявонаў – патрыярхаў свайго беларускага племені. Магчыма, некалі зьявяцца новыя лідэры — сярод тых, каму маштаб асобы і прыродны розум дазволіць дараўнацца з трыма віленскімі Лявонамі.

У душы яны так і ня сталі нацменамі, нават калі паклалі ў кішэні літоўскія пашпарты. Што гэта значыць? Думалі пра Беларусь найперш, а не пра сваю суполку. Імкнуліся ўплываць на падзеі ў Беларусі – так, як гэта рабілі ўсе іх віленскія папярэднікі, яшчэ ад Скарыны, ад Каліноўскага, ад нашаніўцаў. Праўда, у ранейшыя часы, калі Вільня была фармальнай ці нефармальнай сталіцай для Беларусі, гэта было больш матывавана, чым сёньня, калі Вільня апынулася за мяжой.

Тры Лявоны ніколі не трымаліся прынцыпу канфрантацыі. Каб зьмяняць сыстэму, трэба быць у сыстэме. Але Луцкевіча і Караля яшчэ савецкая сыстэма не прымала, як сядзельцаў ГУЛАГу. Таму яны кіравалі працэсам праз “зіц-старшыняў”. Мурашку сыстэма прымала. І савецкая, і літоўская, і цяперашняя ў Беларусі. Ён — чалавек, для якога абсалютнай сьвятыняй былі родная мова і бел-чырвона-белы сьцяг, пра што не аднойчы распавядаў, — супрацоўнічаў зь сёньняшняй уладай у Менску, дбаючы пра захаваньне беларускай прысутнасьці ў колішняй сталіцы ВКЛ – пра беларускую школу, суполкі, сьвяты песьні... За гэта сёй-той з тутэйшых клікушаў іншы раз мог і камяком гразі кінуць у Лявона Трэцяга. Дый сыстэма выкарыстоўвала яго, мякка кажучы, некарэктна.

Памятаю так званы ўсебеларускі зьезд 2006 году. Хто глядзеў трансьляцыю, абавязкова запомніў аблічча Лявона Адамавіча ў залі. Прычына зразумелая – сноўдаючы камэрай па азызлых і бездухоўных выслужлівых тварах, якімі спрэс быў напакаваны той зьезд, тэлеапэратары пакутліва шукалі твар Чалавека і абавязкова знаходзілі спадара Мурашку.

Пасьля бэтэшнікі рабілі з нашым Лявонам Трэцім інтэрвію. Уяўляю, як асы ахраніцельнай журналістыкі выкручвалі яму рукі, каб гаварыў па-расейску (беларускі патрыёт зь Вільні на быццам беларускім зьезьдзе ў беларускай сталіцы па быццам беларускім тэлебачаньні – навошта?). Карэспандэнтка ўсё падбівала яго хваліць Лукашэнку на фоне таго, як кепска ўсё з прэзыдэнцтвам у Літве. Бедны Лявон Адамавіч мусіў ветліва тлумачыць, што ў Літве крыху іншая палітычная сыстэма...

Учора, калі яго адпявалі, я думаў пра тое, як важна аддзяляць тое, што табе здаецца істотным сёньня, ад таго, што ёсьць і будзе істотным заўсёды. Тады, пасьля таго зьезду, можна было пачуць: “аскандаліўся дзед”. А ён, як і яго папярэднікі-Лявоны, ня мог дзяліць сваю нацыю на “мы” і “яны”. Калі дзеліш, — гэта вайна. Ну дык ідзі й ваюй. Не ваюеш, а толькі крычыш, ну дык тады й не дзялі. Ацэньвай не паводле “мы” і “яны”, а паводле плёнаў і таго, якая карысьць з тваіх дзеяньняў будзе тваёй радзіме і твайму народу ў будучыні.

Рэгент Сьвята-Духавага хору ні з кім не ваяваў. Ён прымнажаў таленты. Нездарма на разьвітаньне зь ім прыйшлі людзі, якія пры іншых абставінах спаткацца міжсобку не схацелі б і не змаглі б.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 1)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева