Мнения других авторов
- 31.07 // 10:08 Олег Климов. НАВIНКI ШОУ-БИЗА. Привыкли руки тупо к топорам // Статья
- 30.07 // 10:54 Игорь Мельников. БОЛОНСКИЙ ПРОЦЕСС. More possibilities // Статья
- 29.07 // 11:55 Максим Жбанков. КУЛЬТ-ТУРЫ. После дачи // Статья
- 28.07 // 13:02 Евгений Липкович. ПУТЬ ВОИНА. 2015 год // Статья
- 27.07 // 14:57 Алесь Лагвінец. НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНТАРЭС. Як зрабіць незваротнай незалежнасьць // Статья
Мнение
Тадэвуш Кандрусевіч. РАСТВО. Не толькі дар, але і заданне
![]() |
|
Тадэвуш Кандрусевіч. Архіепіскап, мітрапаліт Мінска-Магілёўскай Мітраполіі Каталіцкага Касцёлу. Доктар тэалогіі. Нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў вёсцы Адэльск непадалёку ад Гродна. Скончыў Ленінградскі палітэхнічны інстытут. Шэсць гадоў працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў. У 1981 годзе скончыў каўнаскую духоўную семінарыю і быў пасвечаны ў духоўны сан. У 1989 годзе Папа Рымскі Ян Павел ІІ прызначыў Т.Кандрусевіча апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі. У Беларусі Т.Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, садзейнічаў вяртанню вернікам і адкрыццю ста закрытых касцёлаў, а таксама выданню «Катэхізіса» на беларускай мове. З 1991 года служыў у Расіі, у тым ліку з 2002 года — мітрапалітам кафедры Маці Боскай у Маскве. 21 верасня 2007 года Папа Рымскі Бенедыкт XVI прызначыў Т.Кандрусевіча мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. У гэтую пасаду ўступіў 10 лістапада 2007 года. |
«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» Падчас нараджэння Божага Сына хоры анёлаў спявалі гэты гімн, у якім выражана вялікая радасць з прычыны нараджэння Збаўцы.
Чалавецтва пасля граху нашых прабацькоў Адама і Евы вельмі доўга жыло нібы ў тунэлі. Яно ведала пра абяцанне Бога збавіць яго і таму жыло надзеяй і чакала, калі гэта ажыццявіцца. Цяжкі быў лёс гэтага чалавецтва. Гэта відавочна на прыкладзе выбранага народу, які хоць і быў адораны шматлікімі ласкамі, аднак не заўсёды заставаўся верным свайму пакліканню. Бог цудоўным чынам праз Майсея вядзе выбраны народ з егіпецкай няволі ў Зямлю абяцаную.
Нялёгкім быў гэты шлях. На ім было многа цяжкасцяў. Народ наракаў і на Бога, і на Майсея, быў гатовы прамяняць свабоду, аб якой так доўга марыў і да якой яго вёў Бог, на ежу. Больш за гэта, ён выракаўся сапраўднага і адзінага Бога, праслаўляў залатога цяльца, зробленага рукамі чалавека.
Бог караў народ за гэта, і ў той жа час у сваёй бязмежнай міласэрнасці ратаваў яго. Узгадаем пакаранне ядавітымі змеямі, ад укусу якіх людзі гінулі. Тады Бог сказаў Майсею зрабіць меднага змея, каб, паглядзеўшы на яго, укушаны атрымаў аздараўленне. Медны змей — гэта сімвал Збаўцы Езуса Хрыста.
Калі прыйшла поўня часу, як піша св. Евангеліст Лука, Бог паслаў свайго адзінароднага Сына на зямлю, каб Ён сваёю смерцю на крыжы збавіў чалавецтва. Поўня часу не мае вымярэння, яе нельга абмежаваць пэўнай колькасцю тысячагоддзяў, стагоддзяў ці дзесяцігоддзяў. Поўню часу вызначае сам Бог. У сваёй міласэрнасці Ён злітаваўся над грэшным чалавецтвам і паслаў на зямлю свайго Сына, каб збавіў яго, і праз гэта азнаменаваў поўню часу.
Сёння мы адзначаем свята Божага Нараджэння. Сваімі думкамі мы пераносімся ў далёкі Бэтлеем — горад міру — і ўспамінаем той паваротны пункт у гісторыі чалавецтва, якім стала таямніца Божага ўцелаўлення. Далёкі і нябачны Бог Старога Запавету з’явіўся ў чалавечым целе. Праўда Богаўцелаўлення нагадвае нам пра тое, што Бог прыйшоў у свет з чалавечым абліччам і чалавечым сэрцам, каб у сваёй бязмежнай міласэрнасці збавіць народ свой. Гэта галоўная мэта прыйсця Божага Сына ў свет.
На працягу Адвэнту праз малітву, пост і добрыя ўчынкі мы рыхтаваліся да гэтага свята. Але ці была на першым месцы духоўная падрыхтоўка? На жаль, у сучасным свеце час падрыхтоўкі і нават час святкавання самога Нараджэння Пана ўсё больш набірае камерцыйны сэнс, у той час як ён павінен насіць духоўны характар. Праўда Божага Нараджэння павінна стаць нашым жыццём. Няхай Езус народзіцца сваёю ласкаю ў нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам нашага часу, месцам сапраўднага супакою, які магчымы толькі ў Езусе Хрысце — Валадары сапраўднага міру. Нашы сэрцы павінны жыць не толькі біялагічным жыццём, але таксама і Божым. Праслаўленне Бога — гэта жывы чалавек, жывы целам і душою. Свята Божага Нараджэння — гэта свята жыцця, як самага вялікага Божага дару. І мы павінны берагчы яго, берагчы жыццё цялеснае і духоўнае.
Свет заходняга хрысціянства ўжо адзначае свята Божага Нараджэння. Свет усходняга хрысціянства яшчэ рыхтуецца да гэтай радаснай урачыстасці. Аднак трэба памятаць, што розніца ў часе святкавання, розніца календароў і нават розніца абрадаў не з’яўляюцца адрозненнямі веры. Усе мы — хрысціяне і верым у адну і тую ж абагаўляючую чалавека таямніцу Богаўцелаўлення. І мы, разам вызнаючы гэтую праўду нашай веры, павінны супольна абараняць хрысціянскія каштоўнасці. Да гэтага заклікае як папа Бэнэдыкт XVI, так і Патрыярх Маскоўскі і усяе Русі Кірыл. Нам усім трэба бараніць хрысціянскія каштоўнасці, якія знаходзяцца пад вялікай пагрозай, бо нават самі хрысціяне нярэдка жывуць так, як быццам Бога няма, і ў штодзённым жыцці часта адракаюцца ад хрысціянскіх каранёў. Бог, аднак, ёсць, Ён не памёр, не захварэў і не пайшоў на адпачынак, але заўсёды дзейнічае. Пра гэта сведчыць гісторыя чалавецтва і гісторыя адраджэння веры пасля доўгага часу ганенняў на Касцёл. Сведчыць традыцыйнае і паўсюднае святкаванне Божага Нараджэння.
Свята Раства Хрыстова, якое мы, дзякуючы Божаму Провіду, перажываем, з’яўляецца не толькі дарам, але і заданнем — дазволіць Хрысту прыйсці ў нашы душы і сэрцы і сведчыць пра Яго сваім жыццём. Ад гэтага будзе залежаць наша будучыня.
Са святам, дарагія наведвальнікі партала Naviny.by! Няхай урачыстасць Божага Нараджэння стане праслаўленнем Бога і прынясе сапраўдны супакой у нашыя сэрцы, сем’і, грамадства і ўвесь свет!
Радаснага свята Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года ўсім вам!
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |



В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева