Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алесь Лагвінец. НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНТАРЭС. Як зрабіць незваротнай незалежнасьць


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец. 38 год. Беларус. Палітоляг, перакладчык, заснавальнік руху «За Свабоду». Ад лютага 2007 году — памочнік і дарадца лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Кандыдат у дэпутаты па Сухараўскай акрузе ў 2004, 2007 і 2010 гадах. Ляўрэат “Прэміі Эўропы” 2007 году нямецкага фонду імя Гайнца Шварцкопфа “Маладая Эўропа”. Хобі: футбол, вандроўкі на ровары, плаваньне.
У сыстэме міжнародных дачыненьняў кожная дзяржава мае свае інтарэсы і імкнецца дасягнуць сваіх мэтаў. Мэты вонкавай палітыкі можна зьвесьці да 4 асноўных: бясьпека, аўтаномія і сувэрэнітэт, эканамічны росквіт і дабрабыт, статус і прэстыж. У залежнасьці ад стану грамадзтва, балянсу палітычных і грамадзкіх сілаў, а таксама прэфэрэнцыяў кіроўнае групы ў дзяржаве прыярытэтнасьць мэтаў можа быць рознай. Таксама важную ролю ў зьнешнепалітычным пазыцыянаваньні дзяржавы грае нацыянальная скансалідаванасьць што да зьместу нацыянальных інтарэсаў, шляхоў іхнага адстойваньня ды магчымых пагрозаў.

Усяго толькі 20 год таму пры вельмі складаных акалічнасьцях наша краіна прыняла Дэклярацыю аб сваёй незалежнасьці. Час паказаў, што незалежнасьць для пост-імпэрскай пэрыфэрыі, моцна завязанай на былую мэтраполію, — гэта ўвесьчасны выклік, гэта тэст на дасьпеласьць ды адказнасьць.

За гэтыя 20 год адбылася істотная эвалюцыя як кіроўных колаў, так і грамадзтва. На пачатку незалежнасці вельмі мала хто асьмельваўся дый быў здольны мысьліць у катэгорыях незалежнай дзяржавы. Нават сур’ёзна асэнсаваць ды запытацца, ці ёсьць у Беларусі нацыянальныя інтарэсы, шмат кім лічылася недарэчным.

Сёньня ж выраз “нацыянальны інтарэс” выкарыстоўваецца амаль усімі грамадзка-палітычнымі акторамі ў краіне. Найбольшая вэрбальная мэтамарфоза адбылася з кіроўнымі коламі. Зараз яны ва ўнісон цьвердзяць, што нібыта толькі сёньняшні кіраўнік мае ўнікальныя здольнасьці ды пакліканьне адстойваць нацыянальны інтарэс.

Вяртаючыся да 4-х асноўных мэтаў міжнароднага існаваньня дзяржаўнае адзінкі, паспрабуем адказаць на структурнае пытаньне, ці на сёньняшнім этапе дыктатура, вельмі моцна сканфігураваная вакол аднае вельмі неадназначнае асобы, ў стане гарантаваць бясьпеку і сувэрэнітэт краіны, падвышаць дабрабыт і пашыраць магчымасьці для стваральнай самарэалізацыі яе грамадзянаў, а таксама істотна палепшыць рэгіянальны ды глябальны прэстыж.

Адказ відавочны — не. Бо дыктатура грэбуе і маніпулюе грамадзтвам, апэлюе да нізкіх пачуцьцяў, выкарыстоўвае любыя мэтады дзеля дасягненьня сваіх мэтаў, бо яна грунтуецца на заганным дэлегаваньні самому сабе права вызначаць, што ёсьць нацыянальным інтарэсам, а таксама на злачынным падпарадкаваньні дзяржаўных інтарэсаў інтарэсам уладнай сямейна-клянавай групоўкі. Яна прымусова, з выкарыстаньнем сілы і запужваньня, навязвае сябе грамадзтву, ператварыўшы выбары ў сродак маніпулятыўнай аклямацыі, а не дэмакратычнай легітымізацыі ўлады. Яна робіць усё, каб стварыць з асобы залежнага ды пасыўнага спажыўца, а не адказнага ды абазнанага грамадзяніна. Яна баіцца самога грамадзтва і не давярае людзям. Карацей, дыктатура — гэта застой і адстой.

Сёньня відавочна, што аўтарытарны рэжым так і не здолеў адказаць на абсалютную бальшыню выклікаў, якія стаялі перад нашай краінай на пачатку 1990-х гадоў. Урэшце, дыктатура па шматлікіх прычынах няздольная напоўніцу скарыстацца з наяўных магчымасьцяў эўраінтэграцыі і зрабіць незваротнай незалежнасьць, пра якую ў той ці іншай форме марылі і мараць адказныя беларусы.

Іншы ўзровень аналізу: магчымасьці і пагрозы пры адстойваньні нацыянальнага інтарэсу. У сьвятле апошніх рэгулярных канфліктаў паміж аўтарытарнымі кіраўнікамі Мінску і Масквы, усё больш заганнай і небясьпечнай становіцца спроба аднабаковага арыентавання на аднаго партнэра. Вельмі важнага партнэра, зь якім абавязкова трэба выбудаваць прыязныя празрыстыя і ўзаемавыгадныя стасункі. Партнэра, зь якім ёсьць шмат кропак узаемадзеяньня і які мае велізарны ўплыў на Беларусь. Але партнэра, які па-ранейшаму не гатовы разглядаць нас як асобную нацыю і які наўрад ці сёньня будзе спрыяць паўставаньню ў Беларусі мадэлі функцыянаваньня дзяржавы, эканомікі і грамадзтва, больш дэмакратычнай і справядлівай за сваю ўласную.

Так, Расія ёсьць абавязковым і непазьбежным партнэрам пры адстойваньні нашых нацыянальных інтарэсаў, але яна ня можа быць адзіным або самым галоўным. Вось жа, эўрапейскі вэктар разьвіцьця — падмурак нацыянальнага інтарэсу Беларусі, http://nmnby.eu/news/analytics/12.html бо толькі эўраінтэграцыя дазволіць мадэрнізаваць — палітычна і эканамічна — краіну, адрадзіць нацыянальную, палітычную і грамадзянскую культуру людзей, стварыць трывалы падмурак для вядзеньня паважлівага дыялёгу з расейскімі суразмоўцамі, а таксама гарантаваць наяўнасьць непераадольных бар’ераў для папулізму з боку чарговага “чорта з табакеркі” або ўльтралібэрала, гатовых прадаць/аддаць/аб’яднаць усіх ды ўсё дзеля спаталеньня сваёй прагі да ўлады або рэалізацыі сваіх эфэмэрных канцэптаў ды схемаў.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.55 (всего оценок: 30)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева