Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Аб дзейнасці беларускага ўраду і свінстве

Здаецца, што яшчэ трэба… Ёсць грошы, ёсць праграма, дзе ўсё падрабязна распісана, як, дзе, калі і каму рабіць… Бяры і рабі…

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Аналізуючы дзейнасць і меры беларускага ўраду ў далейшым развіцці сельскай гаспадаркі, яго разнастайныя пастановы і рашэнні, само сабой складваецца ўражанне, што там сабраліся людзі, зацікаўленыя ў поўным развале гэтай галіны.

Для прыкладу прапаную зрабіць невялікі экскурс у сферу развіцця свінагадоўлі ў нашай краіне згодна пастановаў, рашэнняў, захадаў і г.д. чынавенства ад урада за апошнія тры з паловай гады.

25 лістапада 2014 года на паседжанні прэзідыума Савета міністраў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч выказаў незадаволенасць працай шэрагу рэгіёнаў па аднаўленні вытворчасці свініны. Нездавальняючай прызнана праца ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе за студзень-кастрычнік бягучага года адбылося зніжэнне вытворчасці свініны да 55,2% і 79,6%, адпаведна, у параўнанні з 2013 годам. У цэлым па краіне вытворчасць свініны ў жывой вазе за 10 месяцаў 2014 года склала 322,8 тыс. тон, або 83,5% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага году.

Як заявіў прэм’ер-міністр, урадам прыняты ўсе неабходныя захады, каб выйсці па аб’ёмах вытворчасці на ўзровень першага квартала 2012 году, што складзе 124,3 тыс. тон за першыя тры месяцы 2015 года.

Ну, а зараз — невялікі экскурс у не такі ўжо далёкі 2011 год. Менавіта ў гэтым годзе, 5 мая, была прынята пастанова Савета міністраў № 568 з вельмі гучнай назвай — “Аб Рэспубліканскай праграме рэканструкцыі, тэхнічным перааснашчэнні і будаўніцтве комплексаў па вырошчванні свіней у 2011-2015 гадах”.

Па выніках выканання гэтай праграмы планавалася, што па ўзроўню спажывання свініны на аднаго чалавека наша краіна амаль выйдзе на ўзровень перадавых еўрапейскіх краінаў. У Беларусі на той момант спажывалася меней 30 кг, у той час як у Даніі гэты паказчык раўняўся 77 кг свініны на чалавека, Іспаніі — 64 кг, Германіі — 57 кг...

Згодна праграмы вытворчасць свініны ў сельскагаспадарчых арганізацыях краіны да 2015 г. павінна дасягнуць 630 тыс. тон.

Агульная сума грашовых сродкаў, накіроўваемых на рэалізацыю дадзенай праграмы, складае 10 трлн. 59,4 млрд. рублёў.

Адказнасць за каардынацыю дзеянняў па рэалізацыі праграмы была ўскладзена на Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Аб выніках рэалізацыі праграмы за кожны квартал аблвыканкамы павінны інфармаваць Міністэрства сельскай гаспадаркі. А міністэрства да 25 лютага кожнага года інфармаваць Савет міністраў.

Здаецца, што яшчэ трэба… Ёсць грошы, ёсць праграма, дзе ўсё падрабязна распісана, як, дзе, калі і каму рабіць… Бяры і рабі…

Але прайшло тры гады, і, як гэта ўжо нярэдка бывала, у беларускага ўрада чамусці кардынальна памяняліся планы. І ўжо 9 чэрвеня 2014 года з’яўляецца пастанова Савета міністраў № 561, якой былі ўнесены карэктыроўкі ў планы па вытворчасці свініны да 2015 года, скараціўшы плануемыя аб’ёмы вытворчасці на 23%. Згодна гэтай пастановы было прынята рашэнне па прыпыненню будаўніцтва шэрагу новых і рэканструкцыі існуючых свінагадоўчых комплексаў.

Асноўную прычыну такога рашэння, якую беларускі ўрад прыняў на ўзбраенне ў якасці свайго апраўдання — гэта падзенне сусветных цэнаў на свініну.

Не паспелі высахнуць чарнілы, якімі Мясніковіч зацвердзіў пастанову № 561, як роўна праз два месяцы з’яўляецца яшчэ адна пастанова Савета міністраў — № 773 ад 8 жніўня 2014 года, дзе прадугледжваюцца дадатковыя меры па аднаўленні вытворчасці свініны.

Пастановай № 561 ужо зацверджаны тэрміны па ўводу ў эксплуатацыю 11 новых свінагадоўчых комплексаў, а таксама шэрагу падлягаючых рэканструкцыі.

Гледзячы на падобныя шараханні, узнікаюць сумневы ў кампетэнтнасці чынавенства, што займаюць пасады ў беларускім урадзе. Менавіта некампетэнтнасць беларускага чынавенства, нежаданне працаваць на карысць свайго народа і прывялі да таго, што кошты на свініну ў беларускіх магазінах і на рынках у 2-2,5 разы вышэй, чым кошты ў суседніх краінах.

Урады суседніх краінаў менш хвалюе каньюнктура сусветнага рынку, іх больш за ўсё хвалюе ўзровень жыцця сваіх народаў, якія абралі іх на гэтыя пасады.

А можа быць за некампетэнтнасцю беларускага чынавенства хаваецца штосці іншае? І як адказ на гэтае пытанне ўзнікае чарговае. А куды ж падзеліся фінансавыя сродкі ў 10 трлн. 59,4 млрд. рублёў, якія выдаткоўваліся на рэалізацыю Рэспубліканскай праграмы 2011-2015 гадоў па развіцці свінагадоўлі, і дзе эканамічны эфект ад іх “засваення”?

Мяркую, што ў адказ на падобныя пытанні беларускае чынавенства паспрабуе спасылацца на разнастайныя аб’ектыўныя прычыны, у тым ліку і на афрыканскую чуму свіней, якія па іх меркаваннях прывялі да правалу выканання Рэспубліканскай праграмы.

Але ж, спадарства, на разнастайныя праграмы па прафілактыцы і недапушчэнню захворванняў ў жывелагадоўлі з дзяржаўнага бюджэту таксама штогод выдзяляюцца аграмадныя фінансавыя сродкі.

За разважаннямі аб праблемах у сельскай гаспадарцы, у эканоміцы краіны адназначна складваецца ўпэўненасць, што ў краіне даўно назрэла неабходнасць у чарговай, апошняй пастанове існуючага Савета міністраў — аб сваёй адстаўцы ў поўным складзе.

Гэта быў бы самы добры КАЛЯДНЫ падарунак ад чынавенства для ўсяго беларускага народу.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.