Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алесь Лагвінец. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Асацыяцыя і Эўропа бяз візы так проста не бываюць


— Вот Европа к нам приехала; она нас может вытащит.
— Дык вось не, пакуль мы самі таго не захочам.
Бо Беларусь — наш дом, а не мост ці прахадны двор.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец. Выкладчык і палітык. Намеснік старшыні руху “За Свабоду”. Нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Дворышча Хойніцкага раёну. Выпуснік аддзялення міжнародных дачыненняў БДУ. Скончыў магістратуру Інстытуту палітычных навук у Страсбурзе і Польскую дыпламатычную акадэмію. Лаўрэат “Прэміі Еўропы” Фонду імя Гайнца Шварцкопфа “Маладая Еўропа” (2007) і Прэміі імя Льва Сапегі (2012).

Зьбіраю ў мінулую сераду разам зь сябрамі з руху «За Свабоду» подпісы за Народны рэфэрэндум у менскім мікрараёне Малінаўка (вул. Касманаўтаў, дом 41). Адзін спадар, які на выгляд мае за сабой амаль паўстагодзьдзя, абгрунтоўвае сваё нежаданьне штосьці канкрэтнае зрабіць фразай з загалоўку. Хачу завочна працягнуць нашу дыскусію ў разьвіцьцё маёй рэплікі на разьвітаньне зь ім.

Ненародная ўлада вельмі ня хоча, каб амаль 25 год пасьля здабыцьця незалежнасьці наш народ пачуваў сябе адначасова Беларусамі, Уласьнікамі і Грамадзянамі. Ёй выгадна трымаць беларусаў у стане 25-гадовых нахлебнікаў-недавырасткаў, якім нельга давяраць весьці ўласны бізнэс, мець ва ўласнасьці сваю беларускую зямлю, выбіраць сваю ўладу. У дачыненьні да аб'яднанай Эўропы ўлады робяць усё, каб беларусы былі байструкамі — нават юрыдычныя адносіны Беларусі з Эўразьвязам кіруюцца дамовай, заключанай даўно няісным СССР.

Адно з 6 пытаньняў Народнага рэфэрэндуму тычыцца эканамічнай інтэграцыі з Эўразьвязам, дамовы пра асацыяцыю і бязьвізавую прастору. 12 лютага мы распачалі грамадзкія слуханьні па гэтым пытаньні Народнага рэфэрэндуму.

Памежнае мястэчка Дамачава стала месцам першых слуханьняў. Галоўны тэзіс нашай пазыцыі: асацыяцыя з ЭЗ азначае ўвядзеньне эўрапейскіх стандартаў, якія адпавядаюць нашаму нацыянальнаму інтарэсу.

У Беларусі любяць выраз з прыстаўкай «эўра». Эўрапейскае азначае добрае, грунтоўнае, зручнае, павернутае да чалавека і яго патрэбаў. Крамлёўская і тутэйшая антыэўрапейская прапаганда шчыруе ў пашырэньні баек ды няпраўдаў пра заганы і хібы аб'яднанае Эўропы. Аўтакраты хочуць самі пэрсанальна карыстаць з эўрапейскіх свабодаў і дабротаў, але, думаюць яны, ня дай Бог, каб пашырыць іх на сваіх «падданых».

Наша задача — казаць праўду пра Эўропу і руйнаваць выдумкі штатных прапагандыстаў, як гэта робяць нашы суседзі. 

Асацыяцыя з ЭЗ — гэта выключны шанец для нашай краіны, каб пабудаваць годнае жыцьцё і выратаваць эканоміку. Менавіта ўзаемадзеяньне з аб'яднанай Эўропай (а не вымольваньне чарговай кабалы ад Крамлю!) стварае рэальныя магчымасьці для беларусаў, каб пераняць лепшае і зрабіць так, каб яно запрацавала на нашай глебе.

Дамова аб асацыяцыі для краінаў Усходняга партнёрства прадугледжвае увядзенне больш як 350 праўных нормаў ЭЗ цягам 10 год. Яна складацца з некалькіх разьдзелаў: палітычнае ўзаемадзеяньне; супрацоўніцтва ў сфэры ўнутраных справаў і пабудовы дзяржавы права; крокаў па стварэньні паглыбленай і ўсебаковай зоны вольнага гандлю; а таксама шырокага супрацоўніцтва ў галіне навукі, аховы навакольнага асяродзьдзя, транспартных сетак, энэргетыкі і адукацыі.

10 год, каб увесьці эўрапейскія стандарты ў ключавых для жыцьця і будучыні краіны сфэрах — гэта дастаткова. Эўразьвяз гатовы нам дапамагаць, але толькі тады, калі мы найперш будзем самі рупіцца.

Як дзейнічаць? З чаго пачаць? Некаторыя прапановы былі агучаныя на слуханьнях ў Дамачаве:

- Патрабаваць вызваленьня палітвязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсіяў, праяўляць сваю салідарнасьць з тымі, каго перасьледуе дзяржава;

- Падпісвацца і самім далучыцца да збору подпісаў за Народны рэфэрэндум;

- Ціснуць на ўлады, каб тыя як найхутчэй увялі ў дзеяньне Дамовы аб малым памежным руху зь Літвой і Польшчай;

- Патрабаваць праз пісьмовыя звароты ад МЗСу не выдумляць розных адгаворак ды як найхутчэй падпісаць пагадненьне аб спрошчаным візавым рэжыме з ЭЗ, адмяніўшы ў аднабаковым парадку візы для грамадзянаў Эўразвязу і шэрагу іншых краінаў; 

- Закідаць лістамі Раду міністраў, каб яны адмянілі сваю дыскрымінацыйную пастанову № 1554 ад 18.11.2011, якая абмяжоўвае права беларусаў на выезд за мяжу на сваім аўтамабілі не часьцей за 8 дзён, а ў сёньняшніх варунках, права на выжываньне ва ўмовах эканамічнага крызісу, асабліва для жыхароў памежных рэгіёнаў;

- Патрабаваць, каб была неадкладна была прынятая дзяржаўная праграма аб абсталяваньні ўсіх памежных пераходаў зручнасьцямі для пешаходаў і раварыстаў;

- Патрабаваць праз пісьмовыя звароты ад міністра адукацыі, каб было зроблена ўсё неабходнае, каб Беларусь далучылася да Балонскай сістэмы.

Размова ідзе толькі пра першыя найбольш відавочныя крокі, якія маюць на мэце паказаць беларусам і нашым эўрапейскім партнэрам, што наш патэнцыял паляпшэньня стасункаў з аб’яднанай Эўропай пачынае выкарыстоўвацца.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.64 (всего оценок: 11)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева