Ігар Барысаў. ПЫТАННЕ РУБАМ. Ці стануць сацыял-дэмакраты канcтруктыўнай апазіцыяй?

Супрацьстаянне Вештард і Маслоўскага, а таксама іх прыхільнікаў, носіць далёка не персанальны характар.

 

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў. 33 гады, намеснік старшыні БСДП. Магістр палітычных навук. Галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «НАШ Магілёў».

Для тых, хто не дасведчаны аб тым, што адбываецца ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе), гэты тэкст стане цікавым і магчыма ў нейкай ступені раставіць кропкі над «і». Ён досыць актуальны ў свеце таго, што акурат 13 сакавіка мусіць адбыцца чарговы XVI з’езд партыі.

Вештард ці Маслоўскі?

На дадзены момант аб сваіх амбіцыях быць кіраўніком партыі заявілі два чалавекі — дзеючая старшыня БСДП Ірына Вештард і яе першы намеснік Ігар Маслоўскі. Адпаведна па гэтаму прынцыпу і размеркаваліся прыхільнікі ўнутры палітычнай арганізацыі.

Трэцяй кандыдатуры, якая бы прэтэндавала на ролю старшыні, на дадзены момант няма, бо няма трэцяга шляху развіцця партыі. Трэцім кандыдатам можа быць толькі кандыдат «супраць усіх».

Супрацьстаянне Вештард і Маслоўскага, а таксама іх прыхільнікаў, носіць далёка не персанальны характар. Мяркую, што ў партыі толькі недасведчаныя людзі будуць аддаваць перавагу пры галасаванні за таго ці іншага чалавека толькі з асабістай прыязні. За кожным з узгаданых лідараў стаіць курс, па якому будзе надалей ісці і развівацца партыя.

Краевугольны камень палітычнай барацьбы Вештард і Маслоўскага заключаецца ў тым, ці застанецца партыя з 25-гадовай гісторыяй верная дэмакратычным традыцыям, альбо абярэ курс быць праўладнай канструктыўнай апазіцыяй і ў купе з кампаніяй «Гавары праўду» шукаць магчымасці ўладкавацца ў існуючую палітычную сістэму ў спадзяванні атрымаць квоту на некалькі месцаў у парламенце ды мясцовых Саветах дэпутатаў.

У сувязі з гэтым прыхільнікаў Вештард ужо нефармальна называюць партыйнымі «кансерватарамі», а прыхільнікаў Маслоўскага — «гаварыпраўдаўцамі», праўда яны спрабуюць сябе называць «рэфарматарамі».

З папарядняга аналізу размеркавання структур у прэзідыуме і ЦК большасць галасоў пакуль на баку Вештард. Пры аналізе рэгіянальных структур апірышчам «гаварыпраўдаўцаў» выступаюць Брэсцкая і Гомельскай вобласці, а таксама некаторыя арганізацыйныя адзінкі Віцебскай вобласці.

Рубікон

Амаль пяць апошніх год існавання БСДП паміж XIII i XV з’ездамі прайшлі досыць спакойна. Яркай ўнутрыпартыйнай барацьбы не было. Не было яе і ў першы год пасля XV з’езда. Партыя адыходзіла ад крызіса, у якую яе ўвагнаў былы кіраўнік Анатоль Ляўковіч пасля няўдалай спробы зрабіць з БСДП праўладную партыю, якая бы займала нішу новай канструктыўнай апазіцыі.

Пры ім пачалася таемная партыйная дыпламатыя з праўладнай расійскай партыяй «Справядлівая Расія», калі ён і яшчэ некалькі сябраў партыі з дапамогай расіян спрабавалі патрапіць у парламент. Па неафіцыйнай інфармацыі, у выпадку перацягвання партыі на бок улады Анатоль Ляўковіч мусіў стаць спікерам парламента. Менавіта ў гэты самы час пачалі з’яўляцца скандальна вядомыя публікацыі Ляўковіча ў газеце «Советская Белоруссия», дзе ён дыскутаваў з праўладным прафесарам Оргішам.

Усё ішло да таго, што БСДП стане праўладнай партыяй, аднак з’езд партыі паказаў, што такі курс аказаўся непрымальным для большасці партыйцаў, якія тады выбралі новым кіраўніком арганізацыі Анатоля Сідарэвіча.

Далей пачаліся скаргі ў Мінюст з боку Ляўковіча, непрызнанне некалькіх з’ездаў Мінюстам, пакуль старшынёй партыі не была абраная Ірына Вештард. Спатрэбілася некалькі гадоў, каб выплыць з палітычнай прорвы і стаць паўнапраўным удзельнікам палітычных працэсаў (хай сабе і на абмежаваным полі) і быць прызнанымі іншымі дэмакратычнымі суб’ектамі.

Крызіс БСДП 2010 года супаў з перыядам з’яўлення грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», у склад якой увайшоў шэраг рэгіянальных лідараў БСДП, што ў выніку і заклала міну запаволенага дзеяння, якая выбухнула ў чэрвені 2015 года.

Дзе ж яна, большасць?

Менавіта ў чэрвені 2015 года на Цэнтральным камітэце разглядалася пытанне аб падтрымцы кандыдатам у прэзідэнты сябра БСДП, а таксама актывісткі кампаніі «Гавары праўду» Таццяны Караткевіч. На тым пасяджэнні рашэнне аб падтрымцы яе кандыдатуры не было прынята — частка сябраў ЦК у знак пратэста выйшла з памяшкання і такім чынам быў сарваны кворум.

Сыйшоўшыя разумелі, што наступным крокам мусіў адбыцца з’езд, на якім павінна было б разглядацца пытанне аб падтрымцы Караткевіч. Толькі з’езд у адпаведнасці са статутам мог выказаць ёй такую падтрымку.

Будучы актыўным удзельнікам гэтага працэсу, магу адзначыць, што ні тыя, хто падтрымліваў Караткевіч, ні тыя, хто быў супраць яе, пра партыйны з’езд і не заікаліся. У такім выпадку гутарка ішла пра прамое парушэнне статута партыі.

Адсутнасць падтрымкі партыяй Караткевіч стала моцнай паразай Ігара Маслоўскага, бо, мяркую, ён не здолеў выканаць тыя абавязкі, якія браў, калі абяцаў Караткевіч і яе начальству падтрымку большасці партыйцаў.

Гэтак званая «большасць» і адыграла з ім у выніку, кажучы па-расійску, «злую шутку», бо заяўленай большасці партыйцаў, якія бы падтрымлівалі яго рашэнні ў партыі, так і не атрымалася. У выніку партыя вышла і з ініцыятывы «Народны рэферэндум».

У прэзідэнцкай кампаніі 2015 года БСДП прыняла рашэнне, што ўдзельнічаць ці не ў кампаніі Караткевіч мусіў вызначаць кожны сябар партыі індывідуальна. У выніку толькі частка актывістаў БСДП, у большай ступені тыя, хто супрацоўнічаў з «Гавары праўду», працававалі ў кампаніі Караткевіч.

З 12 сябраў прэзідыума ў ініцыятыўную групу Караткевіч уваходзіла 6 чалавек, з 45 сябраў ЦК — толькі 16. Усяго ж у ініцыятыўнай групе Караткевіч з 1131 партыйца працавала каля 60 сябраў БСДП.

Менавіта гэтыя некалькі дзясяткаў чалавек з БСДП забяспечылі Караткевіч збор амаль 20 тыс. подпісаў у яе падтрымку са 107 тыс. заяўленых.

У гэты перыяд можна было ўбачыць на старонках «Советской Белоруссии» першага намесніка Ігара Маслоўскага і адказнага за працу ў Гомельскай вобласці Алега Шабетніка. Яны, не размяжоўваючы людзей БСДП і «Гавары праўду», давалі інфармацыю пра колькасць назіральнікаў ад Караткевіч, якія будуць сачыць за галасаваннем, але ніякіх назіральнікаў у Караткевіч не было. Былі назіральнікі ад кампаніі «Права выбару-2015».

«Ілжэдзмітрый» ад «Гавары праўду»?

Сацыял-дэмакратыя, як і 100 год таму, застаецца больш чым запатрабаванай палітычнай ідэалогіяй. Ідэі шматукладнай рынкавай эканомікі, свабоды, роўнасці, справядлівасці, а таксама сацыяльнай абароненасці ў звязку з дэмакратычнымі нормамі і працэдурамі даволі папулярныя ў свеце.

Беларусь — індустрыяльная краіна, і базіс для сацыял-дэмакратычных каштоўнасцяў у яе больш чым сфарміраваны. На гэтых каштоўнасцях, толькі без шэрагу дэмакратычных прынцыпаў, спрабуе гуляць і палітычны рэжым Лукашэнкі. Сацыял-дэмакраты, як ніяк, належаць да лагеру «ўмераннай», а не «радыкальнай» апазіцыі, і такія «канструктыўныя» элементы для існуючай сістэмы больш чым пажаданыя для агульнага палітычнага фона, на якім спрабуе адбывацца дыялог Беларусь — Еўропа.

З другога боку, існуе група актывістаў, якая ніяк не можа дааформіцца ў палітычную сілу з вызначанай ідэалогіяй. Гутарка ідзе пра кампанію «Гавары праўду», якая некаторымі палітолагамі запісываецца ў лік цэнтрыстаў і якая шукае магчымасці аформіцца ў новую палітычную партыю. Праўда, сутыкаецца са шматлікімі праблемамі — істотным зніжэннем фінансавай падтрымкі, малой колькасцю людзей і, як ужо гаварылася, адстунасцю палітычнай ідэалогіі.

Актыўнасць кампаніі носіць усё больш папулісцкі характар і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года не ўспрымаецца ні водным з дэмакратычных суб’ектаў. На гэтым фоне БСДП для «Гавары праўду» ўсё яшчэ з’яўляецца тым падмуркам, на якім можна пабудаваць сваю партыю, і Маслоўскі, асэнсоўвае ён гэта ці не, з’яўляецца тым таранам, які спрабуе расчысціць шлях для рэалізацыі гэтай ідэі.

Пасля рэалізацыі задуманнага партыяй можна будзе і пагандляваць. Нездарма актывісты «Гавары праўду» ўступалі ў БСДП падчас мінулых выбарчых кампаній. Тым больш, што асабістыя крыўды ў лідараў «Гавары праўду» на цяперашнюю старшыню Ірыну Вештард зашкальваюць.

У самастойнасць Маслоўскага ў БСДП не верыць ніхто, а заявы пра тое, што ён выйшаў з кампаніі «Гавары праўду» і не мае з імі ніякіх стасункаў, выглядаюць крывадушнымі. Падобна на тое, што ён затаіўся ў чаканні вынікаў з’езду.

Працягваюць і надалей працаваць у «Гавары праўду» намесніца старшыні Ганна Канюс, адказны за працу ў Гомельскай вобласці Алег Шабетнік, першы намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Яўген Вільскі.

Як бачым, правадніком «новай палітыкі» ў БСДП выступае ядро партыйцаў-гаварыпраўдаўцаў. Назваць іх стратэгамі не паварочваецца язык, гэтак сама як і сказаць, што яны думаюць пра будучыню нашай краіны. З публічнай перапіскі «ценявога аргкамітэта па правядзенні з’езда і рэфармавання партыі» бачна, што ўсе яны рускамоўныя і думаюць выключна пра тое, як скінуць Вештард.

Праграмы таго, як варта рэфармаваць і развіваць партыю, а таксама з кім і як сябраваць на палітычным полі Беларусі, няма дагэтуль, гэтак сама як і няма адказу на пытанне, дзе і як шукаць рэсурсы для існавання партыі. У сувязі з гэтым апанент Вештард Маслоўскі разглядаецца выключна як правадыр інтарэсаў «Гавары праўду», якой наступілі на пятку і яна запусціла праект свайго «Ілжэдзмітрыя».

Апанентамі палітыкі Маслоўскага выступаюць людзі, якія мелі дачыненне да ўтварэння партыі, а таксама тыя, хто ўмее думаць стратэгічна, думае пра Беларусь. Сярод гэтай групы партыйцаў можна знайсці Ірыну Вештард, Анатоля Сідарэвіча, Мечыслава Грыба, Алега Трусава, Паўла Знаўца, значную частку моладзі, а таксама шэраговых партыйцаў, якія перажылі не адзін раскол і разлад і не жадаюць быць новай канструктыўнай апазіцыяй.

Наколькі будзе паспяховым праект «Ілжэдзмітрыя», можна прадказаць ужо зараз — партыйны арганізм адтаргае ўсё, што лічыць іншародным, як гэта было ў выпадку з праектам «Ляўковіч».

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

  • Знаете, есть такая земля-матушка, на которой мы все живём. В землице, перепахивая её, водятся дождевые черви, света белого не видя. Переносно - это типаж основной массы народонаселения. Далее - на земле-матушке произрастает до небес эрегированный ствол Вертикали власти, а рядом с ним - редкие взаимоколючие кустарники оппозиции... А червям-то дождевым пофиг, чью почву они жрут и собой удобряют. Вы, автор, вы на сцене, я за вас рад, как червь земляной, случайно касаючись ваших ступней в тёплую дождливую погоду. Но вы мне неинтересны, не проживши взрослой жизнью с 1994 года этой эпохой, твердеющего как эпоксидный клей, маразма. Теоретиком можно выступать, но без практики бытия... <...>