Алег Гайдукевіч. ПАЗІЦЫЯ. Беларускі каталіцкі касцёл стаў фактам

Каталіцтва — неад’емная частка нашага агульнага беларускага дома. Мы ўсе будуем яго разам, дзелім адную лусту хлеба, баронім Бацькаўшчыну.

Олег Гайдукевич

Алег Гайдукевіч. Першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі. 

Знакавая падзея для хрысціянскага жыцця Беларусі сталася чвэрць стагоддзя таму — ў красавіку 1991 года паўстала Мінска-Магілёўская архідыяцэзія ды абнавіла дзейнасць Пінская дыяцэзія. Гэта сімвалізавала адраджэнне каталіцкага касцёлу на пакутніцкай беларускай зямлі.

Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі, як палітычная сіла дзяржаўнікаў, віншуе ўсіх вернікаў Рыма-каталіцкай царквы ды ўсю хрысціянскую грамаду краіны з 25-мі ўгодкамі ўсталявання гістарычнай справядлівасці.

Каталіцтва — неад’емная частка нашага агульнага беларускага дома. Мы ўсе будуем яго разам, дзелім адную лусту хлеба, баронім Бацькаўшчыну. Хворае тое грамадства, дзе ёсць месца рэлігійнаму альбо будзь якому расколу. Грамадзяне Беларусі даказалі, што ў яднанні наша моц!

Толькі Стваральнік Сусвету ведае, колькі пакут за апошнія сто год прайшлі, як ХХ стагоддзе выпрабоўвала нас на сумленне, годнасць ды веру. Вытрымалі. Памятаем усіх, хто паклаў свае жыццё за тое, каб ад Гародні да Гомелю, ад Мінска да Віцебска, ад Брэста да Магілёва плыў па вольным небе святы звон. Адбудавалі нашыя святыні, закладаем новыя падмуркі — не пакінуў Бог Беларусі!

Неацэнны ўчынак ксяндзоў Зігмунта Лазінскага ды Фабіяна Абрантовіча, якія 6 снежня 1918 года здзейснілі першае беларускае багаслужэнне ў Мінску. Ліберальна-дэмакратычная партыя перакана, што тым самым распачаўся шлях да Беларускага Касцёла. Плённа працавалі дзеля будучані Вольнай Беларусі святары Вінцэнт Гадлеўскі ды Адам Станкевіч. Яны ўмацоўвалі гістарычную памяць, мову, культуру і традыцыі. Ксяндзы Станіслаў Пыртака, Уладзіслаў Мацьковяка, Мечыслаў Багаткевіч раздзялілі жудасны лёс мільёнаў беларусаў, закатаваных нацыстамі.

Але акропленая крывёй зямля зрынула з сябе ланцугі акупантаў. Смяротная малітва нашых пакутнікаў і мужнасць нашых жаўнераў не далі нацыі скарыцца. Прыклад жыцця кардынала Казіміра Свёнтка ўмацоўвае беларускі дух. Нават у цяжкія часы панавання атэістычнай улады апантаныя святары былі дыямантамі сярод хлусьні і цемры. Дзякуючы іх святлу, агеньчык хрысціянства гарэў унутры кожнага беларуса. Праца Юзафа Булькі ў Мосары даказала сучаснікам, як вера дапамагае дасягаць мэты.

Сучасныя іерархі Рыма-каталіцкай царквы здолелі пераламіць стэрыятыпы кшталту: калаталік — значыць паляк, касцёл — значыць польскі, 25 снежня — значыць польскае Раство. Цяпер гэта ўжо ў мінулым — паўстаў Беларускі Каталіцкі Касцёл. І ён адзін з сімвалаў Беларускай Дзяржаўнасці. Носьбіт беларушчыны, духоўны цэнтр краіны.

Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі назірае станоўчае развіццё Рыма-каталіцкай царквы на беларускіх землях. Вітаем стварэнне новых адукацыйных устаноў, папулярызацыю беларускай мовы, бачым, як касцёл бароніць нацыянальныя інтарэсы, як унутры, так і вонкава.

Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі запэўнівае хрысціян Беларусі, што ніколі не дазволім ворагам распальваць рэлігійную варажнечу. Заўжды абаронім каталіцтва ды праваслаўе, бо гэта наш нацыянальны падмурак.

Зычым плёну святарам! Вернікам моцы!

Няхай жыве Хрыстус Валадар ды Беларусь пад ягонай ласкай!

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


  • Выборы в Палату приближаются, пора и о себе напомнить, что "есть такая партия". Осталось только и интервью в живую на "роднай мове пачуть".
  • Отличное послание политика!