Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Залі палацаў

Беларуская культура можа быць раскошнай, шыкоўнай, захапляючай — сцвярджаюць залі палацаў.

Павел Севярынец

Павел Севярынец. Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Савецкі міф аб спаконвечнай убогай вясковасці беларусаў доўгі час хаваў ад нас скарбніцы нацыянальнай культуры — сярэднявечныя залі палацаў.

Веліч і слава Беларусі, яе арыстакратызм і высакароднасць засталіся ў замках, палацах і храмах Вялікага Княства Літоўскага, у эры абуджэння XVI — XVII стагоддзяў. Сёння багацці найбуйнейшай дзяржавы тагачаснай Еўропы, ад якіх ломяцца маскоўскія, берлінскія, піцерскія, лонданскія, кракаўскія музеі, уражваюць увесь свет — настолькі моцнае было Божае дабраславенне для хрысціянскай Беларусі.

Залі палацаў — гэта інтэр'ер нашай нацыянальнай ідэі. Ключавыя справы беларускай гісторыі вырашаліся тут, геніяльныя беларускія кнігі пісаліся тут, асабістыя малітвы, пакаянні ды адкрыцці галоўных герояў гісторыі здзяйсняліся тут.

Залі палацаў — выкшталцоная аправа нашых лепшых духоўных каштоўнасцяў ува ўсім бляску золата, хрусталю ды дыяментаў.

Залі палацаў — гэта блікі, звон і празрыстасць урэцкага, налібоцкага, гарадзенскага шкла: рубінавага, эмалевага, гранёнага, ня горшага за багемскае ды венецыянскае.

Залі палацаў — гэта шэдэўры беларускай рэзі ў іканастасах, капліцах і алтарах, дзе полымя дрэва гарэла неапалімымі купінамі разам з жарам веры.

Залі палацаў — гэта славутая глазураваная, рэльефная, паліхромная беларуская кафля камінаў, палатаў і галерэяў. Кафля, зробленая з простае гліны з той жа цялеснай прыгажосцю, з гэткай жа любоўю, з якой Бог ляпіў тут чалавека.

Залі палацаў — гэта галерэі парадных партрэтаў. Сармацкіх, родавых, адкуль, быццам з векавога змроку, пільнуюць нашчадкаў абліччы патрыярхаў, падпярэзаных слуцкімі пасамі ў пышных кунтушах, золаце й каменнях.

Залі палацаў — гэта каралеўскія і магнацкія тэатры, опэра, балет: Слуцк і Нясвіж Радзівілаў, сапегаўскія Ружаны, Слонім Агінскага, Шклоў Зорыча, Горадня Тызэнгаўза. Шыкоўныя балі для гасцей з усяе Еўропы, з музыкай лютні, дуды, скрыпак і свірэляў.

Залі палацаў — гэта пышная геральдыка, панарамныя мапы й карціны, паліроўка й люстры, фаянс і маёліка, эмалі ды парцаляны, ліццё й чаканка, кветнікі й аранжарэі — цудоўныя “райкі”, а таксама арсеналы зброі, калекцыі манетаў, медальёнаў, вазаў, атласу, футра...

Беларуская культура можа быць раскошнай, шыкоўнай, захапляючай — сцвярджаюць залі палацаў.

Тады, калі Беларусь імкнулася да Хрыста, калі нашая евангельская місія азарала ўсю Ўсходнюю Еўропу, калі любоў пераплаўляла ўсе супярэчнасці, а вера тварыла цуды — у гулкіх, светлых, сляпушчых залях адлюстроўвалася і вялікая беларуская будучыня.

Вы бачыце?

Гарадскія аграмады, празрыстыя ад шкла й электронікі, палацы-офісы, і ўрачыстыя, велічныя, поўныя народу, храмы ІІІ тысячагоддзя ад нараджэння Хрыстова.

З кнігі “Люблю Беларусь

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы

 


  • Залі палацаў — гэта пышная геральдыка, панарамныя мапы й карціны, паліроўка й люстры, фаянс і маёліка, эмалі ды парцаляны, ліццё й чаканка, кветнікі й аранжарэі — цудоўныя “райкі”, а таксама арсеналы зброі, калекцыі манетаў, медальёнаў, вазаў, атласу, футра... Читать полностью: https://naviny.by/rubrics/opinion/2016/07/22/ic_articles_410_192160/ Я уважительно отношусь к П. Северинцу. Пусть пишет, пусть излагает. Я ведь читаю. Но мои "пометки на полях" - тут есть некоторая "восторженная бесноватость". Да, я могу убрать эти свои слова назад, но у меня возникает чувство,что Северинец несколько "не от мира сего". А поскольку я сам "от сего мира", то я тихонько Северинца сторонюсь, абсолютно им не брезгуя... Но он летает в своих эмпиреях, а мне чего делать? Я живу под гомон своих ворон. :)