Я не мальчік, а хлопчык!



Богуш, Богусь, Бусьлік, Багусік, Багуслаў. Верабейчык, жук, кропелька, канапелечка, бурбалка. Нашаму сыночку ўжо амаль чатыры гады. Ніколі б не падумаў, што ў мяне настолькі магутна прачнецца “бацькоўскі інстынкт”. Халодным розумам гэта неяк слаба вытлумачальна, ёсьць у гэтым нешта глыбіннае, падсьвядомае.





Вось ідзеш ты па вуліцы, трымаеш свайго малога за руку і пачуваешся... ну, ня буду пісаць шчасьлівым (гэта было б занадта банальна), але, прынамсі, нясеш сябе сьвету паважна і нават ганарыста.





Хоць чым ганарыцца? Што ты такога зрабіў? Проста чарговы раз падараваў каханай жанчыне некалькі сотняў мільёнаў сваіх спэрматазоідаў, адзін зь якіх з хуткасьцю 18 км у гадзіну (праверце ў даведніку) дасягнуў-такі сваёй мэты — яйцаклеткі. Ты што — падымаў па лесьвіцы свой цяжкі жывот, абліваючыся потам і перакручваючы сьпіну? У цябе былі прыступы таксыкозу, калі рвотны рэфлекс падступаў да твайго горла, сьціскаючы дыханьне? Гэта ты роў немым голасам, калі пачаліся схваткі і крывяныя сасудзікі лопаліся ў тваіх руках і нагах? Не.





Не. Ты езьдзіў у творчыя выправы, пакуль яна хадзіла цяжарнай у Менску, піў піва зь сябрамі, калі яна ляжала ў радзільні, адзначаў нараджэньне хлопчыка на працы, калі яна з радзільні выйшла. Затое цяпер ты ідзеш па вуліцы, трымаеш свайго карапузіка за руку, адчуваючы вялізную самапавагу і ўздым ад свайго новага статусу — Бацькі, і разумееш, што ты чагосьці варты ў гэтым жыцьці...





Богусю ўжо амаль чатыры гады. Ён ходзіць у звычайны дзіцячы садок ля нашага дому на Лагойскім тракце. “Звычайны” — азначае “расейскамоўны”.





Мне не зусім даспадобы ідэя гадаваць дзіця ў нейкім штучна замкнёным беларускамоўным гета. Чым раней Богусь даведаецца, што акрамя беларускай існуюць і іншыя мовы, тым больш адэкватна ён успрыме гэты факт. Як у знакамітай показцы — “Куды ты падзенешся з падводнай лодкі?” Пытаньне толькі ў тым, як сябе паводзіць на гэтай субмарыне вар’яцкага жоўтага колеру.





У кампаніі расейскамоўных дарослых адна цётка, каб зьбянтэжыць Багусіка, кажа: “А я цябе не разумею. Я па-беларуску не разумею”. Богусь: “А ты што, расейка?”





Паўтара-два гады. Самы цяжкі пэрыяд — распазнаваньня словаў. Богусь нешта гаворыць і са слязьмі абураецца, калі яго не разумеюць. Бяром яго на рукі і просім паказаць, дзе гэта знаходзіцца. Так даведаліся, што “каханка” — гэта, аказваецца, шакалядка. Чалавеку паўтара году, а ён ужо каханку просіць! Іншыя прыклады пэрсанальнага слоўніка: напэўна — павэўна, таксі — каці, лічба — лібся, смакталка — маскалка, нюхаць — мухаць, птушкі — піпкі.





Воля тлумачыць Богусю пра нейкую кніжку: “Гэта не для дзетак. Гэта толькі для бацькоў”. — “Мама, а ты бацька?”





Богусь пайшоў у садок у год і 7 месяцаў. Выхавацелькі да ягонай беларускамоўнасьці адразу ж паставіліся вельмі прыязна. Мо таму, што з-за асаблівасьцяў рухомага і энэргічнага характару, білінгвізм даецца Богушу без заўважных праблемаў. Спачатку, прыйшоўшы з садка, ён пачынаў устаўляць расейскія словы ў сваю мову. Папраўлялі, тлумачылі, што гэта па-расейску, а па-беларуску во так.





Разуменьне, што ёсьць дзьве розныя мовы і іх ня трэба зьмешваць, прыйшло да Богуся даволі хутка.





Незнаёмая цёця на вуліцы: “Какой сімпатічный мальчік”. Богусь: “Я ня мальчік, я хлопчык”.





Адны знаёмыя распавядалі, што ў іхнай беларускамоўнай дачкі неяк было “заклінавала”. Яна раптам вырашыла, што беларуская мова — гэта мова мамы і таты, а з усім астатнім сьветам трэба гаварыць па-расейску. Прытым яна пачынала гаварыць па-расейску нават з “чужымі” беларускамоўнымі, якія прыходзілі да іх у дом. Празь пэўны час гэта прайшло.





Богусь прыйшоў у грамадзкую прыбіральню. Бачыць пісюары, кажа: “У мяне піся маленькая, я не дастану”. Узгадваецца мужчынскі жарт: “Не пераацэньвайце сябе, падыдзіце бліжэй да пісюара”.





У Богуша сытуацыя лепшая — вакол даволі шмат дарослых, якія гавораць зь ім па-беларуску: акрамя бацькоў, некаторыя сябры, у таты на працы, людзі на розных сьвятах і фэстах, спрабуюць бабуля і дзед, цётка ды большасьць сваякоў. Другая бабуля таксама спрабуе, але ня вельмі пасьпяхова, таму Богусь яе выпраўляе.





Праяжджаем у машыне мост церазь Сьвіслач, пытаемся Богуся: “Што гэта?” — “Лужына”.





Адзінае, што беларускамоўных дзетак Богусь вельмі рэдка сустракаў. Як бы ў яго не стварылася ўражаньне, што беларуская — гэта мова дарослых?





Ідзём па парку. Богусь: “Тата, хачу на ручкі!” —“Дойдзем да машыны, там я цябе вазьму”. Праз пару сэкунд: “Тата, ужо ДОЙДЗІЛІ”.





Часам даводзіцца прыдумляць уласныя словы, бо некаторыя прадметы ня маюць нейкіх замацаваных назваў. Напрыклад, такая маленькая дошка, на якой можна маляваць і потым адразу сьціраць. Як яе назваць? Зразумела, “малявалка”. Цукерачка, якую трэба смактаць, — “смакталка”. Ну і “галаваломку” (нейкая людажэрская, садысцкая назва), якую цяпер усё часьцей называюць ангельскім словам “пазл”, мы ахрысьцілі “складалачкай”.





Мне стала цікава, на якой мове Богуш гаворыць у садку. Дома ад яго чуеш толькі беларускую, але я цьмяна здагадваўся, што па-расейску ён таксама ўмее. Падабраўся я неяк да садочка, калі дзеткі на дварэ гулялі, прыслухаўся.





— Мама, а што ты робіш?





— Фарбую тварык.





— А што, у цябе тварыка няма?





Та-ак, гаворыць маё дзіця на чысьцюткай расейскай мове, нават без акцэнту. Пытаюся потым: “Богусь, а чаму ты зь дзеткамі па-беларуску не гаворыш?” — “А яны мяне не разумеюць!”





На дадзены момант у Богуша нейкая радыкальная форма “тарашкевіцы”. Ён кажа — “вавёркаў”, “дзеткаў”, “чалавекаў”, “машынкаў” і г.д. Пакуль канчаткі не папраўляем.





Богусь глядзіць на факіра, які “глытае” агонь. Кажа: “У дзядзі жывоцік будзе балець ад агоня”.





А вось як Богусь утварае загадны лад дзеяслова: “Не сьмяіся”, “не пяяй”. Таксама і галосныя ня хочуць уцякаць, калі патрэбна: “леў” — “левы” (а ня “львы”): “Тата, а левы ня будуць крыўдзіцца, што мы прыйшлі на іх паглядзець?”





Увесь мінулы час у Богуся доўга называўся словам “учора”. Вечарамі пытаецца: “Мама, ня цёмна?” “Цёмна” для яго — “страшна”. Бо мы палохаем, што ўвечары ходзяць дракошы і могуць забраць хлопчыка, які ня хоча спаць.





Богусь есьць марозіва. Я кажу: “Пакінь мне”. — “Добра. Я даем і потым пакіну”.





Значную частку жыцьця Богусь праводзіць у аўтамабілі. Ну і, вядома, моўна ўзбагачаецца. Едзе мама за рулём, сварыцца на кагосьці: “Куды ты едзеш?!” Богуш падказвае: “Мама, скажы дзядзю, што ён прыдурак”… Хоць часьцей Богусь нас за рулём выхоўвае: “Тата, нельга такія словы казаць”.





Неяк Богусь кажа: “Пайшлі ў рэстаранчык”. — “Не, Богусь, мы ўчора былі”. — “Хачу ў рэстаранчык”.—“Богусь, мы ня можам часта ў рэстаранчык хадзіць — тады ня будзе грошай на цацкі”. — “Мне ня трэба цацак, хачу ў рэстаранчык”.





У тры з паловай гады ў Богуша зьявілася незвычайная мара: “Хачу пакатацца на трамвайчыку”. Ну, экзотыка такая. Прыйшлося пракаціць.





Богусь любіць схавацца пад коўдрай і крычаць: “Мяне няма!” Я кажу: “Акудовіч ты наш”.





Год таму Богусеву групу ў садочку раптоўна вырашылі зрабіць беларускамоўнай. Гэткая рэбеларусізацыя позьняга лукашызму. Напэўна, прыйшла з РАА адпаведная паперка, і, калі паўстала пытаньне, якую групу ў садку кінуць пад танк беларусізацыі, сумневаў не ўзьнікала — вядома, сёмую, тую, дзе Богусь. Цяпер усе дзеткі ў групе кажуць “добрай раніцы” і “да пабачэньня”, а на сьцяне па-беларуску напісаны расклад дня. Беларускай мовы ў групе ўсё больш, а калі выхавацелькі нешта забываюць, яны заўсёды могуць спытацца ў Богуся. Такія выпадкі ўжо былі.





Запомніце: вашае беларускамоўнае дзіця заўсёды міжволі выступае самым пераканаўчым і эфэктыўным вашым паплечнікам. Мы, дарослыя, не заўсёды пасьлядоўныя ў сваёй беларускамоўнасьці, але дзеці дапамагаюць нам быць самімі сабой. Вы гаворыце зь ім па-беларуску і ставіце тым самым усё навакольнае асяродзьдзе перад гэтым фактам: “Так, мы такія, што з гэтым зробіш”.





Прывялі Богуша ў нядзельную расейскамоўную школку. Даведаліся пра ўмовы, заняткі, расклад. Выслухаўшы ўсё гэта, Воля кажа, што ёсьць адна акалічнасьць — Богуш хлопчык беларускамоўны. Дырэктарка супакойвае: “Нічога страшнага!”





Вось і мы думаем — нічога страшнага.





Віталь ЦЫГАНКОЎ, "Наша ніва"